Бульба-фэст з арыентацыяй на прафесію /фота/

Напачатку снежня Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж гасцінна расчыніў дзверы для  патэнцыяльных абітурыентаў. Сюды на “Каледжскі фэст” завіталі  навучэнцы прафесіянальных ліцэяў Баранавіцкага, Навагрудскага, Драгічынскага, Івацэвіцкага, Ганцавіцкага і іншых раёнаў, старшакласнікі з СШ №1 і №2. Падзея  гэта традыцыйная – прафарыентацыйная. Выкладчыкі  ЛДАКа штогод шукаюць цікавы і арыгінальны фармат яе правядзення, каб прадставіць навучальную  ўстанову па ўсіх накірунках дзейнасці.

Канцэртная праграма  “Фестываль прафесій” раскрыла плюсы кожнай са спецыяльнасцяў, якія можна атрымаць у каледжы: агранаміі, ветэрынарнай медыцыны, заатэхніі і плодаагародніцтва. У “камплекце” да іх – прафесіі вадзіцеля, кладаўшчыка, трактарыста, аператара па штучным асемяненні жывёл і птушак, аператара машыннага даення, агародніка, садавода. Каляджане крэатыўна і пераканаўча прэзентавалі іх у песеннай, вершаванай, танцавальнай формах.  На заканчэнне склалі партрэт навучэнца ЛДАКа, згулялі ў бяспройгрышную латарэю і адказалі на пытанні віктарыны пра прафесіі.
А далей тэорыю падмацавалі практыкай  – завіталі на шматлікія майстар-класы.  Фітабар прэзентаваў лекавыя травы, якія вырошчваюць на доследнай  дзялянцы каледжа. Удзельнікам сустрэчы даспадобы прыйшоўся духмяны чай.
Бульба-фэст прысвячаўся яе вялікасці “хлебнай” агародніне:  выстаўка-дэгустацыя страў, любімых  рэцэптаў, выстава вырабаў з клубняў і спадручных матэрыялаў і іншыя сюрпрызы. Сярод сартоў бульбы, якія дэманстраваліся, не толькі знаёмыя многім ”скарб”, ”уладар” і ”лілея”, напрыклад, і французскі ”труфель”, што выдзяляецца сваім фіялетавым колерам.  Кожны мог не проста знайсці інфармацыю пра ўраджайнасць і іншыя ўласцівасці, але на свае вочы ўбачыць адрозненні клубняў розных сартоў.
Шматлюдна было і на эпл-фэсце, дзе  ў цэнтры ўвагі былі яблыкі – жоўтыя, чырвоныя, зялёныя, розных памераў і адценняў,  ні многа ні мала – 32 сарты.   Яблычныя  шашкі, ”крыжыкі-нулікі”, дартс, банер-сэлфі, віктарына, флэшмоб чакалі тых, хто прыйшоў на гэту пляцоўку.    Тут жа частавалі і  садавінай, і  пірагамі-пірожнымі з яе, вучылі прышчапляць дрэўцы, гатаваць  “яблычную карамельку”.   Ласунак  гэты просты, але смачны.  Калі каму цікава – вось рэцэпт. Трэба зварыць сіроп з цукру і вады, абмакнуць у яго кавалак яблыка, а затым акунуць у салодкія палачкі, папярэдне іх размяўшы.  Аматары ўпрыгожвання страў авалодвалі азамі карвінгу: выразалі з яблыкаў розныя мудрагелістыя ўзоры  і формы.
Яшчэ адной з адметных асаблівасцяў дня адкрытых дзвярэй стаў майстар-клас па грумінгу – доглядзе за дамашнімі жывёламі. Рабяты шчыльным  колам абступілі спецыялістаў, якія паказвалі, як правільна стрыгчы поўсць катоў і сабак, як абразаць кіпцюры і чысціць гадаванцам вушкі. Дарэчы, сёлета  90 працэнтаў навучэнцаў ветаддзялення – жыхары Баранавічаў. Многія  мэтанакіравана паступілі сюды вучыцца, каб пасля працаваць у спецыялізаваных клініках.
Ветэрынарны паноптыкум – выстава па фізіялогіі і анатоміі жывёл – прыцягнуў тых, хто марыць стаць ветфельчарам  ці заатэхнікам.
А вы ведаеце, што такое салаброды?  Пад такой смачнай назвай  каляджане рэкламавалі і прапаноўвалі  прадэгуставаць бутэрброды з салам, якія яшчэ здалёк прыцягвалі  апетытным  водарам. Тут жа праводзілі ветсанэкспертызу мёду і  каўбасы на наяўнасць крухмалу, расказвалі, як вызначаць іх якасць.
Майстар-класы знаёмілі з творчасцю навучэнцаў каледжа. Госці з захапленнем бралі ў рукі  каваную амуніцыю, слухалі  пра герояў сярэднявечча і з заміраннем сэрца назіралі за спаборніцтвам-турнірам удзельнікаў рыцарскага клуба.
У гуртку “Крэатыўнае рукадзелле”  вучаць шыць, вязаць, ствараць арыгінальныя рэчы, якія не пакінулі раўнадушнымі і  наведвальнікаў чарговай “станцыі” – “Вырабы сваімі рукамі”.
Ад аднаго майстар-класа да другога пераходзілі ўдзельнікі каледжскага фэсту, адзначаючы іх нестандартнасць, цікавасць і карыснасць пададзенай  інфармацыі, добразычлівую і  шчырую атмасферу.  Так, Дзмітрый з Навагрудка прызнаўся, што хацеў бы яшчэ раз прыехаць у ЛДАК, а, магчыма, і стаць яго навучэнцам. А нашы гарадскія школьнікі, у прамым сэнсе, адкрылі для сябе патэнцыял мясцовай, здавалася б знаёмай,  установы, ацанілі  яе матэрыяльную базу, майстэрства выкладчыкаў, убачылі, якімі ўменнямі і навыкамі валодаюць каляджане.
Маштабная экскурсія па ўстанове выклікала непадробны  інтарэс у гасцей, якія пераканаліся, што ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы рыхтуюць сапраўды  запатрабаваных граматных спецыялістаў для сельскай гаспадаркі.  Для навучэнцаў  тут створаны выдатныя ўмовы.
Вясной ЛДАК зноў адчыніць дзверы для школьнікаў і ліцэістаў, каб паказаць, што добрую адукацыю можна набыць, не ад’язджаючы далёка ад дому.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

One thought on “Бульба-фэст з арыентацыяй на прафесію /фота/

  • 15/12/2016 в 16:54
    Permalink

    Понравилось.Встречали вкусно, искренне и интересно. По вкусу пришлись и пирожки с картошкой и сало.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *