У Ліпску святкавалі юбілей. Ліпскаму народнаму хору – 60

Якія ”Дажынкі” без ліпскіх пявунняў!

Мінаюць і аддаляюцца дзесяцігоддзі, змяняюцца эпохі, чалавецтва выходзіць на ўсё больш высокія межы навукова-тэхнічнага прагрэсу, а складзеныя сто ці, можа, і дзвесце гадоў назад арганічна простыя радкі беларускай народнай песні не старэюць, не страчваюць сваёй жыццяздольнасці.

Жыве народная песня дзякуючы таленавітым людзям, а ліпская зямля багатая на таленты. Яны не уяўляюць свайго жыцця без мілагучнай мелодыі, простых, пранікнёных слоў. Для іх песня – гэта жыццё, а жыццё – сама песня… Гэтыя радкі – і пра Ліпскі народны хор, які днямі адзначыў юбілейныя даты: 60-годдзе з дня ўтварэння і 30 гадоў з дня прысваення звання “народны”.

Калектыў быў арганізаваны ў 1956 го- дзе. Тады яго ўдзельнікі збіраліся ў бібліятэцы, каб спяваць свае цудоўныя песні. Кіравала хорам Ангеліна Санько. У яго склад уваходзілі маладыя спецыялісты калгаса “Шлях Ільіча” і настаўнікі Ліпскай сярэдняй школы. Затым хор узначаліў настаўнік музыкі Ліпскай СШ Рыгор Зыбайла. З 1973 па 1976 год хорам кіравала Аліна Кабылінская. А з 1976-га – вось ужо 40 гадоў – нязменным кіраўніком калектыву з’яўляецца Святлана Дыдышка.

Пасля заканчэння Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча яна прыехала працаваць у Ліпск і засталася на ўсё жыццё. Тут выйшла замуж, выгадавала двух сыноў, працавала настаўнікам музыкі і спеваў у Ліпскай школе і кіраўніком хору пры мясцовым Доме культуры. Праз 10 гадоў самаадданай творчай працы калектыў пад яе кіраўніцтвам атрымаў ганаровае званне “народны”.

У Ліпскім народным хоры спяваюць людзі самых розных узростаў і прафесій, а аб’ядноўвае іх адно – шчырая любоў да песні.  Творы, якія выконваюць удзельнікі калектыву, розныя па жанравых напрамках, характары, стылі выканання. Рэпертуар пастаянна абнаўляецца і лёгка ўспрымаецца гледачамі. Ён багаты на гумарыстычныя, беларускія народныя песні, фальклорна-этнаграфічныя замалёўкі. Адметнае месца займаюць у ім народныя творы ў апрацоўцы нашага земляка Эдуарда Сіліцкага і на вершы знакамітага ўраджэнца Ляхавіччыны Леаніда Пранчака. На працягу многіх гадоў удзельнікі хору разам са Святланай Віктараўнай запісваюць песні сваёй мясцовасці ад старэйшых жыхароў вёсак Ліпск, Заліпенне, Залужжа і затым выкарыстоўваюць у сваім рэпертуары.

Творчы шлях калектыву даволі насычаны. Як і ў сапраўдных артыстаў, былі гастролі: выступалі ў Брэсце, у тым ліку на студыі абласнога тэлебачання. Амаль ні адно раённае свята не абыходзіцца без удзелу ліпскіх спевакоў. Калектыў пастаянна прымае ўдзел у правядзенні народных абрадаў “Калядкі”, “Купалле”, “Зажынкі”. Неаднаразова ўдзельнічаў у раённым свяце працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, раённым свяце фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных”.

Ліпскі народны хор прапагандуе беларускую народную песню і ў гэтым з’яўляецца выдатным прыкладам для падрастаючага пакалення. Сваёй творчасцю і самабытнасцю гэта пацвярджае спадарожнік хору – дзіцячы фальклорны ансамбль “Весялушкі”, а таксама ўдзел калектыву ў тэлевізійным праекце “Наперад у мінулае”.

Шчырымі апладысментамі віншавалі юбіляраў землякі, аднавяскоўцы. Падарункі з нагоды юбілею самадзейныя артысты атрымалі і ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Раённы метадычны цэнтр аказаў дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства. Прыем-ным сюрпрызам для юбіляраў і гледачоў стала віншаванне ад народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК.

Хочацца пажадаць Ліпскаму народнаму хору адзначыць яшчэ не адну круглую прыгожую дату.

Юрый ГРЫНЬ,

дырэктар раённага метадычнага цэнтра.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *