У фармаце «Шляху новага»

Некалі СВК “Шлях новы” аднаму з першых выпала магчымасць адчуць перамены   ад маштабнага пераўтварэння цэнтра гаспадаркі –  вёскі Навасёлкі – у аграгарадок. Усё мянялася на вачах: аднаўлялася   і пашыралася інфраструктура, асфальтаваліся вуліцы, нават электралінія мадэрнізавалася. Наводзіўся парадак   і на вытворчасці: на мехдвары тэхніка   стала захоўвацца ў гаражах і пад павецямі, рэканструяваліся МТФ, будаваліся склады, у гаспадарцы быў узведзены першы ў раёне малочны комплекс з даільнай залай – на той час самая прагрэсіўная навінка ў малочнай жывёлагадоўлі…
Гэта быў пачатак вялікіх перамен, якія і сёння маюць працяг.
Гаспадары зямлі
Напэўна, нямногія сельгас-прадпрыемствы сёння могуць пахваліцца тым, што сярэдні ўзрост іх работнікаў – каля 40 гадоў. Трэба мець асобыя ўмовы працы і быту, каб моладзь замацавалася ў сельскай мясцовасці. Іх у гаспадарцы стварылі самі – шчырай, самаадданай працай, якая прыносіць добрыя вынікі.
Сёння на чале гаспадаркі –  нядаўні выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Сяргей Кашча. Яго першым намеснікам стаў Віталій Кульбіцкі, якому таксама крыху за 30. Сабралася такая ж маладая каманда асноўных спецыялістаў. Ініцыятыўная, творчая натура з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі – намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце  Тамара Марцінкевіч, прафесіянал у сваёй справе намеснік па жывёлагадоўлі Ірына Камінская, патрабавальны і граматны вядучы заатэхнік Міхаіл Міхальчык, адданая рабоце галоўны ветурач Вольга Каваленка. Наогул, усе “галоўныя”, у тым ліку начальнік вытворчага ўчастка Аляксандр Рамейка, бухгалтар Ала Равінская, эканаміст Вольга Ждановіч – адукаваныя, вельмі нераўнадушныя і абавязковыя. Усе маладыя, апантаныя жаданнем дзейнічаць, праявіць сябе ў выбранай прафесіі і дабіцца найлепшых вынікаў, таму што, у добрым сэнсе, у памочніках у іх юнацкі максімалізм, таму што ўсе яны людзі ад зямлі, якую любяць, лічаць сябе яе гаспадарамі. А гаспадары з іх атрымаліся сапраўдныя – дбайныя, прадбачлівыя, працавітыя.
Малочны клопат
Штодзень з СВК “Шлях новы” адпраўляецца на перапрацоўку на малочны завод каля 40 тон малака, і кожную пяцідзёнку каса гаспадаркі папаўняецца чарговымі 110 тысячамі рублёў. Іменна таму, што гэтыя грошы рэальныя, “жывыя”, атрыманыя “тут і зараз”, якія можна выкарыстаць на патрэбы гаспадаркі, яе далейшае развіццё, своечасовую аплату працы работнікам, – гаспадарка надае прыярытэтную ўвагу малочнай жывёлагадоўлі. Для паспяховай работы МТФ і малочных комплексаў ствараюцца выключныя ўмовы.
На Навасёлкаўскім комплексе з даільнай залай утрымліваецца 958 кароў. Калі загадчыкам стаў малады спецыяліст Аляксей Курыла, здаецца, сітуацыя яшчэ больш стабілізавалася. Ён трымае пад кантролем усе пытанні, якія датычаць здароўя жывёл, захавання тэхналагічнага рэжыму, умоваў працы работнікаў і г.д. 14 літраў малака ад каровы штодзень – вынік звычайны, як і 98 працэнтаў ад штодзённых 12 тон – гатунак экстра. Абслугоўваюць тутэйшы статак   6 аператараў машыннага даення, і кожная з працаўніц вартая павагі.
Захаванне высокіх якасных параметраў – важнейшыя пытанні і для калектыву МТФ “Вялікая Лотва”, які ўзначальвае Валянціна Курловіч. На Зубелевіцкай МТФ, дзе няма такіх выгод, як у калег, палова атрыманай прадукцыі –   самай высокай якасці. Загадчыца МТФ Зінаіда Коктыш (дарэчы, аграном па адукацыі) кіруе вытворчымі працэсамі граматна і, галоўнае, здолела сфарміраваць калектыў дружны і адказны. А яшчэ у сельгаскааператыве працуюць МТФ у Галавачах (загадчыца Валянціна Анціпенка), Бажках, дзе калектыў узначальвае Наталля Махнач, Літве (загадвае Руслан Грынкевіч). Хоць фермы і старыя (у планах – рэканструкцыя), аднак іх уклад у малочную жывёлагадоўлю гаспадаркі значны.
Добрай навіной можна назваць увядзенне ў строй новай МТФ у Сакунах. Пакуль што там пастаўлены на ўтрыманне 180 нецеляў, але ўжо ў сакавіку пачнуцца расцёлы, запрацуе даільная зала – тады можна чакаць і першую прадукцыю. Каб поўнасцю задзейнічала першая чарга новай МТФ, пагалоўе будзе павялічана да 320 кароў: для аднаўлення і папаўнення статка ў гаспадарцы ёсць 460 цялушак.
– Наша гаспадарка набыла малочны накірунак, які мы намераны развіваць і далей, і на гэтую асноўную галіну вытворчасці працуюць усе падраздзяленні, –  зазначае  Сяргей Кашча.
Пагалоўе БРЖ у “Шляху    новым” дасягнула 8332, у тым ліку дойны статак 3435.
Там, дзе б’ецца  сэрца   гаспадаркі
Гэта ўжо гістарычны сімвал –   гусенічны трактар, узняты на п’едэстал пры ўездзе на машынны двор СВК “Шлях новы”, які назвалі «сэрцам гаспадаркі». Сталёвы конь некалі быў асноўнай калгаснай магутнасцю, іменна ён узнімаў хлебныя гектары тых гадоў. А сёння ў гаражах, пад павецямі і проста на асфальтаванай пляцоўцы –  цэлы парад тэхнікі. Атрад механізатараў і вадзіцеляў – 78 чалавек, інжынерная служба – маладыя, адукаваныя, крэатыўныя, якія ведаюць усе тонкасці самай складанай сучаснай тэхнікі. Старэйшы па пасадзе сярод 8 інжынераў – Дзмітрый Блашэнка, а галоўны прыярытэт служба аддае самастойнасці ў рамонце, наладцы і тэхнічным абслугоўванні механізмаў любой складанасці. Як кажуць, залатыя рукі ў майстра-наладчыка Івана Паляшчука, токараў Уладзіміра Мамчыца і Валерыя Сакуна, зваршчыкаў Леаніда Гарэліка і Пятра Мішкевіча. Ужо цяпер рыхтуе “Ягуар” для ўборкі траў механізатар Аляксандр Станчык, ладзяць пасяўныя агрэгаты Генадзій Місько, Сяргей Аўдзейчык, Валерый Кісялевіч, а Дзмітрый Новік са сваёй тэхнікай ужо гатовы да веснавых работ. Такі тут закон: рыхтуй колы зімой…
У гаспадарцы ўсё ладзіцца. Вырасцілі добры хлебны каравай. Не такі, зразумела, як летась, калі пасля дапрацоўкі атрымлівалася на круг па 63 цэнтнеры збожжа. Але сёлетнія 47,3 цэнтнера з гектара – выдатная ўраджайнасць, на якую расшчодрылася зямля насуперак капрызнаму надвор’ю. На кожную ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі па 25 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў. Штогод перазалужаюць па 500 гектараў старых сенакосаў і пашы, прычым, выкарыстоўваюць толькі сваё насенне. Цалкам падрыхтавалі  фонд яравых (за выключэннем тых, што будуць набывацца для сортаабнаўлення), 80 тон ячменю гатовы прадаць іншым сельгас-прадпрыемствам. Агранамічная служба пад кіраўніцтвам галоўнага спецыяліста Аляксандра Буйкевіча цяпер распрацоўвае структуру пасяўных плошчаў і сістэму прымянення ўгнаенняў…
Шанцуе людзям? Проста яны працуюць – штодзённа, настойліва.
А яшчэ любяць сваю зямлю, шануюць памяць продкаў і гісторыю вёскі, у якой цесна перапляліся гераічныя ваенныя старонкі, слаўныя працоўныя,  прыгожыя культурныя і духоўныя.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота аўтара.

Старшыня СВК «Шлях новы» Сяргей Кашча.

Эканаміст Ганна Дунчык, бухгалтары Валянціна Адаська, Анастасія Вабішчэвіч, Юлія Касцюкевіч, Ала Дзенісеня.

Механізатары Аляксандр Дзядовіч, Аляксандр Кендыш, Дзмітрый Усакоўскі, Генадзій Місько.

Механізатары Іван Паляшчук, Леанід Гарэлік, Валерый Сакун, Аляксандр Мурочак, Мікалай Курловіч.

Галоўны інжынер Дзмітрый Блашэнка, механізатары Аляксандр Станчык, Віктар Жмурко.

Інжынер Сяргей Камінскі і механізатар Сяргей Скрунда.

Аператары машыннага даення Таццяна Шустал, Ірына Масцілоўская

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *