У нашага «Ляхавічка» бездакорная малочная рэпутацыя

Да выбару прадуктаў да дамашняга стала абсалютная большасць з нас падыходзіць адказна і ўзважана. Хочацца, каб сям’я спажывала прадукты не толькі смачныя, свежыя і разнастайныя, але і натуральныя, здаровыя і карысныя. Знайсці патрэбнае – тое, што задаволіць не толькі па якасці, але і па кошце, – на шчодрых магазінных паліцах часцяком аказваецца справай не надта простай. І вельмі прыемна канстатаваць, што пры выбары малочнай прадукцыі такое пытанне перад многімі землякамі (ды і не толькі землякамі – і гэта таксама прыемная акалічнасць)  не паўстае: у спажывецкія карзіны адпраўляюцца малако, кефір, масла і смятана вытворчасці СААТ “Ляхавіцкі малочны  завод”.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што гэтым папулярным наборам асартыментны пералік прадукцыі пад брэндам “Ляхавічок” далёка не абмяжоўваецца. Мясцовыя малакаперапрацоўшчыкі прапануюць пакупнікам каля паўсотні найменняў цэльнамалочнай, тварожнай, дэсертнай і іншай прадукцыі на розныя густы і выпадкі. Свой спажывец знаходзіцца і ў плаўленага сыру, і ў ёгуртаў, і ў тварожнага крэму, і ў пудынгаў, і ў маслянкі. Хтосьці прынцыпова купляе масла толькі самай высокай – 82,5 працэнта – тлустасці, а нехта аддае перавагу больш лёгкаму 62-працэнтнаму, нямала аматараў і ў шакаладнага. Ёсць даволі шырокі выбар па тлустасці і ў малочнай, і ў кісламалочнай лінейцы прадукцыі.
Але, безумоўна,  не толькі шырынёй асартыменту “падкупляе” пакупніка Ляхавіцкі малочны. У першую чаргу – бездакорнай малочнай рэпутацыяй. Гэта якраз той выпадак, калі азначэнні “натуральна”, “смачна” і “якасна” пацверджаны аўтарытэтнымі сертыфікатамі, у тым ліку міжнароднымі, унушальнай калекцыяй узнагарод, у якой, сярод іншых, – прэміі ўрада і аблвыканкама ў галіне якасці, дыплом лаўрэата конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, дыпломы пераможца ў міжнародным конкурсе-дэгустацыі “Лепшы смак”… Сёлета ўзнагародную скарбонку прадпрыемства дапоўнілі дыплом фіналіста прэміі спажывецкага прызнання “Народная марка” ў намінацыі “традыцыйныя малочныя прадукты”, россып узнагарод прэстыжнага конкурсу “Чэмпіён смаку”.
Зусім нядаўна чарговы раз папоўніліся і паліцы са шматлікімі дыпломамі за перамогу ў  грамадскім конкурсе “Лепшая прадукцыя года”, які штогод праводзіцца Беларускім таварыствам абароны спажыўцоў, навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі па харчаванні і ТАА “Экабрэйн”. На гэты раз перамогу Ляхавіцкаму малочнаму заводу прынеслі ў сваіх намінацыях малако пітное пастэрызаванае з масавай доляй тлушчу 3,9 працэнта, масла салодка-сметанковае несалёнае тлустасцю 70 працэнтаў, 7-працэнтны тварог і смятана тлустасцю 20 працэнтаў. Не парушылі сёлета і адну з добрых заводскіх традыцый – зноў прывезлі дадому гран-пры гэтага конкурсу “За стабільна высокую якасць выпускаемай прадукцыі”.
З улікам згаданых акалічнасцяў, зусім не здаецца дзіўным, што з выбарам малочнай прадукцыі многія гаспадыні (не толькі мясцовыя, а, напрыклад, і жыхаркі беларускай сталіцы, іншых вялікіх і маленькіх гарадоў) вызначыліся даўно і канчаткова – на карысць “Ляхавічка”.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *