За двума зайцамі

Колькасць карупцыйных злачынстваў у нашым раёне застаецца на даволі  нізкім узроўні. Такі факт падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па супрацьдзеянні карупцыі Таццяна Кацуба падчас чарговага пасяджэння камісіі. Калі канкрэтна, то сёлета па матэрыялах  групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС былі ўзбуджаны 2 крымінальныя справы.

Дырэктар адной з устаноў незаконна прысвойвала фінансавыя сродкі па фіктыўным працоўным пагадненні за работу, якая  на справе не выконвалася. У другім выпадку былы кіраўнік сельгаспрадпрыемства, калі ўзначальваў гаспадарку, выкарыстоўваючы  свае  службовыя паўнамоцтвы, украў шасі прычэпа перасоўнай даільнай устаноўкі коштам больш за 250 базавых велічынь.
Па словах намесніка старшыні камісіі, началь-ніка юрыдычнага аддзела райвыканкама Дзіны Дуброўкі, перадумовы для карупцыйных злачынстваў ствараюць карупцыйныя правапарушэнні.  З пачатку гэтага года пракуратура выявіла парушэнні ў арганізацыі правядзення закупак тавараў,  работ і паслуг за кошт бюджэтных і ўласных сродкаў у КСУП “Ліпнянка” і райбальніцы.
Як і ў папярэднія гады, маюць месца факты, калі работніку, які адсутнічае на працоўным месцы, у табелі ўліку рабочага часу прастаўляюцца працоўныя гадзіны. Так, на працягу трох дзён у верасні мінулага года двое рабочых бульбасховішча райаграсэрвіса замест выканання сваіх непасрэдных прафесійных абавязкаў пасвілі кароў загадчыка бульбасховішча. А ў табелі ўліку рабочага часу ў гэтыя дні насупраць іх прозвішчаў стаяла па 12 адпрацаваных гадзін. У бухгалтэрыю райаграсэрвіса перададзены  нарады  для налічэння не толькі зарплаты, але і прэміі гэтым работнікам. Такім чынам,  загадчык бульбасховішча саставіў, падпісаў і перадаў у бухгалтэрыю заведама непраўдзівую  інфармацыю, тым самым учыніў правапарушэнне  (абзац 7 часткі 1 артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”), што стварае ўмовы для карупцыі. Вінаваты прыцягнуты да матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасці.
Загадчыца МТФ СВК “Жарабковічы” сёлета  з 7 па 16 красавіка ставіла ў табелі па 7 адпрацаваных гадзін у дзень слесару-вартаўніку, хаця, на самай справе, у гэты перыяд ён знаходзіўся на лячэнні ў райбальніцы.
Выяўляліся факты, калі чалавек знаходзіўся за межамі краіны, а ў табелі пазначана, што ў гэты ж самы час ён быў на працоўным месцы.
Да дысцыплінарнай адказнасці  прыцягнуты і былы старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама, які не правёў усе належныя працэдуры дзяржаўнай закупкі  пры заключэнні дагавора на выкананне работ па ўладкаванні пляцовак і ўстаноўцы кантэйнераў для збору смецця.
Як адзначыла Дзіна Дуброўка, часцей за ўсё ўмовы для карупцыі ствараюць наступныя права-парушэнні: умяшальніцтва службовай асобы ў дзейнасць дзяржорганаў ці арганізацый, калі гэта не ўваходзіць у кола яе паўнамоцтваў; выкарыстанне службовага становішча пры вырашэнні пытанняў, якія закранаюць яе асабістыя, групавыя і іншыя пазаслужбовыя інтарэсы; стварэнне перашкод фізічным ці юрыдычным асобам у рэалізацыі іх правоў і законных інтарэсаў; парушэнне ўстаноўленага заканадаўствам парадку правядзення конкурсаў, аўкцыёнаў, працэдур закупак і іншае.
Члены камісіі разам з запрошанымі на пасяджэнне старшынямі сельвыканкамаў абмеркавалі, як выключыць карупцыйную рызыку пры правядзенні дзяржзакупак.
Адным з пытанняў на парадку дня лістападаўскага пасяджэння камісіі па супрацьдзеянні карупцыі стала крэдыторская і дэбіторская запазычанасць некаторых прадпрыемстваў раёна.
Канкрэтным было патрабаванне Таццяны Кацуба да адказных асоб ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” і КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” прыняць вычарпальныя  меры для змяншэння, а ў далейшым недапушчэння росту  запазычанасці.
Галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Іна Косціна паведаміла, што  сёлета дзяржслужачыя і кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый  падалі 106 дэкларацый аб даходах, атрыманых за мінулы год. Падчас выбарачнай праверкі ў кампетэнтныя органы былі адпраўлены запыты. Парушэнняў не выяўлена.
Разгледжаны шэраг іншых пытанняў, прыняты план работы  камісіі на    наступны год.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *