Тэлефон і моветон

Суботняя раніца. Доўгачаканы выхадны. Можна дазволіць сабе нейкія прыемнасці, напрыклад, паспаць удосталь. Толькі вось хтосьці вырашыў інакш, і яшчэ да васьмі гадзін раніцы пранізліва зазвінеў тэлефон:
– Добрай раніцы! Мяне завуць Марына. Запрашаю вас на прэзентацыю, якую сёння ў 16 гадзін кампанія N  праводзіць па адрасе… – жыццярадасны голас  стракоча без перапынку, не пакідае магчымасці зваротнай сувязі. Не вешаю трубку па адной прычыне –  з-за патрэбы спыніць бесцырымоннае ўварванне ў маю асабістую прастору,  папярэдзіць яго ў наступны выхадны. І калі зрэшты ўкрапляюся ў словапаток, задаю рытарычнае пытанне: ці выкладалі ў “фірме” тэлефонны этыкет, які адназначна зацвярджае табу на званкі да 10 гадзін раніцы і пасля 22 гадзін. Другая прычына для абурэння – навязлівасць. Рэклама пэўных тавараў і паслуг такім чынам не ёсць добрая практыка ці ўдалы ход маркетынгавай  палітыкі “фірмачоў”. Наўрад ці кагосьці з тэлефонных абанентаў зацікавіць прапанова, якая паўтараецца з зайздроснай перыядычнасцю з трубкі.
Справа не ў тэлефоне, а ў тэлефонаманіі. Да стацыянарных апаратаў дабавіліся сотавыя. За апошнія 10 гадоў  гэта вынаходніцтва  навукова-тэхнічнага прагрэсу ўзяло ў палон сваіх шматлікіх карыстальнікаў.  У сумачцы, барсетцы, кішэні паліто, спартыўнай курткі, халата – ён заўсёды побач. Дома, на вуліцы, у магазіне, на працы, у час афіцыйнага мерапрыемства “спяваюць” сотавыя тэлефоны і айфоны. Насуперак здароваму сэнсу, этыкету ў самы непадыходзячы момант раздаюцца традыцыйныя мелодыі нокіа, самсунгаў і г.д., развясёлы голас Веркі Сярдзючкі ці рамантычны Джо Дасэна, пазнавальны “Палёт чмяля” ці “Танец з шаблямі”… Згадзіцеся, прывычная карціна. І нават напамін пра неабходнасць адключыць гук тэлефонаў    падчас нарады, канферэнцыі, важнай сустрэчы кардынальна на сітуацыю не ўплывае: звіняць і… “никаких гвоздей!»
Азбучная ісціна: у грамадстве дзейнічаюць не толькі прававыя нормы і законы, але і культурныя. У трэцім тысячагоддзі ўсе мы засвоілі, што  грызці пазногці непрыгожа, не дапамагчы перайсці дарогу старому – не годна, кідаць абгорткі ад чыпсаў ці раскідваць шалупінне ад семачак пад ногі – не дазваляецца, перабіваць таго, хто гаворыць, – супраць усіх правілаў этыкету. А вось варыяцыі  з карыстаннем тэлефонам застаюцца вольнымі. “Любімчыку” дазваляем многае з таго, што ў выніку аддаляе нас ад пастулатаў унутранай культуры. Ды і парушальнікамі працоўнай дысцыпліны робіць – гэта калі надзвычай часта ў рабочы час актыўнічае сотавы, не важна ў якім напрамку: абаненту звоняць ці абанент звоніць.
Лічу, што хвіліна прыватнай размовы ў час, калі трэба і хочацца пару мінут адпачыць ад рабочага працэсу, не забараняецца: усякія бываюць абставіны і акалічнасці. Толькі не трэба вельмі вольна і нахабна трактаваць гэта. Інакш фонам тэлефона становіцца моветон, іншымі словамі, дрэнны тон. У дзевятнаццатым стагоддзі, калі ў арыстакратычнай модзе была французская мова,  гэта гучала як “не камільфо”. У дваццаць першым жа скажам:  бескультур’е. Але ж гэта не пра нас? Безумоўна, у выпадку, калі справе – час, а тэлефон – па правілах этыкету.
Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “Тэлефон і моветон

  • 21/12/2016 в 23:25
    Permalink

    Знакомая ситуация.Если раньше на предложение услуг по телефону корректно отказывалась, ссылаясь на занятость, то сейчас просто кладу трубку. Рекламой заполонили почтовые ящики, заклеили подъезды и вплотную подобрались к личному пространству. Навязчивость только отталкивает.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *