Тухавіцкага цяпла хопіць на ўсіх

Вытворчы год у тухавіцкіх торфабрыкетчыкаў доўжыўся 11 месяцаў: 1 снежня прадпрыемства выканала гадавое заданне, нягледзячы на тое, што яно было на 30 працэнтаў больш леташняга. Па выніках каляндарнага года вытворчасць брыкетаў яшчэ больш узрасце, плануецца, што яна складзе 144 працэнты да мінулагодняй. Прычым, сёлета завадчане на склад не працуюць: кожная тона – пад рэалізацыю.
Акрамя “сваіх” спажыўцоў торфабрыкетаў і тарфяной сушонкі (ААТ “Краснасельскбудматэрыялы”, ”Беларускі цэментны завод”, ”Крычаўцэментнашыфер”, гаррайпалівазбыты і ЖКГ суседніх раёнаў, прыватнікі), актывізавалі закуп паліва замежныя пакупнікі. Калі раней ТБЗ “Ляхавіцкі” супрацоўнічаў толькі з Польшчай і Літвой, то сёлета заключаны дагаворы з Расіяй (Калінінградская вобласць), пасля пробнай партыі пажадалі ацяпляцца беларускім палівам некаторыя ўкраінскія прадпрыемствы,   ёсць пакупнікі ў Латвіі, Германіі, груз з Тухавічаў накіраваўся ў Славенію, больш як 3 000 тон літаральна днямі будуць адгружаны ў  Фінляндыю.
Сёлета экспартныя пастаўкі прадпрыемства ўзраслі амаль у 3 разы. Каб умацаваць партнёрскія сувязі, торфабрыкетчыкі асобую ўвагу ўдзялілі якасці прадукцыі, дакладна выконвалі ўсе патрабаванні спажыўцоў: у Германію і Славенію адпраўлялі торфабрыкеты, расфасаваныя па 10 кілаграмаў у поліэтыленавыя пакеты, для латвійцаў грузілі на паддоны па 500 кілаграмаў і па тоне, а таксама ў спецыяльныя мяхі “біг-бэг”…
Каб трывала замацавацца на замежным рынку, торфабрыкетчыкі ставяць перад сабой новыя задачы па мадэрнізацыі вытворчасці і тэхнічным пераўзбраенні прадпрыемства. Акрамя таго, што нядаўна закупілі спецыяльную цыстэрну для дастаўкі тарфяной сушонкі, на заводзе устанавілі новую тэхналагічную лінію па адборцы сыравіны і пагрузцы яе ў аўтатранспарт. Вядзецца мадэрнізацыя абсталявання, якая зменшыць запыленасць, а таксама сэканоміць расход электраэнергіі і вады.
Дырэктар ТБЗ “Ляхавіцкі” Уладзімір Гунько спадзяецца, што наступны год будзе таксама прадукцыйным. Плануецца, што  вытворчасць брыкетаў павялічаць на    20 працэнтаў. Тухавіцкага цяпла хопіць на ўсіх.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *