Прыярытэтная рагуля

Спрадвеку лічылася: калі ў гаспадара на падвор’і ёсць карова, то сям’я бедаваць не будзе. А калі дзве, то ўжо збіраліся лішкі прадукцыі – малака, вяршкоў, масла,  тварагу, – якія можна было выгадна прадаць.

А як даглядалася рагуля! На зіму – духмяная канюшына, варылася пойла, а ў склепе – кармавыя буракі ў якасці сакавітых кармоў. Свежападасланае цёплае стойла, па раскладзе кармленне, даенне, прагулка… Што і казаць – клопатная справа. Таму сёння многія вяскоўцы не хочуць абцяжарваць сябе падсобнай гаспадаркай: маўляў, у  магазіне заўсёды можна купіць да стала любыя малочныя прадукты.
На пачатак года раённы прыватны статак склаў 909 рагуляў, і назіраецца тэндэнцыя да далейшага змяншэння пагалоўя. Дастаткова сказаць, што летась было на 78 кароў  больш.
У Жарабковіцкім сельсавеце прыватнікі збылі 32 каровы, але там і было іх найбольш – 347. Пры гэтым закуп малака з прыватных падвор’яў тут павялічыўся і за 10 месяцаў склаў 4103 кілаграмы малака ад кожнай рагулі. Многія гаспадары сталі лепш даглядаць кароў, працуюць над іх прадукцыйнасцю і самую спрыяльную летнюю пару выкарысталі для таго, каб зарабіць грошай, – прадавалі максімум атрыманага    малака. Напрыклад, Аляксандр Махнач, Таццяна Навумік з Жарабковіч маюць па 3 каровы і прадаюць штодзень 60 – 80 літраў малака. У гаспадарцы Галіны Гарыбян – 4 рагулі, яна кожны дзень здае малаказборшчыку па 100 літраў прадукцыі. Віктар Новік трымае на сваім падвор’і 2 каровы, але спрыяльны сезон прынёс прыбытак і яго сям’і. Ёсць на тэрыторыі сельсавета і такія гаспадары, хто вырашыў размахнуцца і завесці ўласную міні-ферму, напрыклад, Дзмітрый Блашэнка са Сваятыч, Тамара Дарахлевіч з Зубелевіч і іншыя. Безумоўна, спрыяе і тое,  што на тэрыторыі Жарабковіцкага сельсавета заўсёды можна чакаць падтрымку з боку мясцовай улады,  гаспадаркі. На карову выдаецца сена, салома – без абмежаванняў, па сабекошце можна купіць зерне ў дадатак да таго, што заробіш, калі працуеш у сельгаскааператыве, і г.д.
Падтрымліваюць сваіх малаказдатчыкаў і ў Навасёлкаўскім сельсавеце. Дарэчы, тут удалося захаваць пагалоўе кароў на ўзроўні леташняга: 125 рагуляў утрымліваецца на ўласных падвор’ях тутэйшых жыхароў. Прадукцыйнасць прыватнага статка павялічылася, на кожную карову прададзена 4134 кілаграмы малака за 10 месяцаў.
Жыхары Начаўскага сельсавета адзіныя ў  раёне павялічылі пагалоўе кароў на дамашніх падвор’ях: на пачатак года значыцца 42 рагулі – на 3 больш, як летась. Адпаведна, закуплена больш малака – 195 тон. Прадукцыйнасць начаўскіх рагуль таксама аказалася самай высокай у раёне: ад кожнай прададзена пад 4700 кілаграмаў малака.
У Конькаўскім сельсавеце прыватны статак зменшыўся на 13 кароў, адпаведна пабяднеў закуп малака. А вось у Ганчароўскім  сітуацыя супрацьлеглая. На працягу 10 месяцаў на тэрыторыі сельсавета значна павялічылася колькасць кароў у параўнанні са справа-здачнай лічбай, якая бярэцца на пачатак года. Міні-ферма “Лагуцін”, якая размясцілася ў Куршынавічах, прыбавіла пагалоўе, у гэтай жа вёсцы паспяхова вядзе сваю гаспадарку Дзмітрый Калгушкін, які мае 10 кароў. Разам з Уладзімірам Свінабуркам яны дабіваюцца нядрэнных вынікаў: летам штодзень прадавалі перапрацоўшчыкам па 200 літраў малака.
Знайшоў для сябе стабільную крыніцу прыбытку і Дзмітрый Лойка з Мініч, які перакананы: калі не сядзіш на месцы, а шукаеш, дзе прыкласці рукі, каб зарабіць грошы, то абавязкова знойдзеш. Спачатку ён паставіў  на адкорм бычкоў, але пасля пераканаўся, што малочная жывёлагадоўля больш прадукцыйная і прыбытковая. Цяпер у яго гаспадарцы 10 рагуляў. А ў Набярэжнай уласную міні-ферму павялічвае Марыя Баўтрукевіч, якая мае на падвор’і  6 кароў.
Усе гэтыя прыватныя гаспадаркі размешчаны на тэрыторыі Ганчароўскага сельсавета, дзе малочная жывёлагадоўля ў апошнія гады становіцца сярод насельніцтва папулярнай справай. Як, дарэчы, і ў Альхоўскім сельсавеце, дзе прыватны статак налічвае за 100 кароў, і сярэдні паказчык продажу малака сёлета большы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 10 працэнтаў.
Больш складаныя ўмовы для ўтрымання некалькіх кароў на падвор’і ў жыхароў Востраўскага і Крывошынскага сельсаветаў: з нарыхтоўкай кармоў трэба разлічваць, у асноўным, на свае сілы. Але якраз у гэтай мясцовасці ў дастатку сенакосаў, многія на прысядзібных участках і арандаваных землях сеюць зерневыя. Сёлета малаказдатчыкі Крывошынскага сельсавета прадалі малочнаму заводу 315 тон малака ад 156 кароў, Востраўскага (тут на падвор’ях утрымліваюцца 64 рагулі) – 187 тон.
Наогул, сёлета адзначаецца прыкметнае павелічэнне колькасці закупленага з прыватных гаспадарак малака: за 10 месяцаў лічба дасягнула  3262 тоны – на 4 працэнты больш леташняга. У сярэднім на кожную карову закуп малака ўзрос на 414 кілаграмаў.
Тыя, хто пачаў малочны бізнес, кожныя 10 дзён атрымліваюць ”жывыя” грошы – неблагую падтрымку для сямейнага бюджэту.
Аліна ЛАПІЧ.
Выкарыстана ілюстрацыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *