Палеская быль

Каб захацеў прыдрацца да надвор’я ў мінулую нядзелю – не атрымалася б: яркім акордам лета прагучаў гэты незабыўны дзень. Ганцавічы купаліся ў сонцы, спявалі жалейкамі, дудкамі, галасамі самадзейных артыстаў і зорак беларускай эстрады, ззялі тысячамі ўсмешак, красаваліся непаўторнымі вышыванкамі, ручнікамі, коўдрамі, карцінамі, керамікай, нават гучалі галасамі класікаў беларускай літаратуры Купалы і Коласа, запісы якіх – бы сустрэча з дарагімі кожнаму беларусу людзьмі. Усё гэта і многае іншае і было святкаваннем Дня беларускага пісьменства, якое пашчасціла прымаць і праводзіць суседзям-ганцавічанам.

Зямля, на якой пачынаў настаўнічаць у вёсцы Люсіна і напісаў першую частку трылогіі “На ростанях” Якуб Колас, якая раскрыла таленты фалькларыста і публіцыста Аляксандра Сержпутоўскага, а потым, пазней, нашых сучаснікаў Міхася Рудкоўскага, Васілія Праскурава, Віктара Гардзея і многіх іншых – гэта зямля і мясцовыя людзі па праву могуць ганарыцца сваёй культурнай і літаратурнай спадчынай. Абноўлены, памала-дзеўшы райцэнтр, які цудоўна падрыхтаваўся да свята, гасцінна сустракаў шматлікіх гасцей, у тым ліку і замежных – пісьменнікаў і журналістаў з Украіны, Расіі, Літвы, Чарнагорыі, Казахстана, Таджыкістана.

У свяце ўдзельнічалі  дэлегацыі з усіх раёнаў Брэсцкай вобласці, у тым ліку і з Ляхавіцкага на чале са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Бурдуком.

Адкрыццё ўрачыстасцяў адбылося пасля святочнай літургіі. Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь кіраўнік арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы святкавання Дня беларускага пісьменства Анатолій Тозік зазначыў, што райцэнтр прымае Дзень пісьменства дастойна, падрыхтаваўся да яго выдатна. Ён падкрэсліў, што друкаванае слова ў нашай краіне і сёння на годнай вышыні, што кожны год у нас выдаецца каля 16 мільёнаў экзэмпляраў кніг,  выходзіць у свет 1400 перыядычных выданняў.

Анатолій Тозік зачытаў прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям урачыстасцяў  Дня беларускага пісьменства.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар прывёў красамоўны факт, калі звяртаўся да ўдзельнікаў свята:  Брэстчына ўжо трэці раз становіцца галоўнай пляцоўкай святкавання Дня беларускага пісьменства –  раней былі ўжо Камянец і Пінск. І гэта не выпадкова, бо кожны раён, кожная вёска вобласці самабытныя, з багатай культурай, з багатай гістарычнай спадчынай. І падкрэсліў, што “культура – душа народа”, і менавіта праз пісьменства, праз кнігі і друкаваныя сродкі масавай інфармацыі мы зможам данесці да нашых нашчадкаў сучаснасць і тым самым зрабіць важны крок на шляху захавання нацыянальнай культуры.

Пра сённяшні дзень і пра сувязь яго з мінулым гаварыў старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Столяр.  Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан адзначыў біблейскую пярвічнасць слова і зачытаў зварот Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

Урачыста прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне прозы, паэзіі, драматургіі, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі.

Адным з незабыўных фрагментаў свята Беларускага пісьменства ў Ганцавічах стала адкрыццё Алеі пісьменства па вуліцы Кастрычніцкай і галоўнай скульптурнай кампазіцыі  Алеі — пом-ніка  Якубу Коласу.

На значнасці гэтай падзеі засяродзіў увагу міністр культуры краіны Павел Латушка. Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі на адкрыцці Алеі гаварыў, якой шчодрай крыніцай для творчага коласаўскага натхнення была ганцавіцкая зямля. Ён падкрэсліў, што менавіта сведчаннем вялікага дзяржаўнага клопату аб развіцці нацыянальнай культуры, адукацыі, друку з’яўляецца Дзень беларускага пісьменства, наколькі маштабна ў нашай краіне развіваецца кнігадрукаванне.

Як сведчанне папулярнасці кнігі, любві да яе быў бясконцы паток жадаючых пазнаёміцца з навінкамі літаратуры ў павільёне беларускай кнігі.

Шмат незабыўных момантаў падарылі святочныя Ганцавічы. Выстава работ народных майстроў, якая экспанавалася пад адкрытым небам, літаратурная пляцоўка “Берасцейскія галасы”, літаратурная дзіцячая пляцоўка, сустрэчы з пісьменнікамі, выстава друкаваных СМІ. У тым ліку і ў першую чаргу — друкаваных сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны, дзе былі прадстаўлены ўсе дзяржаўныя газеты вобласці і да свята падрыхтаваныя літаратурныя спецвыпускі выданняў.

…А наступны фэст, прысвечаны Дню беларускага пісьменства, адбудзецца на Віцебшчыне ў горадзе Глыбокае.

Вольга БАРАДЗІНА

Палеская быль: 1 комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *