Бытоўка ў накаўце

Частка першага паверха Дома быту пакуль пустуе.

Сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт, рэкламныя стэнды перапоўнены прапановамі  розных  паслуг, у тым ліку бытавых. Сёння  выклік на дом майстра, напрыклад, па рамонце бытавой тэхнікі ці вырабу  мэблі, перастаў быць навінкай. Праўда, у асноўным у наш раён такія спецыялісты прыязджаюць з іншых гарадоў – Баранавічаў, Клецка, Івацэвічаў, нават Брэста і Мінска. Стрыжку, манікюр і педыкюр  многія ляхавічане  робяць дома  ў індывідуальных прадпрымальнікаў ці незарэгістраваных майстроў, а не ў цырульнях. У райцэнтры, дарэчы, іх тры: камунгасаўская, што  па вуліцы Леніна, 35 (яе філіял яшчэ працуе ў райбальніцы) і дзве прыватныя.

Мясцовыя камунальнікі, на чый  баланс у 2013 годзе быў  перададзены камбінат бытавога абслугоўвання,  наогул разнастайнасцю паслуг  не радуюць. Такая сітуацыя не на карысць насельніцтва, і яна надзвычай непакоіць раённую ўладу. Што змянілася апошнім часам  у бытавым абслугоўванні ляхавічан? За адказам  “ЛВ”  адправіўся ў  Дом быту. Убачанае пракаментавалі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба і дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Мядзвецкі.

У чаканні прыгажосці

Напачатку мінулага года дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі падзяліўся з раёнкай перспектывамі: цырульня пераедзе з другога паверха Дома быту на першы ў значна больш камфортныя ўмовы, адкрыюцца манікюрны, педыкюрны кабінеты, з’явяцца і іншыя “прыгожыя” паслугі. Да сёння на першым паверсе працягваецца рамонт. Цырульня пакуль застаецца на старым месцы.

Але справа зусім не ў паверсе і не ў месцы. Каб кліент з задавальненнем звяртаўся сюды за паслугамі, трэба стварыць адпаведныя ўмовы. Любому наведвальніку прыйдзецца па душы, калі з першых хвілін ён будзе ахоплены ўвагай. Важна ўсё: колькі часу ідзе на чаканне свайго прыёму да майстра, што прапануецца падчас чакання, наколькі ўтульная абстаноўка, які інструмент выкарыстоўваецца і, канешне, прафесіяналізм работнікаў. Што маем? Вокны не заменены, рамонт толькі касметычны і не першай свежасці, абсталяванне старое. Манікюр робяць у тым жа пакоі, што і стрыжкі, прычоскі… мужчынам і жанчынам. “Педыкюр” закрылі.

У адзін з апошніх дзён лістапада напачатку 18 гадзіны ў цырульні (працуе да 18 гадзін) сядзела чарга з трох жанчын, майстар абслугоўваў чацвёртую. Патлумачылі, што яшчэ адзін цырульнік будзе працаваць на наступны дзень.

Відавочнае адзінае станоўчае змяненне: пацяплела. І не даводзіцца кліенту сядзець у холадзе з мокрай галавой, а майстру рабіць прычоску замерзлымі рукамі.

Аляксандр Мядзвецкі запэўніў, што асноўная частка работ па рэканструкцыі памяшкання плошчай 100 квадратных метраў на першым паверсе завершана, засталіся невялікія касметычныя штрыхі. Магчыма, хутка цырульня запросіць на наваселле.

Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба расказала, што камунгас можа частку адрамантаваных плошчаў здаваць індывідуальным прадпрымальнікам, якія стануць аказваць бытавыя паслугі. І кліентам зручна, і ІП, і камунгасу які-ніякі прыбытак. Праўда, давялося выслухаць і іншае меркаванне. Майстар участка бытавога абслугоўвання Сяргей Вараб’ёў згадаў, што звярталіся некалькі індывідуальных прадпрымальнікаў з просьбай прадастаўлення рабочых месцаў. Але пачуўшы, што неабходна будзе выязджаць для аказання паслуг у сельскія КПП, адмовіліся. “У адрамантаваным памяшканні будуць працаваць толькі свае, камунгасаўскія майстры”, – зазначыў  Сяргей Вараб’ёў.

З пахам нафталіну

Калісьці, каб пашыць сукенку ці касцюм у ляхавіцкім атэлье, неабходна было запісвацца ў чаргу. Праўда, тыя часы даўно сталі гісторыяй. Цяпер заказы выконваюць усяго 4 спецыялісты.

– У асноўным бяром на рамонт адзенне: замяніць маланку, падкласці ці перашыць нешта. Прымаем заказы і на пашыў, пераважна спадніц, сукенак. На жаль, няма брыгады, якая б займалася вырабам верхняга адзення. Апошнім часам сталі часцей шыць у нас пасцельную бялізну, выходзіць танней, чым у магазіне ці на рынку: 1,5-спальны камплект з нашай тканіны крыху больш за 30 рублёў, – расказвае закройшчыца Вольга Рамановіч, прымаючы заказ у адной з кліентак. Ляхавічанка Аксана не першы раз карыстаецца паслугамі швейнага цэха і зазначае: ”Шыюць тут добра і акуратна, параяць, які фасон лепш падабраць”.

Што датычыцца выбару тканіны, то яго, па вялікім рахунку, і няма: прапануюцца ўсяго некалькі відаў. Пра ўмовы – асобна: нібы не было апошніх 30 гадоў, толькі шырма ў прымерачнай з новай тканіны.

Сёлета за 9 месяцаў швачкі выканалі работ на 8600 рублёў, а выдаткі на ўтрыманне цэха склалі… 32300 рублёў, з якіх 11000 – на заработную плату швачак, астатняе – на будынак, ацяпленне, электраэнергію, зарплату адміністрацыі і інш.

Паралельна з асноўнымі абавязкамі закройшчык у адказе і за пракат, а таксама бярэ заказы па хімчыстцы. У пракаце – талеркі і шклянкі аднаго-двух відаў, відэльцы, лыжкі, халадзільнік, тэлевізар, піяніна. Які асартымент – такі і попыт. Найбольш запатрабаваны менавіта музычны інструмент. Ёсць адзін пастаянны кліент, які пераафармляе заказ штомесяц: дачка вучыцца іграць, а купіць піяніна дорага, лепш заплаціць за пракат.

Перспектыў у гэтай паслугі кіраўнік жылкамунгаса не бачыць, на яго думку, людзям зручней паехаць купіць абноўку на рынку. Вось толькі іпэшнікі, якія адкрываюць кропкі па пашыве і рамонце адзення, у тым ліку ў нашым райцэнтры, могуць з такім меркаваннем паспрачацца…

Апошнія дні майстэрні

На паліцах абутковай майстэрні, дзе звычайна ляжалі горы адрамантаваных ботаў, туфляў, чаравікаў, амаль што пуста.

– Заказаў стала значна менш. У горадзе з нашай – 5 абутковых майстэрняў. Хаця цэны ў нас самыя нізкія, – тлумачыць стан спраў прыёмшчыца. Яна ж на чвэрць стаўкі працуе майстрам-абутніком, дапамагае асноўнаму работніку. Заказы тут набылі сезонны характар: найбольш прыходзіцца на восень-зіму. Да камунальных майстроў паступае абутак на рамонт і з вясковых комплексных прыёмных пунктаў, усяго з гарадскімі да 20 заказаў у дзень.

Факт застаецца фактам: у канкурэнтнай барацьбе КБА прайграла прыватнікам. Можна, канешне, спасылацца на састарэлае маральна і фізічна абсталяванне. Але ж часткова на ім працуе і ІП, які арандуе тутэйшае памяшканне, і колькасць яго заказаў не змяншаецца. А калісьці самае прыбытковае падраздзяленне бытоўкі сёння працуе ў мінус. Па меркаванні кіраўніцтва камунгаса, яго лепш …закрыць, чым рэабілітаваць і даць новае жыццё.

– Закрываюць нас. Працуем толькі да 12 снежня. Шкада. Я тут больш за 10 гадоў, – з роспаччу зазначае прыёмшчыца.

У камунгасе пацвердзілі: з сярэдзіны снежня майстроў па рамонце абутку ў штаце прадпрыемства не будзе, а памяшканне і абсталяванне поўнасцю перададуць арандатару-абутніку.

Стратная чысціня

– Калі пральныя машыны-аўтаматы былі навінкай, то можна яшчэ было гаварыць пра магчымую самаакупнасць пральні, цяпер літаральна ў кожным доме ці кватэры ёсць свая такая памочніца, вось і працуем са значнымі стратамі. Хаця і спрабавалі выйсці з такога становішча, за ўласныя сродкі набылі частку новага абсталявання – не дапамагло, – гаворыць пра праблему Аляксандр Мядзвецкі.

Яно, канешне, так, але, акрамя індывідуальных кліентаў, ёсць прадпрыемствы і арганізацыі. Таму трэба, як гаворыцца, пакруціцца. Сёння пральня прымае бялізну ад 14 устаноў, у асноўным нашага раёна: школы, дзіцячыя садкі, летам лагер “Чайка”, бальніца, лясгас, некаторыя сельгасарганізацыі, Баранавіцкі машынабудаўнічы ліцэй. А вось ЛДАК вырашыў вазіць бялізну ў Баранавічы. Тэндар на пральныя паслугі для блізка размешчанай вайсковай часці выйграла прадпрыемства з Бярозы. Эканамічны “мінус” (больш за 25000 рублёў за 9 месяцаў) Сяргей Вараб’ёў звязвае з цаной на паслугі, маўляў, сабекошт мыцця кілаграма бялізны ў нас –

1 рубель 60 капеек, а ў Баранавічах – 90 капеек. І тлумачыць пэўнымі тэхналагічнымі асаблівасцямі, якія ад ляхавіцкай бытоўкі не залежаць. Мусіць, у Бярозе і Баранавічах зусім іншыя абставіны.

Пад дзвюма зоркамі

Тое, што ляхавіцкая гасцініца з экзатычнай назвай “Эдэльвейс” 2 гады назад набыла статус двухзоркавай, абрадавала землякоў. Адначасова з’явілася пастаяннае патрабаванне адпавядаць статусу, развіваць патэнцыял, удасканальвацца. Бясспрэчна, зроблена нямала: капітальны рамонт з заменай сантэхнічнага абсталявання, новая

мэбля, відэакамеры, павысілася кваліфікацыя персаналу. Тым не менш, часмусьці многія госці-турысты, якія прыязджаюць у Ляхавічы, аддаюць перавагу гасцініцам суседняга горада. Тлумачэнне простае: больш задавальняюць умовы і кошт. Самае таннае (адно месца ў блоку) у “Эдэльвейсе” каштуе 25 рублёў у суткі, самае дарагое (у двухпакаёвым нумары) – 80 рублёў. У чым яшчэ бясспрэчна выйграюць іншыя зоркавыя і бяззоркавыя канкурэнты – дык у стварэнні для сваіх наведвальнікаў магчымасці паснедаць, павячэраць на месцы. Як бы ні хваліліся ў камунгасе, што наведвальнікам вельмі падабаюцца сняданкі, прынесеныя па заказе з рэстарана “Ластаўка”, буфет тут быў бы вельмі дарэчы.

Як адзначае намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба, камфортная гасцініца раёну неабходна. Але калектыву трэба прымаць меры для таго, каб яна не пуставала. Вельмі дорага абышоўся рамонт, а пры каэфіцыенце запаўнення нумароў 0,3 выхаду на самаакупнасць чакаць-не прычакаць. Ды і дадатковыя паслугі просяцца. Раённая ўлада падказвала варыянты накшталт арганізацыі экскурсій, выклік таксі па заяўцы кліента, продажу сувеніраў і інш.

Неўтрыманыя пазіцыі

І яшчэ адна важная тэма – жалобная. Калісьці камунгас быў бясспрэчным манапалістам па аказанні рытуальных паслуг у раёне. Спецыялізаваны магазін па вуліцы Чкалава ў райцэнтры быў надзвычай запатрабаваны і, адпаведна, прыбытковы. Напэўна, кіраўніцтва прадпрыемства разлічвала, што так будзе заўсёды, таму не асабліва клапацілася пра пашырэнне асартыменту, якасць паслуг.

Сёння гэта зрабілі прыватнікі. Прычым, не проста адкрылі магазіны па продажы рытуальных прыналежнасцей з больш разнастайным асартыментам, але і аказваюць поўны комплекс такіх паслуг. Чаго камунгас не здолеў зрабіць ці не надта захацеў.

Між іншым, калі камунальнікі не прыкладуць намаганні, то аналагічны лёс можа напаткаць і лазневае абслугоўванне. Ужо сёння пытанняў да яго хапае.  Дырэктар Ляхавіцкай ЖКГ Аляксандр Мядзвецкі агучыў, што галоўны клопат падначаленага яму прадпрыемства – аказанне якасных камунальных паслуг, на іх і сканцэнтравана асноўная ўвага.

Так, без вады, цяпла, прыбірання дваровых тэрыторый, вуліц і завулкаў, своечасова вывезенага смецця жыццё не будзе камфортным. Але ж і бытавыя паслугі сёння “родныя” для камунгаса і неабходныя людзям. І попыт на іх заўсёды будзе. Толькі вось выгаду ад гэтага, хутчэй за ўсё, атрымае не камунгас.

Галіна КАНЬКО.

One thought on “Бытоўка ў накаўце

  • 07/12/2016 в 12:13
    Permalink

    С бытовыми услугами в Ляховичах всегда были проблемы. Где-то спасали ИП, где-то Барановичи. Знаю, многие уже привыкли и давно ездят туда за красотой. Людям более старшего возраста такие недоработки бытовки создают только дополнительные трудности. Отсутствие нормального ассортименнта услуг и их рекламы ведут к прямым убыткам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *