Па сутнасці справы

Больш за дзве гадзіны замест мяркуемай адной доўжыўся прыём грамадзян старшынёй райвыканкама ў Ганчарах. І не таму, што было шмат жадаючых звярнуцца асабіста да Вячаслава Сельмановіча – усяго тры мясцовыя жыхары. Але кожнаму з іх кіраўнік раёна ўдзяліў максімум увагі і часу. Размова па сутнасці справы, дыялог двух зацікаўленых бакоў. Зацікаўленых у аптымальным вырашэнні пытання, правільным адказе (правільным – значыць законным), канкрэтнай дапамозе канкрэтнаму чалавеку.

З падзякі раённай уладзе пачаў свой зварот мясцовы жыхар Генрых Свірэпа, у прыватнасці, за тое, што хваляваўшая многіх яго землякоў праблема вырашана. Генрых Часлававіч меў на ўвазе ўладкаванне ганчароўскіх вучняў і працаўладкаванне настаўнікаў у сувязі з закрыццём у працэсе аптымізацыі Мядзведзіцкай школы:

– Дзеці вучацца па новых адрасах, прынялі іх добра. Настаўнікі працуюць рэальна, настроены на справу. Адным словам, усё атрымалася добра, – менавіта такая агучаная прыемная акалічнасць стала пачаткам размовы.

Напомню, што колькі часу тутэйшых жыхароў вельмі хвалявала школьнае пытанне, пра сітуацыю пісала і раёнка. Малаколькасныя класы і выдаткі вучэбна-выхаваўчага працэсу ў сувязі з гэтым, дарагое ўтрыманне такой установы адукацыі сталі абгрунтаванымі аргументамі на карысць аптымізацыі.

– Такая сітуацыя была не на карысць ні вучням, ні педагогам. Вучэбна-выхаваўчы працэс павінен спрыяць развіццю, а ў тых умовах гэта станавілася праблематычным. Сёння пытанне вырашана, – Вячаслаў Сельмановіч падкрэслівае, што сэканомленыя ў працэсе аптымізацыі сродкі накіроўваюцца на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. А дзеці займаюцца ў класах не па 3-4 чалавекі, а значна большых, і гэта вельмі добра. Што датычыць арганізацыйных момантаў, то вучні з Ганчароў дабіраюцца ў школы даволі камфортным чынам – на аўтобусах аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Менавіта ў школы – частка займаецца ў Тальмінавіцкай СШ, астатнія выказалі жаданне наведваць Малагарадзішчанскую. І гэта жаданне задаволена.

Галоўнае пытанне Генрыха Свірэпы да кіраўніка раёна датычыла лёсу мясцовага СДК. Пакуль у поўнай меры задзейнічаць патэнцыял установы культуры не з’яўляецца магчымым, таму што ў будынку не наладжана сістэма ацяплення. Жыхароў Ганчароў гэта акалічнасць, мякка кажучы, не радуе, яны не губляюць надзею, што праблема будзе вырашана.

Дарэчы, менавіта з гэтай жа тэмы кіраўнік раёна пачаў размову са старшынёй Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімірам Плескацэвічам перад пачаткам прыёму грамадзян. Вячаслаў Сельмановіч занепакоены тым, што ацяпленне сацыяльна значнага для вёскі аб’екта дагэтуль не зроблена. Летам падвялі ваду, а вось на ацяпляльнай стаметроўцы (прыкладна такая адлегласць ад ДК да цеплавой магістралі) затармазілі. Пазіцыя і патрабаванне раённай улады адназначныя: Дом культуры павінен працаваць у нармальных умовах і нармальным рэжыме, і праб-лему неабходна тэрмінова, наколькі гэта магчыма, вырашыць.

Ганчары – даволі вялікая вёска, тут пражывае каля 300 чалавек. Куды пайсці моладзі ў выхадныя і святочныя дні ды і вечарам у будныя? Дзе займацца мастацкай творчасцю? Як не пагасіць святло “Пунсовых агеньчыкаў” – таленавітага творчага дзіцячага калектыву? Дзе наладзіць канцэрт для вяскоўцаў? Гэтыя і многія іншыя пытанні маюць адзін агульны адказ: у СДК. А калі на вуліцы зімовы сур’ёзны “мінус”, памяшканне, якое не ацяпляецца, у якасці функцыянуючай установы культуры разглядаць праблематычна. Праўда, навагоднія святкаванні тут Уладзімір Плескацэвіч абяцае арганізаваць з гарантыяй належнай тэмпературы ў будынку (ёсць варыянты часовага абагрэву, напрыклад, з дапамогай цеплавой пушкі). Гэта запэўніванне прагучала ў адказ на патрабаванне кіраўніка раёна наконт калядна-навагодняга раскладу: Новы год павінен быць святочным. Адпаведнае даручэнне старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч даў Уладзіміру Плескацэвічу і начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалаю Дабрыянцу. Яны ж адказныя і за перспектыўнае вырашэнне ацяп-ляльнага пытання. У першую чаргу, трэба вызначыцца з падрадчыкам і адразу ж пачынаць работы.

Наконт лёсу будынка былой школы. Раённая ўлада спадзяецца, што ён, будынак, адыграе станоўчую ролю для мясцовых жыхароў – толькі ўжо ў новым статусе. Прапрацоўваецца магчымасць адкрыцця ў ім аб’екта прыдарожнага сэрвісу – побач праходзіць ажыўленая траса. Будынак мяркуецца прадаць менавіта для такой мэты, тым больш, што на тэрыторыі Ляхавіччыны аналагічных аб’ектаў няма, а яны патрэбныя. Добра для мясцовых жыхароў – будуць стварацца новыя рабочыя месцы, добра для раёна, добра для транзітнікаў.

Выязны прыём грамадзян, канкрэтная размова па актуальных праблемах з кіраўніцтвам сельвыканкама, шчырая зацікаўленасць у тым, каб якасць жыцця вяскоўцаў паляпшалася, і адпаведныя даручэнні ў сувязі з гэтым кампетэнтным службам, наведванне вытворчых аб’ектаў, гутаркі з працаўнікамі – гэта з “некабінетнай” работы старшыні райвыканкама. Дарэчы, звярнуцца да яго проста: і ў час прыёму грамадзян, і ў час прамых тэлефонных ліній, выдатная магчымасць зрабіць гэта – скарыстацца, асабістым электронным адрасам кіраўніка раёна, які перыядычна публікуецца на старонках раёнкі. Вось і сёння нагадаем яго: vselmanovich@yandex.ru.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *