“Мяккі шлях” у стыпендыяты

Адметнасці пераходнага ўзросту нічога не вартыя і зусім не канкурэнт цяжкасцям, з якімі сутыкаюцца на “пераходным” адрэзку спартыўнай кар’еры атлеты. Перакваліфікацыя юніёраў у дарослых спартсменаў даецца далёка не ўсім і, найчасцей, вельмі няпроста. Чыста спартыўныя фактары – гэта толькі адзін і не тытульны бок медаля. На другім – псіхалогія, цяжкасці выбару. На пераходным этапе нават для моцных целам і духам вельмі важная падтрымка. Маральная і, не рамантычна, але, па сутнасці кажучы, матэрыяльная. Ужо 11 гадоў ролю пляча, на якое маладыя, таленавітыя, умелыя, настойлівыя і ўжо досыць паспяховыя могуць абаперціся, выконвае Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Штогод ён вызначае і называе сваіх лаўрэатаў з уручэннем адпаведнай атрыбутыкі і назначэннем стыпендый.
Стыпендыяты-2017 былі названы 14 снежня. Сярод 182 маладых атлетаў, а стаць у гэты прэстыжны строй маглі толькі тыя, каму скарыліся высокія міжнародныя спартыўныя п’едэсталы, быў і ляхавічанін. Прычым і сам гэты факт “ідзе на рэкорд”, Уладзіслаў Цярпіцкі не дэбютант у кампаніі стыпендыятаў Прэзідэнцкага спартклуба. Такую ж адзнаку сваім поспехам на міжнародным татамі ён меў летась. А крыху больш тыдня падаспеў і новы тытул.
Што ў аснове? У пасведчанні пра назначэнне стыпендыі абазначана красамоўная сутнасць: “За дасягненне высокіх вынікаў у міжнародных спаборніцтвах па дзюдо ў 2016 годзе”.
Расшыфроўка толькі некалькіх з гэтых вынікаў ілюструе і сведчыць: яны –  чэмпіёны. У маі быў Арэнбург, дзе праводзіўся Кубак Еўропы па дзюдо сярод моладзі да 23 гадоў. Цярпіцкі там прымераў бронзу. У першай палове верасня адбыўся выезд у сталіцу Эстоніі. З талінскага адкрытага ўжо “дарослага” Кубка Еўропы Улад вярнуўся з такой жа вартасці медалём. Ну і апошні ў якасці ілюстрацыі ваяж у Тэль-Авіў. Старажытны горад прымаў маладзёжнае першынство Еўропы, на якім выхаванец ляхавіцкай школы дзюдо стаў бронзавым медалістам.
Яны – гэта яшчэ і першы спартыўны настаўнік Улада, трэнер раённай  ДЮСШ Віктар Богуш. З радасцю за поспехі выхаванца Віктар Мікалаевіч расказвае: “У студэнта выпускнога курса БНТУ, члена нацыянальнай зборнай Беларусі Цярпіцкага час распісаны літаральна па гадзінах. На выхадныя, што нячаста здараецца, на летнія канікулы яму дазваляецца прыехаць у Ляхавічы толькі пры ўмове, што і дома не забудзецца на трэніроўкі. Летам, на канікулах мы працавалі з ім дзень у дзень. Кросы, трэнажорная зала, рэдка – лёгкія спарынгі. Тое ж і на выхадных: калі прыязджае ў пятніцу ўвечары, у суботу абавязкова выходзіць на трэніроўку. Да чаго я ўсё гэта гавару? Вельмі адказны і добрасумленны. Іншы мог бы паабяцаць мінскім трэнерам што заўгодна, абы дазволілі выхадную паездку. Але паабяцаць і не зрабіць – не пра Улада сказана”.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Уладзіслаў Цярпіцкі зноў стаў стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *