Новы год пачынаецца ў верасні

Чарговыя летнія канікулы засталіся ўжо ў мінулым. Урачыстая лінейка, першавераснёўскі званок – і наперадзе чатыры навучальныя чвэрці, напоўненыя змястоўным і насычаным школьным жыццём.

Напярэдадні новага навучальнага года на “прамой лініі “ЛВ” чарговы раз адказвала на актуальныя пытанні землякоў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана  ЮРЛЕВІЧ.

– Скажыце, калі ласка,

Святлана Іванаўна, патрабаванні да адзення школьнікаў у гэтым навучальным годзе не змяніліся? Ці абавязкова вучню пачатковых класаў хадзіць у школу ў касцюме?

Жыхарка г. Ляхавічы.

– Патрабаванні да школьнага адзення засталіся ранейшымі. Усім вучням – ад 1 да 11 класаў – рэкамендавана прытрымлівацца ў ім дзелавога стылю.

Дарэчы, для хлопчыка гэта не абавязкова класічны касцюм – пінжак і штаны. Сёння прапануецца каля 190 мадэляў школьнага адзення для хлопчыкаў і 200 мадэляў – для дзяўчынак. З такой разнастайнасці, я думаю, можна падабраць штосьці, што будзе падабацца вам і вашаму сыну.

Магчыма, вас зацікавіць такая інфармацыя: узоры мадэляў  адзення дзелавога стылю размешчаны на сайтах канцэрна “Беллегпрам” (www.bellegprom.by) і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (www.minedu.unibel.by).

Пытанне ад “ЛВ”:

– З 1 верасня ўступіў у дзеянне Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Якія самыя істотныя змены гэты дакумент прынёс у школьнае жыццё?

– У Кодэксе аб адукацыі дакладна прапісаны правы і абавязкі педагогаў і навучэнцаў, ахоплены ўсе сферы школьнага жыцця – ад навучальнага працэсу да харчавання, аховы здароўя і г.д. У тым ліку акрэслены і па-трабаванні да назваў устаноў адукацыі, сярэднія агульнаадукацыйныя школы, напрыклад, зноў стануць проста СШ. Сёння прыводзяцца ў адпаведнасць з кодэксам найменні, статуты …

Безумоўна, зусім новае і тое, што ў кодэксе заканадаўча прапісана пытанне аб дысцыплінарнай адказнасці навучэнцаў. Яна наступае з 14 гадоў. Прыцягнуць да адказнасці ў школе могуць за спазненне або няяўку без уважлiвых прычын на заняткі; парушэнні дысцыпліны; незахаванне рэжыму рабочага часу ў перыяд праходжання практыкі; невыкананне без уважлівых прычын законнага патрабавання педработніка; абразу ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу; распаўсюджванне інфармацыі, якая наносіць шкоду здароўю навучэнцаў; псаванне будынкаў, збудаванняў, абсталявання або іншай маёмасці ўстановы адукацыі; невыкананне або парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб ахове здароўя, пажарнай бяспекі; ужыванне алкаголю або наркотыкаў, курэнне на тэрыторыі ўстановы адукацыі.

Меры дысцыплінарнага спагнання – заўвага, вымова і адлічэнне. Апошняе можа быць прыменена толькі да навучэнцаў, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту і атрымалі базавую адукацыю.

З навучэнцамі ва ўзросце да 14 гадоў за названыя парушэнні могуць праводзіцца гутаркі, абмеркаванне на педсавеце, а таксама прымяняцца іншыя меры педагагічнага ўздзеяння, якія не супярэчаць заканадаўству.

– Дзень добры. Скажыце,

калі ласка, ці будуць у дзіцячым садзе № 1 заменены вокны?

Бацькі выхаванцаў ясляў- сада № 1 г. Ляхавічы.

– Сёння ўстаноўка вокнаў ва ўстановах адукацыі ідзе планава і паэтапна. Галоўны крытэрый для замены – незахаванне тэмпературнага рэжыму ў памяшканнях. За апошнія 5 гадоў у 17 установах адукацыі (а гэта 37 працэнтаў ад агульнай колькасці) вокны заменены    поўнасцю, яшчэ ў 5 – часткова.

Што датычыць ясляў-сада № 1 і № 3 у Ляхавічах, то ў іх замена вокнаў таксама плануецца, ужо выраблена праектна-каштарысная дакументацыя.

– Растлумачце, калі ласка,

такую сітуацыю. У сям’і трое дзяцей, старэйшае школу ўжо закончыла, але 18 гадоў пакуль не дасягнула. Ці будуць на малодшых – школьніка і дашкольніка – распаўсюджвацца льготы па аплаце падручнікаў і харчавання ў школе і дзіцячым садзе?

Жыхарка г. Ляхавічы.

– Давайце па парадку.

Што датычыць падручнікаў, то сёлета, як і ў папярэднія гады, усе бацькі аплацяць толькі частку сумы за карыстанне падручнікамі. Плата (ужо з улікам 50-працэнтнай скідкі ад агульнай сумы) складзе ад 14,5 да 41 тысячы рублёў у залежнасці ад класа. Частка дзяцей будзе карыстацца падручнікамі бясплатна (рабяты з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сіроты, інваліды і некаторыя іншыя катэгорыі навучэнцаў). Палову ад патрэбнай сумы павінны будуць заплаціць бацькі, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Такім чынам, ваша сям’я, у якой адно дзіця стала студэнтам, пад гэтую катэгорыю ўжо не трапляе.

Цяпер што датычыць харчавання. Для школьнікаў з мнагадзетнай сям’і аплата за харчаванне змяншаецца на 50 працэнтаў. Гэта льгота распаўсюджваецца да таго часу, пакуль сям’я мае статус мнагадзетнай.

У дашкольных установах аплата за харчаванне змяншаецца на 50 працэнтаў для сем’яў, якія маюць трох і больш дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту (школьнікаў).

Дарэчы, у гэтым навучальным годзе адбыліся пэўныя змены ў арганізацыі харчавання дашкольнікаў.  У прыватнасці, выраслі грашовыя нормы расходаў на харчаванне, пры гэтым бацькоўская аплата знізілася з 60 да 40 працэнтаў ад грашовых нормаў. Цяпер штодзённая плата за харчаванне дзяцей ад 1 да 3 гадоў складае 1832 рублі, ад 3 да 6 гадоў – 2372 рублі.

Пытанне ад “ЛВ”:

– Якія яшчэ новаўвядзенні прынясе школе гэты навучальны год?

– На працягу некалькіх гадоў у краіне праходзіў эксперымент па невыстаўленні адзнак у 3-4 класах па навучальных прадметах “музыка”, “выяўленчае мастацтва”, “працоўнае навучанне”, “фізічная культура і здароўе”. У 2011/2012 навучальным годзе яго вынікі плануецца прымяніць ва ўсіх школах: атэстацыя вучняў 3 класаў па згаданых вучэбных прадметах будзе ажыццяўляцца на змястоўна-ацэначнай аснове, якая прадугледжвае ацэнку дасягненняў вучняў на словах, без выстаўлення адзнак у балах. У наступным навучальным годзе плануецца пераход на навучанне без адзнак па вышэйзгаданых прадметах і ў 4 класе.

На “прамой лініі”
працавала Святлана БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *