Жыццёвае поле

Некалі Мікалай Варажун прыехаў у калгас “Беларусь” працаваць аграномам. Мясцовыя дзяўчаты шушукаліся, маўляў, “новы” хлопец з’явіўся, статны і  сур’ёзны. Аднак ён аказаўся мужам дзяўчыны з Зарытава, з якой разам вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

Хуткім часам паказаў сябе выдатным аграномам і добрым арганізатарам: хоць малады, але  заваяваў аўтарытэт. І ў раёне пра яго загаварылі як пра перспектыўнага спецыяліста, паставілі ў рэзерв як будучага кіраўніка. Не доўга яму давялося быць “запасным” іграком: узначаліў калгас імя Леніна. Год за годам прыносілі вопыт і сталенне, што адбівалася канкрэтнымі рабочымі вынікамі. А дапаўненнем да ўсяго  памяркоўны і дружалюбны характар. Мікалай Пятровіч атрымаў у спадчыну ад сваіх бацькоў любоў да хлебаробскай працы і людзей, што шчыруюць на зямлі. Старшыня Варажун не пакінуў без увагі ні аднаго селяніна, які звярнуўся да яго з просьбай ці пытаннем, не шкадаваў асабістага часу, каб завяршыць пачатую справу, ніколі не пагрэбаваў пераступіць парог дома састарэлых, ужо былых працаўнікоў сваёй гаспадаркі, каб спытаць пра жыццё-быццё і чым дапамагчы… Вёска і вяскоўцы сталі важнай часткай яго жыцця.

Калі Мікалай Варажун узначаліў упраўленне райсельгасхарчу, клопаты яго памножыліся ў разы. Спраўляецца. Прычым, як адзначаюць многія яго калегі-аграрнікі, вырашае пытанні заўсёды з веданнем справы, патрабавальна, у той жа час вельмі тактоўна і кампетэнтна.

У юбілейны дзень нараджэння калегі паднеслі Мікалаю Пятровічу святочны каравай  – сімвал дастатку, нястомнай працы хлеба-роба. Ён прыняў яго з асаблівай пашанай і хваляваннем, бо не па расказах ведае, якая гэта нялёгкая, але высакародная справа – вырошч-ваць хлеб. Калегі нібы зазначаюць, што ён адбыўся як хлебароб.

Няхай яшчэ шмат гадоў радуе Мікалая Варажуна хлебная ніва раёна важкім коласам. І няхай яшчэ шмат гадоў ён будзе мець непасрэднае дачыненне да атрыманых тон зерня, здадзенага дзяржаве малака і мяса. Няхай і шчасце  гэтага вартага чалавека доўжыцца ў сямейных клопатах і радасцях, дзе заўсёды і ўжо шмат гадоў побач і любімая жонка, і сынок з дачушкай, а цяпер ужо і ўнукі. Усё па сцэнарыі, у сюжэце якога – жыццё.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *