Садовыя сакрэты /фота/

Салон прыгажосці, аўтазаправачная станцыя, міні-кафэ, магазін, аддзяленне банка, бібліятэка, заапарк… Як вы думаеце, дзе  можна сустрэць усё  гэта?
А ў нашым невялікім райцэнтры? Як аказалася, такім наборам запатрабаваных паслуг, праўда з адным удакладненнем – у гульнёвым варыянце, можа пахваліцца група “Праменьчыкі” дзіцячага сада № 3  райцэнтра.

Вось ужо 34  гады па вуліцы Южакова ў Ляхавічах размяшчаецца краіна пад назвай “Шчаслівае дзяцінства”. За гэты час не адну сотню хлопчыкаў і дзяўчынак раніцай кожнага буднага дня сюды прыводзілі бацькі, каб перадаць у  клапатлівыя і пяшчотныя рукі тутэйшых выхавальнікаў і іх памочнікаў. Малым тут добра, утульна, цікава.Так было, ёсць, і абавязкова будзе і далей – пры   важкім клопаце дзяржавы пра падрастаючае пакаленне.

Як жыве самая вялікая дашкольная ўстанова Ляхавіччыны (у садку 12 груп), яе 220 маленькіх выхаванцаў і дарослыя, якія тут працуюць?

…У дзіцячым садзе цёпла і настолькі ціха, што чуваць, як за вокнамі гудзе вецер. Праходзіць некалькі хвілін, і ўсё  напаўняецца звонкімі дзіцячымі галасамі. Ціхі час скончыўся.

І вось сталы накрытыя, дзяжурныя запрашаюць сваіх аднагрупнікаў на  падвячорак.

– Больш за ўсё любім запяканку з тварагу, яна  смачная, – гавораць  дзве Насці – Кавальчук і Бурчыц з сярэдняй групы   “Вясёлка”.

Пустыя талеркі пасля яды – лепшая ацэнка тутэйшым поварам.

– Катлеты сёння цудоўныя! – запэўнівае, бы дарослы, чатырохгадовы Косця Дрозд.

Безумоўна вялікі плюс для бацькоў, што іх дзіця не толькі дагледжана, а  і  накормлена – не проста смачна, але і карысна,  збалансавана.  Пра гэта клапоцяцца повары і  медсястра Алена Андрыевіч. Дарэчы, бацькі могуць штодня   даведацца пра садаўскае меню: інфармацыя ў кожнай групе на спецыяльным стэндзе. Напрыклад,  расклад на панядзелак, 12 снежня: сняданак (макароны з сырам, чай з малаком, вафлі); абед (салат з марской і белакачаннай капусты,  суп гарохавы,  біточкі з ялавічыны, бульба і агародніна, тушаныя ў соусе, кампот з яблыкаў, хлеб, абавязкова вітамінізацыя); падвячорак (хек, запечаны ў смятане з морквай, бульбяное пюрэ, кефір, хлеб). За дзіцячае  харчаванне   бацькі плацяць самае большае каля 50 рублёў у месяц. І гэта бадай  адзінае з бацькоўскага кашалька. Астатнія выдаткі  на ўтрыманне дзяцей у дашкольных установах бярэ на сябе дзяржава. 2650 рублёў у нашым раёне ( пры сацыяльным нарматыве па краіне 1170)  – у такую суму абыходзіцца бюджэту знаходжанне аднаго малыша ў дзіцячым садзе на працягу года.

–  Гэты навучальны   для нашага дзіцячага садка ўраджайны на прыемныя сюрпрызы і падарункі.  Глядзіце, якія асфальтавыя дарожкі пакладзены па ўсім перыметры садаўскай тэрыторыі!  А яшчэ  сярод абновак – мяккая мэбля, пасцельная бялізна, коўдры, падушкі, цацкі. Усё зроблена і куплена за бюджэтныя сродкі, – праводзіць экскурсію загадчыца дашкольнай установы Людміла Мяжуева. Людміла Юр’еўна – кіраўнік малады, узначальвае калектыў дзіцячага сада каля двух  гадоў, раней  працавала тут выхавальнікам.

Калектыў вельмі творчы.  Літаральна ўся атрыбутыка, наглядны і дыдактычны матэрыял – справа яго  рук.  Энергіі, актыўнасці, феерверку ідэй вопытных  выхавальнікаў  Ірыны Хмарук, Жанны Канановіч,  Святланы Зубік, Алены Калюда, Наталлі Мішкевіч, Наталлі Шырэй, Алены Варабей, Таццяны Цітко можна па-добраму пазайздросціць. Яны пастаянна прыдумваюць нешта новае, абавязкова ў гульнёвай форме – гэта падабаецца  іх маленькім  выхаванцам, спрыяе  іх творчаму і інтэлектуальнаму развіццю.

– У нашай групе “Вясёлка” зараз 20 чатырох-пяцігадовых чамучак. З імі не засумуеш, – зазначае выхавальнік з 24-гадовым стажам Вераніка Шаўлякова.

Тым часам у сярэдняй  групе “Знайка”  не да размоў: ва ўсю  ідзе будаўніцтва і канструяванне: Косця майструе пісталет,  Вася – гараж. Дзяўчынкі дапамагаюць. За імі ўважліва назірае малады выхавальнік Вікторыя Васілеўская, якая ўсяго другі месяц працуе тут, але паспела ўжо вытрымаць артыстычна-педагагічны дэбют: справілася з  роляй  Снегавіка  на  пасяджэнні раённага  метадычнага аб’яднанання дашкольных работнікаў.

Выхоўваць маленькіх непасед Вікторыі  дапамагае вопытны памочнік Валянціна Янушка. Яна працуе з моманту адкрыцця дзіцячага сада.

У  групе “Сяміцвецік” бойка ідзе гандаль. Нарасхват у маленькіх пакупнікоў мяса-малочная прадукцыя. Нічога, што, пельмені, каўбаса, сала – з пенапласту.

– Гэта я сама рабіла. Мама і тата крышачку дапамагалі, – раскрывае тайну  чатырохгадовая Каця Жаўрыд і дадае, што як вырасце будзе прадаўцом.

– А я  салдатам, –  адкамандзіраваўся яе  аднагрупнік  Рома Майсюк.

– Буду мастаком, – гаворыць  Насця Паўлоўская.

Чарговы працоўны дзень (а дзіцячы сад адкрывае дзверы  ў 7.15) набліжаецца да завяршэння.  Мамы і таты, іншы раз   бабулі ці дзядулі спяшаюцца ў садок за сваімі малымі.

– Я рада, што Максіма і Дашу ўладкавалі менавіта сюды. Жывём  побач – зручна. Выдатныя ўмовы,  добрыя, уважлівыя  выхавальнікі. Дзецям падабаецца, – дзеліцца ўражаннямі  Наталля Арэшка.

Выхавальнік малодшай ясельнай групы Марына Шчука звяртае ўвагу на  ўпрыгожаную  папяровымі рамонкамі  калону:

– Гэты цуд зрабілі мамы нашых  выхаванцаў.

У дзіцячым садзе № 3, бацькі – найпершыя памочнікі ў  паўсядзённых справах і клопатах. Дапамагаюць ствараць утульнасць на садаўскай тэрыторыі, размалёўваць сцены, садзейнічаюць у  падрыхтоўцы да новага навучальнага года. І іх важкая  заслуга ў  тым, што сёлета дашкольная  ўстанова перамагла ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні.

Цяпер жа – падрыхтоўка навагодніх ранішнікаў:  напісаны пісьмы Дзеду Марозу, раздадзены ролі для спектакляў, шыюцца касцюмы, вучацца вершы. І хутка ў шчаслівай краіне дзяцінства зазіхаціць рознакаляровымі агнямі прыгажуня-ёлка.

У падарожжа ў казку  адправяцца ўсе 865 выхаванцаў з 19 дашкольных устаноў раёна.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На здымках: імгненні садаўскага жыцця.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *