Трэці бок медаля. Шчыра віншуем з заслужанай узнагародай!


24 лістапада Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь   Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 427 аб узнагароджанні шэрага работнікаў дзяржаўнымі ўзнагародамі. Сярод тых, чыя плённая праца адзначана медалём “За працоўныя заслугі”, і наш зямляк – начальнік транспартнага ўчастка ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” Аляксандр Свінабурка.
Аверс у асаблівай ступені, рэверс больш стрымана, не так багата і менш  інфарматыўна, але кожны з двух бакоў любога медаля – суцэльны бляск, іскрыстая святочнасць. А калі і не, то абавязковая ўрачыстасць. Што лагічна, улічваючы “зорны” статус як самога гэтага прадмета, так і яго ўладальніка.
Але ж дабавім свайму погляду глыбіні, і з усёй шчырасцю, рэльефнай выразнасцю перад вачамі ўзнікне трэці бок медаля. Там усё “завязана” на працы, звязана з работай, службай, паўсядзённым шчыраваннем на карысць дзяржавы, прадпрыемства, сябе. Часта – не зважаючы на выхадныя і святочныя дні, працягласць працоўнага часу.
Усё гэта – і пра начальніка транспартнага ўчастка ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” Аляксандра Свінабурку, адзначанага медалём “За працоўныя заслугі”.
Аўтамабілі, трактары, самаходная льнотэхніка, магутны шлейф навясных-прычапных агрэгатаў і асобныя іншыя вытворчыя фонды ўтвараюць гаспадарку транспартнага ўчастка. Не адзін і не тры дзясяткі машын, некаторыя з іх – інжынерны эксклюзіў у маштабах раёна. І ўвесь гэты жалезны караван неабходна трымаць у тонусе. Пачынаючы з ранняй вясны і да позняй восені – рашэнне палявых задач, паспяховасць якіх ці не ў першую чаргу залежыць ад бесперабойнай работы механікі. І механікаў. Кароткі міжсезонны перыяд – напружаныя рамонтна-прафілактычныя клопаты. На льнозаводзе – пад кіраўніцтвам, а нярэдка і пры непасрэдным удзеле начальніка ўчастка Аляксандра Свінабуркі.
Адказны, дысцыплінаваны, сціплы па характары, але і не без жорсткай патрабавальнасці да сябе і, там дзе інакш нельга, да сваіх падначаленых. Прыкладна такую характарыстыку даў Аляксандру Мікалаевічу дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *