Зямельны рэсурс

Асноўным пытаннем чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак стала справаздача начальніка землеўпарадкавальнай службы Святланы Махнач аб рабоце  ў 2016 годзе падведамаснага ёй падраздзялення. З пачатку года на разгляд рай- і сельвыканкамаў спецыялісты земслужбы падрыхтавалі  і вынеслі  786  рашэнняў па пытаннях адабрання  і прадастаўлення зямельных участкаў. Сярод іншых участкі выдзяляліся грамадзянам, якія стаяць на ўліку  маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў,   фермерскім  гаспадаркам, а таксама для вядзення ўласных падсобных гаспадарак. На афіцыйным  сайце   аблвыканкама  размешчана інфармацыя пра свабодныя садовыя зямельныя ўчасткі і ўчасткі пад будаўніцтва. У нашым раёне такіх на 1 снежня 1011 і 66 адпаведна (з іх 44 – у Ляхавічах).
Падчас  праверак выканання зямельнага заканадаўства служба  сёлета выявіла  18 парушэнняў, звязаных з невыкарыстаннем участкаў,  самавольным іх заняццем і г.д. Землекарыстальнікам выдадзена 23 прадпісанні аб ухіленні парушэнняў. 5 юрыдычных асоб атрымалі прадпісанні аб неабходнасці ўключэння земляў, што не  выкарыстоўваліся,  у сельгасабарот і навядзення парадку. У шэрагу садовых таварыстваў па выніках праверак у грамадзян  адабраны  і перададзены ў фонд пераразмеркавання таварыстваў 101 участак.
Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу на праблемных пытаннях, якія патрабуюць вырашэння: на неабходнасці добраўпарадкавання тэрыторыі ўздоўж аб’язной дарогі за Ляхавічамі, што  належыць садоваму таварыству, на больш актыўным прыцягненні ў абарот сельгасугоддзяў, на цесным узаемадзеянні  землеўпарадкавальнай службы, аддзелаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама і г.д.
На нарадзе ўзнімалася шмат важных тэм. Асобна спыніліся на пытаннях бяспекі  дзяцей і дарослых, удзельнікаў   дарожнага руху, а таксама аматараў зімняй лоўлі рыбы. Начальнік  РАНС Валерый  Равінскі прыгадаў свежы выпадак: днямі на вадасховішчы Нетчын   непаўналетні вудзіў рыбу і праваліўся пад лёд. Самастойна выбраўся, пакінуўшы  на лёдзе рыбацкую амуніцыю, пабег сагрэцца.  Вясковец, што праходзіў міма, убачыў  кінутыя рэчы і  падняў трывогу. Выратавальнікі  высветлілі   падрабязнасці “рыбалкі”.
На гэты раз усё скончылася добра.  Хаця надзвычайнага здарэння можна і трэба было пазбегнуць.  Літаральна напярэдадні падлетак у школе глядзеў фільм пра небяспеку тонкага лёду. Ды і бацькам не пашкодзіла б  больш цікавіцца, як сын бавіць вольны час.
Зіма толькі пачалася,  і дарослыя павінны тлумачыць  дзецям, што ім зараз не месца на рацэ ці на вадасховішчы. Пра асабістую бяспеку варта памятаць і рыбакам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *