Эканамічныя прыкметы восені

Адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Тэкст праекта рашэння быў пленарна агучаны, і гэта новаўвядзенне ўспрымаецца ў якасці важнага рабочага моманту, які паабяцана зрабіць традыцыйнай практыкай.
Але ж змесцім акцэнт увагі да пытанняў парадку дня. Першае і галоўнае з  іх – эканоміка-гаспадарчы зрэз восені – вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выканання бюджэту за 9 месяцаў года.
Перыяд важны, у многім паказальны і дастаткова інфармацыйны: вынікі дзевяцімесячнай работы служаць ужо сур’ёзнай базай, абапіраючыся на якую можна прагназаваць і гадавую эканоміку раёна. З улікам, канешне, пэўных каэфіцыентаў, дапушчэнняў, тэндэнцыі, дынамікі развіцця і іншага. Што да апошняга, то, па словах галоўнага дакладчыка па пытанні намесніка старшыні райвыканкама  Таццяны Кацуба, за 9 месяцаў большасць паказчыкаў, якія характарызуюць развіццё эканомікі Ляхавіцкага раёна, маюць станоўчую дынаміку.
У якасці асноўнага пазітыву адзначаецца рост вытворчасці прамысловай прадукцыі як у натуральным выражэнні, так і ў пераразліку на фактычныя цэны. Нашы прамыслоўцы спрацавалі з “бонусам” у параўнанні з тым жа перыядам года мінулага. Што яшчэ важна, назваць іх работу работай на склад ніяк не выпадае, паколькі фактычны “прамсклад” раёна вельмі істотна адстае ад нарматыўных 55 працэнтаў сярэднямесячных вытворчых аб’ёмаў.
Адной з прыярытэтных характарыстык паспяховасці любой эканомікі з’яўляецца паказчык яе ж экспартнай актыўнасці.  Пры адначасова максімальнай імпартнай стрыманасці. Дык вось, розніца паміж адпраўленым з раёна за мяжу і атрыманым ад замежнікаў характарызуецца істотным і цвёрдым плюсам. Сказанае справядліва ў адносінах і тавараў, і паслуг. Так, у параўнанні са справаздачным перыядам года мінулага, у экспарце паслуг Ляхавіччына вырасла больш чым удвая. На 10,4 мільёна долараў ЗША пайшло за граніцу тавараў ляхавіцкай вытворчасці, што на 6,2 мільёна больш там купленых.
Але ёсць нюанс, які не дазваляе гаварыць пра выкананне прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна прагнознага экспартнага паказчыка. Назва яго ТАА “ТМТ”. Некалі сталічнае і ў той час экспартнапаспяховае прадпрыемства з нядаўняга часу перарэгістравалася ў Ляхавічах. Тым самым “прывезла” ў раён і сваю мінулагоднюю экспартную  базу. А ў 2016-м знешнегандлёвы вектар у металургаў не пайшоў – ледзь-ледзь абазначыўся. 3,1 леташніх мільёна долараў і ўсяго толькі 223 тысячы сёлета. Але ёсць дынаміка, якая ў выпадку нязменнасці абяцае да завяршэння года вывесці нашых экспарцёраў на прагнозную лічбу. Ці максімальна да яе наблізіцца.
У якіх частках свету прадукцыя ляхавіцкіх вытворцаў мае найлепшыя каціроўкі?   Ды хоць бы ў краінах Еўрасаюза – Германіі, Польшчы, Даніі, Галандыі, Літвы, у далёкім Кітаі, блізкай Расіі – у найбольшай ступені.
У значнай ступені эканамічны патэнцыял раёна расце ў полі. У самым прамым сэнсе, на самым звычайным сельскагаспадарчым палетку. Сёлета ён – палетак – быў таксама шчодры, але не ў такой ступені, як летась. Каласавыя зерневыя далі меншую ўраджайнасць, рапс не парадаваў. Земляробаў “падвёў” іх спрадвечны і адзін з галоўных партнёраў – надвор’е. Вам яшчэ памятна лета – наліўны для коласа час? А які наліў, калі безвільготная гарачыня.
На гандаль можна паглядзець з двух бакоў. Па-першае, дзякуючы яму ў значнай ступені фарміруецца эканоміка як галіны, так і рэгіёна ў цэлым. Па-другое, ён можа разглядацца і ў якасці індыкатара стану эканомікі ў цэлым. Што датычыць заработнай платы, то зарабляць працаўнікі Ляхавіччыны ў гэтым годзе больш не сталі. Відавочна, што і ў гэтым заключаецца адна з прычын падзення на справа-здачным адрэзку часу паказчыка рознічнага тавараабароту. “Змінусавалі” і райпо, так званы неарганізаваны рынак і гандляры маторным палівам. Пры гэтым адзначаецца, што на харчовых таварах нашы землякі эканоміць не лічаць патрэбным. А вось да тавараў нехарчовай групы інтарэс людзей некалькі ўпаў.
І яшчэ раз пра інавацыі ў першачарговым значэнні слова. Дастаткова інтэнсіўная размова пра гэта вялася ў ходзе самога пасяджэння. Адзіным у раёне вытворцам інавацыйнай прадукцыі прызнаны ТАА “Трансэлектракамплект”. Стаць ўпоравень з ім – задача астатніх. Гэта     патрабаванне часу, рынку, а не выканаўчага органа.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *