Работа ёсць работа

“Медыцынскі ўрач лечыць чалавека, а ветэрынарны – чалавецтва”, – сказаў некалі вялікі Паўлаў. Так, ёсць такая прафесія. Менавіта ёй прысвяціў усё сваё жыццё наш зямляк, галоўны ветурач раёна Павел Сіцько. Выдатны чалавек, выдатны спецыяліст, выдатны кіраўнік – гэта ўсё пра Паўла Казіміравіча.  Калегі ведаюць, што яго слова надзейнае, што ён хварэе за справу ўсёй душою.

Сорак гадоў назад  пачынаў ветэрынарным фельчарам, потым стаў галоўным ветурачом калгаса “Кастрычнік”. А  ў 1997-м быў прызначаны на турботную пасаду галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна. Чалавек гэты на сваім месцы і, на думку калег, усе свае веды аддае прафесіі. А веды ў яго трывалыя. Магчыма, нехта не задумваецца, што захворванні жывёлы могуць уяўляць пагрозу для людзей, што толькі здаровы статак дае якаснае малако, якое прыносіць карысць, а хворым ён быць не павінен. І гэта клопат ветэрынараў. Нялёгкая, але абавязковая для правільнага рашэння задача, якую пастаянна ставіць перад сабой Павел Сіцько.

Ён ведае, пра “пазаштатныя” сітуацыі і бяссонныя ночы з-за неабходнасці прысутнічаць на ферме. Але не скардзіцца на гэта: работа ёсць работа. І ён ёю захоплены, таму што ў сваёй прафесіі апынуўся не выпадкова, а па свядомым выбары.

Так, былі цяжкасці на жыццёвым шляху. Іх давялося пераадольваць. Гэта заўсёды прасцей рабіць, калі адчуваеш двухбаковую падтрымку – ад  калег і ад сям’і. Павел Казіміравіч можа ганарыцца тым, што такой падтрымкай ніколі не быў абдзелены. І калектыў, якім ён кіруе, добры, і яго сям’я – на-дзейны тыл, куды заўсёды хочацца вяртацца пасля работы. Ну, а тое, што на жыццёвым календары шэсцьдзясят, – дык гэта сведчыць пра вопыт і сталасць, якія заўсёды запатрабаваныя!

Вольга СВЯТЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *