Упаўнаважаная Заліпеннем

Стараста Заліпення Валянціна Дыдышка (другая справа) з аднавяскоўцамі.

Хто самы аўтарытэтны, паважаны чалавек  у вёсцы? Напэўна, стараста. Тым больш, калі ён з душой і веданнем справы ставіцца да выканання сваіх абавязкаў, пажаданняў і просьбаў землякоў. Як гэта вось ужо на працягу амаль 5 гадоў робіць стараста Заліпення Валянціна Дыдышка.

Старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч зазначае, што заліпенцам сапраўды пашанцавала:

– Такога апантанага, адказнага і  нераўнадушнага чалавека, які за грамадскае перажывае не менш, чым за ўласнае, як Валянціна Аляксандраўна, цяжка знайсці. Яна вельмі актыўная, энергічная, з лёгкасцю  арганізуе людзей на карысныя справы, у тым ліку і на добраўпарадкаванне. – Наша Аляксандраўна стараецца, – гавораць пра старасту жыхары Заліпення.

– Свой яна тут чалавек: і пра бяду ёй можна расказаць – зразумее, дапаможа, і радасцю падзяліцца – парадуецца з намі.

Валянціна Дыдышка дадатковай работы не баіцца. Працуе санітаркай у аблпсіхбальніцы “Крывошын”, з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў і да абавязкаў старасты адносіцца даволі сур’ёзна.– Большасць маіх землякоў лёгкія на пад’ём. Разам столькі зрабілі! Сёлета некалькі разоў праводзілі суботнік, наводзілі парадак на могілках, у вёсцы прыбіралі тэрыторыю пасля зносу безгаспадарных дамоў і фундаментаў, – прыгадвае стараста.

Вёска Заліпенне па сённяшніх мерках немалая, тут зарэгістравана 178 чалавек. Валянціна Дыдышка ў вёсцы жыве 26 гадоў, таму ведае ўсё і пра ўсіх. У старасты трапіла з-за актыўнай жыццёвай пазіцыі, калі стала дабівацца аднаўлення работы тутэйшага магазіна, які згарэў. Праўда, вяскоўцы і сёння пакуль без магазіна. На змену яму 4 разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. І зноў ад імя землякоў стараста вырашае праблемы: то несвоечасова магазін на колах прыедзе, то тавараў прывязе недастаткова, то іх якасць выклікае пытанні. Ніяк не адгукнецца райпо на просьбу жыхароў Заліпення (як і некаторых іншых населеных пунктаў раёна) прывозіць сюды не толькі прадукты, але  і прамысловыя тавары.Калі адказныя службы не спяшаюцца расчышчаць дарогу ад снегу, стараста абавязкова нагадае. Кантралюе і стан вулічнага асвятлення:

– Цяпер у нас ліхтароў шмат, усе 4 вуліцы добра асветлены. А як інакш – у вёсцы школьнікаў каля двух дзясяткаў – са школы позна вяртаюцца, а дарослыя з работы – без святла  аніяк, – адзначае Валянціна Дыдышка.Днямі вяскоўцы дачакаліся аднаўлення аўтобуснага прыпынку, які пэўны час знаходзіўся ў аварыйным стане. Заказаць і прывезці дровы і брыкет, абрэзкі для гаспадарчых патрэб, заплаціць зямельны падатак, дапамагчы аформіць тэхпашпарт і нават пры пільнай патрэбе адвезці ў Ляхавічы (Валянціна Аляксандраўна – вадзіцель са стажам) –  з гэтымі і многімі іншымі просьбамі вяскоўцы прыходзяць, тэлефануюць да свайго старасты.Другі год запар у Заліпенні з размахам адзначаюць свята вёскі. Такі шыкоўны падарунак землякам арганізоўвае мясцовая ўраджэнка – стараста Русінавічаў і дырэктар тамашняга СДК Людміла Сідорская.

– Шчыра дзякуем Людміле Васільеўне, усяму калектыву Русінавіцкага сельскага Дома культуры. Свята вёскі – выдатная магчымасць сабрацца разам, ушанаваць юбіляраў, лепшых працаўнікоў і дбайных гаспадароў. А яшчэ гэта самая што ні ёсць культурная падзея – сапраўдны канцэрт, – агучвае меркаванне вяскоўцаў стараста.У вёсцы даўно няма клуба, і заліпенцы падтрымалі ініцыятыву Валянціны Аляксандраўны арганізаваць традыцыйнае месца сустрэчы ці вясковага сходу – закласці парк на скрыжаванні вуліц Леніна і Савецкай. Сярод сваіх галоўных памочнікаў Валянціна Дыдышка называе Івана Гапановіча, Наталлю Шчарбук, Аляксандра Салодкага. На запыты і просьбы з гатоўнасцю адгукаюцца старшыня сельвыканкама Юрый Чаранкевіч, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Заліпенскай выбарчай акрузе Святлана Курэц, работнікі  Крывошынскага лясніцтва.

Свае абавязкі стараста не лічыць цяжкімі:

– Калі да людзей ставіцца добразычліва і ўважліва, то і цябе паважаць будуць, заўсёды падтрымаюць і дапамогуць, калі нешта не атрымліваецца – падбадзёраць. І гэта, безумоўна, дадае сілы.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *