Здарэннi

Пагасцявалі
У адным з дамоў па вуліцы Камсамольскай у райцэнтры ляхавічанка выцягнула з чужога кашалька 350 тысяч рублёў.

Жыхар Рагачоў прыйшоў у госці да сваёй сястры тайна. Пасля такога “гасцявання” гаспадыня недалічылася грошай   і трох бутэлек гарэлкі.

Чакала-чакала тухавічанка, пакуль аднавясковец верне ёй 300 тысяч пазычаных рублёў, так і не дачакалася — звярнулася за  дапамогай у міліцыю.

Сварка з крымінальным ухілам

Не змяншаецца колькасць правапарушэнняў і злачынстваў на сямейна-бытавой глебе.

Узбуджана крымінальная справа ў адносінах  48-гадовага жыхара вёскі Гулічы, які падчас сваркі з жонкай ударыў яе нажом, з-за вялікай страты крыві жанчына памерла на месцы здарэння.

Гэтая вясковая трагедыя не паслужыла ўрокам для некаторых аматараў высвятляць адносіны і даказваць сваю праўду з дапамогай сілы. Мужчына з Заполля пагражаў забойствам сваёй  старой маці,  у Свяціцы малодшы брат душыў і спрабаваў стукнуць сякерай старэйшага брата. Давядзецца адказваць перад законам і ляхавічаніну, які не толькі пагражаў забойствам сваёй жонцы, але і на справе спрабаваў пазбавіць жанчыну жыцця.

“П’яныя” траўмы

З розніцай у некалькі дзён на лячэнне ў райбальніцу дастаўлены ляхавічанін  і жыхар вёскі Нача. Аб’ядноўвае мужчын тое, што  яны атрымалі цялесныя пашкоджанні, калі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Трагедыя каля Вострава

30 жніўня трагедыя адбылася на палявой дарозе каля Вострава.  6-гадовы хлопчык з Туркменістана, які гасцяваў летам у бабулі, катаўся на веласіпедзе. Вадзіцель аўтамабіля “ЗІЛ” (жыхар Баранавіч) заўважыў дзіця вельмі позна…

Ад атрыманых траўмаў хлопчык памёр на месцы здарэння.

Праводзіцца следства.

Водна-бензінавы кактэйль

Узбуджана крымінальная справа ў адносінах неўстаноўленай асобы, якая сярод белага дня ў калодзеж каля аднаго з дамоў па вуліцы Зялёнай у вёсцы Петухоўшчына, выліла бензін, чым наўмысна забрудзіла пітную ваду.

Ліса бывае куслівай

Нязваны агрэсіўны госць з лесу з’явіўся днём у мінулую суботу ў вёсцы Падбарочча. У адзін з двароў забегла ліса, пакусала сабаку на прывязі  і ўцякла. Як расказаў намеснік начальніка РАНС Уладзімір Радчанка, сабака пасля вакцынацыі супраць шаленства будзе знахо-дзіцца пэўны час пад наглядам ветэрынарнай службы. Жыхарам вёсак, якія знаходзяцца недалёка ад лесу, неабходна праяўляць пільнасць.

Са зводкамі РАУС і РАНС  знаёмілася
Галіна ЗАРЭЧНАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *