Дзіцячыя гульні для дарослых

У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” прайшоў  рэспубліканскі конкурс  гульнявых праектаў “Гуляюць дзеці – гуляем мы”. Сёлета ён праводзіўся 12-ты  раз.

– А цяпер паспрабуйце па першых пазлах фотаздымкаў назваць прозвішчы вядомых беларускіх спартсменаў, – з такім неардынарным заданнем звярнуліся да аўдыторыі падчас прэзентацыі сваёй праграмы “БРСМ, ці Будучыню Радзімы будаваць маладым” культарганізатар Ляхавіцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Аляксандр Стэцко і педагог-арганізатар СШ № 1 Алена Плескацэвіч (на здымку). Рабяты, адпачываючыя ў дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, прынялі прапанову з непадробным інтарэсам, і хаця з цяжкасцю, але ўсё ж назвалі “зашыфраваных”: тэнісістаў Вікторыю Азаранка і Максіма Мірнага, біятланістку Дар’ю Домрачаву, хакеіста Аляксея Калюжнага.

Справіліся старшакласнікі і яшчэ з адной загадкай: па фотаздымках помнікаў і гістарычных мясцін назваць горад, у якім яны знаходзяцца. Наогул, сваё педагагічнае майстэрства і арганізатарскія здольнасці на конкурсе прадставілі 16 каманд з розных рэгіёнаў краіны.

І рабяты, якія адпачывалі на змене, і прадстаўнічае журы высока ацанілі праграму ляхавіцкіх педагогаў, іх уменне працаваць з залай, сцэнічную культуру і акцёрскія даныя. У нашых – дыплом ІІІ ступені Міністэрства адукацыі Беларусі.

Ехалі ў “Зубраня” і недзе там, у глыбіні душы, спадзяваліся, што журы заўважыць нас. Хаця, канешне, галоўнае – рэакцыя і зацікаўленасць тых, для каго ўсё і задумвалася, – хлопчыкаў і дзяўчынак. Безумоўна, рады і прызавому месцу, і таму, што ўсё склалася. Уражанні ад шоу самыя яскравыя, – расказвае Аляксандр Стэцко.

Гэта не першая творчая перамога ў “Зубраняці” крэатыўных ляхавіцкіх арганізатараў вольнага часу дзяцей і падлеткаў. Летась праект “Кніга магіі, ці Тайны дзіцячага чарадзейства”, які Аляксандр Стэцко прадставіў разам з калегамі з ЦДАДіМ, быў удастоены дыплома Міністэрства адукацыі ў намінацыі “За арыгінальнасць сцэнарнай ідэі”.

Дарэчы, для Аляксандра Нацыянальны адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” калісьці быў другім домам, тут ён працаваў па размеркаванні пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Для мяне ўдзел у такіх мерапрыемствах – дэбют. І, канешне, вельмі рада, што ён удаўся. Выступаць перад такой вялікай і амаль што незнаёмай дзіцячай аўдыторыяй не так і проста. Мы з Аляксандрам доўга працавалі над праграмай, абмяркоўвалі розныя ідэі, а, як вядома, у спрэчцы нараджаецца ісціна. Прыйшлася даспадобы праграма і рабятам – пацвярджэнне чаму іх актыўная падтрымка, – дзеліцца ўражаннямі Алена Плескацэвіч.

Для яе гэты навучальны год – першы ў роднай школе (яна выпускніца СШ № 1 2010 года) у якасці педагога-арганізатара. І нават за гэты кароткі тэрмін, як прызнаецца сама, паспела палюбіць сваю вельмі неспакойную прафесію:

– З хлопчыкамі і дзяўчынкамі вельмі цікава, яны не даюць сумаваць. Даводзіцца пастаянна шукаць новыя формы, ідэі, развівацца інтэлектуальна самой. Добры багаж тэарэтычных ведаў атрымала ў час вучобы ў Беларускім дзяржаўным педуніверсітэце імя Максіма Танка, у практыцы вельмі дапамагаюць мае настаўнікі – цяпер калегі.

Дарэчы, не толькі адпачываючыя ў “Зубраняці” змаглі стаць гледачамі і ўдзельнікамі праграмы. Аляксандр і Алена неаднойчы яшчэ пакажуць яе і рабятам з розных школ Ляхавіцкага раёна. У планах на год наступны – яшчэ раз паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе і замахнуцца на першае месца.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *