На вышыні. Кропка на карце: Шчаснавічы

Так пазначана найвышэйшая кропка нашага раёна.

Месца тут асаблівае. Ужо нават з той нагоды, што каля вёскі Шчаснавічы знаходзіцца самая высокая кропка раёна – 253,3 метра над узроўнем мора. Для параўнання: самая нізкая кропка непадалёку ад вёскі Тухавічы – 150,3 метра над узроўнем мора.

Назва вёскі сцвярджае: тут шчасце жыве, трэба толькі яго разгледзець…
А прыезджаму чалавеку, калі давядзецца паблукаць па гэтых прыгожых мясцінах, палюбавацца на наваколле з самай высокай кропкі раёна, якую пазначылі вялізарным камнем, пагутарыць з жыхарамі Шчаснавіч, паслухаць іх успаміны, пакаштаваць мёду з мясцовага пчальніка, адразу становіцца зразумелым: сапраўды, гэтае месца асаблівае, і шчасце яго ў тутэйшых людзях – заўзятых працаўніках, дбайных, руплівых, гаспадарлівых, мудрых.

…Каб і не ведаў, здагадаўся б, што тут жыве стараста вёскі: дагледжаны дом з блакітнымі аканіцамі, з мудрагелістай кованкай на веснічках, добраўпарадкаваная сядзіба, утульнасць якой надае вінаградная лаза, што ўтварыла навес-альтанку. Кусты гартэнзій, клапатліва падрыхтаваныя да зімы, мноства іншых дэкаратыўных раслін. Нават асенняй смугой сядзіба Адамовічаў выглядае прыветна. Магчыма, яшчэ і таму, што гаспадары яе вельмі добразычлівыя і шчырыя людзі.

– Заходзьце, заходзьце, калі ласка, – шырока расчыніў дзверы ў хату Яўгеній Іванавіч. А там ужо і гаспадыня сустракае – Яўгенія Аркадзьеўна:

–  Мы заўсёды рады гасцям…

Паплыла размовава – даверлівая, шчырая, з успамінамі і параўнаннямі колішняга і сённяшняга. Некалі ў Шчаснавічах было за 100 двароў. Вяселлі, народзіны святкавалі з размахам, весела. Гэтак жа і працавалі – рэкорды ставілі і даяркі, і паляводы, племзавод “Нача” быў пастаянным удзельнікам ВДНГ у Маскве. Яўгеній Адамовіч працаваў шафёрам на грузавіку “ГАЗ-51”, вельмі запатрабаваным у гаспадарцы. А Яўгенія Аркадзьеўна была медсястрой у дзіцячым аддзяленні райбальніцы. Пажаніцца, відаць, было наканавана, бо, як жартуюць, нават імя было адно на дваіх. У Шчаснавічах Яўгенія Аркадзьеўна стала працаваць патранажнай медсястрой, адпускала фізіяпрацэдуры. Выгадавалі з мужам дзвюх дачок, адна з іх – Вольга – як і мама – медсястра, другая – Ірына – настаўніца. Нядаўна ў сям’і Адамовічаў зноў было вяселле, ды не простае, а залатое: 50 гадоў разам крочаць па жыцці Яўгеній і Яўгенія.

Сапраўды, у   нас тут шчаслівае месца, бо што ні хата, усё добрыя людзі жывуць, – дзеліцца думкамі стараста. – Шчырыя, працай вядомыя. Адзін недахоп – гады бягуць няўмольна. Таму, калі некаму патрэбна дапамога, пакуль сам магу, стараюся не адмовіць. Цяпер, у асноўным, гэта дастаўка паліва,  вясной – апрацоўка агародаў. Людзі ў нас такія, што хоць і ў гадах, а  сядзець без работы ніхто не будзе – загартаваныя. Вось хоць бы Марыя Казакевіч, былая даярка, пасля загадчыца Шчаснавіцкай МТФ, імя якой некалі было вядома далёка за межамі раёна…

Марыя Пятроўна якраз мыла падлогу, прыбірала хату, расчырванелася завіхаючыся:

– Нібы ведала, што госці на парог, – весела прывеціла і запрасіла нечаканых наведвальнікаў. – Як жывецца, пытаецеся? У Шчаснавічах інакш нельга – шчасліва.

Больш як 3 дзясяткі гадоў гаспадыня працавала даяркай. Гэта яна была першай пяцітысячніцай у раёне, на якую раўняліся ўсе працаўніцы, яе работа адзначана    Граматай Вярхоўнага Савета БССР, о рдэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Марыя Пятроўна пабывала і на розных выставах, удзельнічала ў спаборніцтвах.

У адной з гаспадарак Камянецкага раёна праходзіў конкурс даярак, на які адправілі і мяне. З усёй вобласці прыехалі працаўніцы, усе ў суправаджэнні галоўных спецыялістаў, са сваімі даільнымі апаратамі, а я адна з пустымі рукамі. На самазвале мяне падвезлі, мімаходам. Спачатку разгубілася, думала назад вярнуцца, ды не было на чым. А тут вызначылі групу кароў, якіх буду даіць на конкурсе.     Пазнаёмілася з даяркай – гаспадыняй гэтых рагуляў, разгаварыліся, яна мне і апараты свае прынесла, і спецадзенне, і ўсё неабходнае. А назаўтра я выйграла спаборніцтвы, заняла першае месца ў вобласці і атрымала ў падарунак дыван, гадзіннік з боем, яшчэ і грашовую прэмію. І расплакалася, маўляў, не вазьму     ніякіх падарункаў, бо     няма на  чым дадому завезці…Глядзяць вяскоўцы, што гэта за “Волга” едзе па вёсцы. А гэта мяне везлі дадому – на машыне старшыні аблвыканкама. Быў той выпадак навукай кіраўніцтву нашай гаспадаркі…

Марыя Пятроўна шмат яшчэ расказала гісторый, прыгадала і пра тое, што найбольшае ўражанне засталося ў яе ад сустрэчы з Пятром Машэравым, які асабіста ўручаў ёй ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, а пасля цікавіўся жыццём-быццём…

Сярод пустуючых хатаў, шэрых і непрыветных, выдзяляецца свежапафарбаваны домік Алены Жук. Жанчына дрэнна бачыць, але жыве адна. Праўда, адна ў будныя дні, а на выхадныя абавязкова прыязджаюць дзеці, найчасцей   Пятро, бо жыве паблізу – у Жарабковічах. А там і дачка Надзея з Брэста наведаецца, яшчэ адзін сын – Аляксандр – з Мінска. Усе клічуць маму да сябе, а яна нібы прырасла да роднага дома.

Усё тут зроблена сваімі рукамі, здабыта сваёй працай, таму, відаць, і не адпускае, – гаворыць Алена Іосіфаўна. – Некалі ў 17 гадоў выйшла замуж, пайшла працаваць на ферму даяркай, разам з мужам і хату будавалі, і дзяцей вучылі. Хоць цяжка было, але адчувалі сябе шчаслівымі. А сёння што трэба? Толькі перад вашым прыходам фельчар наведвалася, тройчы на тыдзень аўталаўка прыязджае, калі што – тэлефон пад рукой, старасту званю. Як бы там ні было, у сваёй хаце і сцены дапамагаюць…

Такой жа думкі прытрымліваецца і Сямён Трус, які некалі працаваў конюхам у племзаводзе ”Нача”. Але памятае ён і сваю першую калектыўную гаспадарку – калгас “Новы шлях”, створаны ў 50-я гады мінулага стагоддзя, і які ўзначальваў аднавясковец Іван Папко. Да Шчаснавіч неўзабаве былі далучаны суседнія вёскі Перахрэсце, Пашкоўцы, Рачканы.

– Ох і шмат людзей было ў нас! Капаць бульбу выходзілі 70 і больш жанчын, мы ледзь паспявалі коньмі разворваць барозны, – успамінае Сямён Віктаравіч. – Ці лён рваць, ці буракі палоць – з песнямі, з радасцю, вядома, маладымі былі…

А сёння да Сямёна Віктаравіча, які застаўся адзін, вярнулася з горада дачка Валянціна. Не часова, а назаўсёды, бо, як прызнаецца, цягне родны дом нябачнымі каранямі, толькі тут яна па-сапраўднаму адпачывае душой, хоць працаваць даводзіцца нямала.

– Ды ў радасць усё: і пчальнік бацькаў, дзе з задавальненнем дапамагаю яму, і агарод, які апрацоўваю сама. Каня трымаем – падмога і сабе, і вяскоўцам. Дзеці, унукі едуць сюды з радасцю. Я                    люблю сваю вёску…

За навінамі выйшаў з хаты і Юльян Булат, які таксама жыве адзін, але адзінокім сябе не лічыць: дзеці едуць, вяскоўцы побач, зноў жа, калі праблемы – да старасты, які ніколі не адмовіць. Ды і сам ён яшчэ чалавек дужы. Праўда, ужо не можа, як раней, вывесці свой трактар (сам некалі сабраў)   у поле, але на скутары паедзе і ў Начу, калі трэба, да дачкі ў Канюхі, ды і ў Ляхавічы. Бывае іншы раз сумна: вядома з той вялізарнай вёскі засталося толькі 15 двароў, дзе ёсць яшчэ пастаянныя гаспадары, цяпер тут пражывае ўсяго 23 чалавекі. Праўда, летам насельніцтва павялічваецца: прыязджаюць дзеці ў сядзібы бацькоў, памятаюць, адкуль яны родам. Бо, як упэўнены Юльян Міхайлавіч, нельга не любіць свой куточак зямлі, дзе нарадзіўся.

А з самай высокай кропкі, што адразу за Шчаснавічамі, пераконвае Юльян Булат, надвячоркам з аднаго боку відаць, як свецяцца агнямі Ляхавічы, а з другога – Клецк. І здаецца, што ўсё так блізка…

Аліна ЛАПІЧ.

Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Алена Жук.

Марыя Казакевіч.

Яўгеній і Яўгенія Адамовічы.

Сямён Трус і яго дачка Валянціна.

Юльян Булат.

One thought on “На вышыні. Кропка на карце: Шчаснавічы

  • 28/11/2016 в 23:33
    Permalink

    З цікавасцю заўсёды чытаю вашы «кропкі», завочна знаёмлюся з іх жыхарамі. Ад іх вее такой шчырасцю і дабрынёй, што хочацца сабраць рэчы і адправіцца ў падарожжа па вёсках.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *