Гэта мы – землякі

У першую суботу верасня, адклаўшы свае штодзённыя клопаты, жыхары Тальмінавічаў сабраліся, каб адзначыць свята сваёй вёскі. Сустрэліся, каб разам адпачыць і ўшанаваць пачэсных гасцей, якіх на свяце было нямала. Сярод іх старэйшая жыхарка Тальмінавіч 89-гадовая Валянціна Максімчык і самыя маленькія вяскоўцы Аляксей Пастушак і Кіра Варэйка – аптымістычная перспектыва нашага аграгарадка. Пра шчаслівае дзяцінства гаварылі і тады, калі ўшаноўвалі мнагадзетную  сям’ю Страковіч, у якой выхоўваецца пяцёра дзетак.

Па традыцыі сакрэтамі сямейнага шчасця дзяліліся з аднавяскоўцамі сямейныя пары з самым важкім стажам сумеснага жыцця: Вацлаў і Галіна Асосы, якія разам 61 год, Вікенцій і Галіна Шпакі, чый сямейны стаж вылічваецца 57 гадамі, Вікенцій і Соф’я Максімчыкі (іх сям’і – 51 год), сярэбраныя юбіляры Святлана і Раман Ходары. Многаму можна павучыцца ў іх маладой сям’і Ірыны і Аляксандра Мікалаевых.

З болем у сэрцы тальмінавічане ўспомнілі свайго земляка Святаслава Мядзведскага, які загінуў у Афганістане. Выказалі словы ўдзячнасці за мужнасць воінам-інтэрнацыяналістам Віктару Савасцюку, Рыгору Карчэўскаму, Аліку Міклашэвічу.

На свяце былі падведзены вынікі конкурсу на лепшы двор і кветнік. Яго пераможцамі сталі Соф’я Кетко і Галіна Коршун. Падарунак атрымаў і Іван Шпак, чый падворак яскрава сведчыць, што ў гаспадара залатыя рукі, якія з розных спадручных матэрыялаў ствараюць сапраўдныя цуды.

Для вяскоўцаў гучала музыка, ім былі адрасаваны шматлікія пажаданні дабра. Даспадобы прыйшлося выступленне самадзейных артыстаў з Русінавіцкага СДК. Свята адбылося такім вясёлым і шчодрым яшчэ і дзякуючы дапамозе СВК “Тальмінавічы”.

Ірына КАНЦЫЛЯРЧЫК,
в.а. дырэктара СДК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *