Вы яшчэ без поліса? Мы ідзём да вас!

Дырэктар прадстаўніцтва Іна Шугаева (справа) і вядучы спецыяліст Марыя Клапаток.

Слоганам “Адчуйце асалоду спакою!”  сустракае сваіх кліентаў Белдзяржстрах.  Спакой за бяспеку і здароўе родных, за ўласны дом і маёмасць – менавіта гэта дае нам саюз са  страхавой кампаніяй. Заключаны дагавор выступае своеасаблівай ”падушкай”, якая  змякчае  падзенне ў выпадку непрыемных жыццёвых сюрпрызаў  і  няпростых сітуацый. Жыццё пацвярджае  – той, хто аказаўся прадбачлівым  і набыў поліс страхавання, заўсёды ў   выйгрышы. Затапілі суседзі, зламыснікі ўкралі тэлефон ці іншы гаджэт, напаткала  траўма – Белдзяржстрах у межах дагавора кампенсуе страты сваім кліентам.

Адлік дзейнасці кампанія пачала ў 1921 годзе з падпісанага дэкрэта Саўнаркама “Аб арганізацыі дзяржаўнага маёмаснага страхавання”. А 3 снежня Белдзяржстрах адзначыць 95-годдзе. Салідная дата, якая дэманструе вопыт, традыцыі і патэнцыял сур’ёзнай арганізацыі.

Прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Ляхавіцкім раёне маладзейшае за свайго родапачынальніка на 28 гадоў. Але “недабор” па ўзросце зусім не адбіваецца на прафесіяналізме зладжанай каманды. Тутэйшыя работнікі – высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія працуюць для сваіх кліентаў, стаяць на варце іх інтарэсаў. Пацвярджэнне таму – занясенне калектыву на рэспубліканскую Дошку гонару Белдзяржстраха па выніках работы за 2014 і 2015 гады, а партрэта дырэктара прадстаўніцтва Іны Шугаевай – на Дошку гонару філіяла Белдзяржстраха па Брэсцкай вобласці. Нядаўна Іну Станіславаўну за плённую, добрасумленную працу, дасягненне высокіх паказчыкаў узнагародзілі граматай Беларускага рэспубліканскага ўнітарнага страхавога прадпрыемства «Белдзяржстрах».

Дырэктарствуе Іна Шугаева пяты год. Адукацыя эканаміста, веданне спецыфікі продажу і нюансаў дзейнасці прадпрыемстваў розных формаў уласнасці – выдатная падтрымка ў рабоце.

Піянерам-пачынальнікам страхавой справы ў нашым раёне ў 1949 годзе быў Сяргей Здановіч. Тады пад-ведамасная яму арганізацыя называлася інспекцыяй дзяржаўнага страхавання. 18 гадоў узначальваў калектыў Станіслаў Пілінога. Амаль 3 дзесяцігоддзі стаяў ля руля Анатолій Жарнак. Анатолій Аляксандравіч узгадвае, як развівалася страхавая справа напрыканцы 80-х – на пачатку 90-х, як унікаў у работу, падбіраў кадры. Паступова прыйшлі і поспехі. На добрым рахунку былі ў вобласці, сярод лепшых – і ў рэспубліцы. З цеплынёй успамінае былых калег – спецыялістаў Людмілу Долмат, Святлану Кайгародаву, страхавых агентаў Зінаіду Васілеўскую і Ніну Ксёнжык.

Для Ніны Васільеўны Белдзяржстрах стаў справай жыцця, хаця трапіла сюды выпадкова. Працавала з аддачай, імкнулася не проста выканаць план, але быць карыснай землякам. Яшчэ да сямі гадзін раніцы яна накіроўвалася на рэйсавым аўтобусе ў Хацяж, адтуль да Стараселля некалькі кіламетраў пешшу – 16 вёсак трэба было абысці. Энергічная і старанная, яна знаходзіла разуменне з кожным. За гэта паважалі, цанілі і кліенты, і калегі. На пенсію страхавы агент пай-шла ў 69 гадоў. Але і сёння з задавальненнем гатова дзяліцца вопытам.

Ветэраны-пенсіянеры арганізацыі – яе залаты фонд. Іх не забываюць, шануюць і заўсёды рады сустрэчы.10 спецыялістаў і 13 страхавых агентаў прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Ляхавіцкім раёне – згуртаваны калектыў, сплаў вопыту і ведаў. Саюз Белдзяржстраха і вядучага спецыяліста Марыі Клапаток паспяхова доўжыцца 36 гадоў. Марыя Мікалаеўна – знаток сваёй справы, не скупіцца на парады і заўсёды падказвае вый-сце са складаных сітуацый менш вопытным калегам.

Больш за 3 дзесяцігоддзі ў прафесіі страхавы агент Святлана Аніскевіч. Яе зона адказнасці – Востраўскі і Крывошынскі сельсаветы. Тут жа працуе і калега Тамара Алексіч. Добразычлівыя і адказныя, яны сталі сапраўднымі экспертамі ў распаўсюджанні страхавых паслуг.

Вольга Гнацюк цікава прэзентуе напрацоўкі і навінкі кампаніі, падказвае, на чым спыніць увагу. У мінулым годзе ў абласным конкурсе “Лепшы па прафесіі” сярод страхавых агентаў яна перамагла ў адной з намінацый.

Ёсць сярод работнікаў арганізацыі і прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. Аляксандр Церах працуе страхавым агентам больш за дзесяцігоддзе. Адчувае сябе тут на сваім месцы, з кліентамі размаўляе на мове разумення і павагі.

Дакладнасць і пра-фесіяналізм вызначаюць спецыяліста па рэгуляванні маёмасных страт Аляксандра Азімку. Менавіта ён прымае дакументы на страхавыя выплаты, ацэньвае нанесеную шкоду маёмасці і здароўю.

Страхавая справа стала сямейнай для Марыі Коршун. Дачка Іанэса Татарыновіч пайшла па яе слядах. Іанэса, настаўніца па адукацыі, адзначае, што работа страхавога агента нечым падобная на педагагічную: патрабуе крэатыву, умення кантактаваць з людзьмі, зацікаўліваць новым.

А Белдзяржстрах упэўнена крочыць у нагу з часам, аператыўна рэагуе на яго патрабаванні. Сёння кампанія прапануе комплекс-нае медыцынскае страхаванне, якое ўключае шмат варыянтаў асабістай абароны для юрыдычных і фізічных асоб. У пераліку папулярных прадуктаў – добраахвотнае страхаванне веласіпедаў, сельскагаспадарчай і пародзістай жывёлы і іншае. У актыве прадстаўніцтва больш за 100 варыянтаў прапаноў для кліентаў па 87 відах добраахвотнага і абавязковага страхавання. І гэта не мяжа.

Шлях даўжынёй у 95 гадоў толькі пацвярджае: у Белдзяржстраха ўсё працягваецца і многае наперадзе.

– Шчыра ўдзячны ўсім нашым кліентам за супрацоўніцтва і вернасць кампаніі, за разуменне важнасці і неабходнасці страхавання. Калектыву, нашым ветэранам, усім землякам – стабільнасці і дабрабыту, – жадае Іна Шугаева.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Алену Белавус, Аляксандра Азімку, Ірыну Пранчак паважаюць і калегі, і кліенты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *