У гасцях у казкі. Працягваецца дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», працягваецца фотарэпартаж «ЛВ» з месца святочных падзей

Педагог-псіхолаг цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Дар’я Жэрка з выхаванцамі цэнтра Мацвеем Маслоўскім, Каралінай Казловай, Дамінікай Жэрка.

Вельмі чакалі сустрэчы з Дзедам Марозам і Снягуркай  выхаванцы Ляхавіцкага цэнтра  карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.  Разам з бацькамі і выхавальнікамі развучвалі песні, вершы,  прыдумвалі касцюмы. І вось у мінулы панядзелак  уся  ў бліскучым убранні  святочная зала цэнтра гасцінна расчыніла дзверы і запрасіла рабят і дарослых на навагодні ранішнік ля ёлкі.

Казачныя персанажы ні на хвіліну  не давалі хлопчыкам і дзяўчынкам сумаваць, весялілі іх гульнямі, песнямі, загадкамі, карагодамі,  сюрпрызамі.  І свяціліся радасцю вочы дзяцей ад кожнага чароўнага казачнага імгнення.
Навагодняе прадстаўленне падрыхтавалі для сваіх маленькіх землякоў педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Не абышлося на свяце без самага галоўнага і доўгачаканага моманту: Дзед Мароз і Снягурка ўручылі  рабятам навагоднія падарункі.  Іх падрыхтавалі даўнія сябры  ЦКРНіР: супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта, раённага аддзела ўнутраных спраў,  Наталля  Лойка і калектыў кафэ “Калі ласка”, калектывы цэнтра банкаўскіх паслуг Беларусбанка і гімназіі, прыхаджане Навасёлкаўскай царквы, райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Так нераўнадушныя землякі далучыліся да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая крочыць па краіне.
– Шчасце – бачыць радасць у дзіцячых вачах.  І яшчэ невядома, каму больш патрэбны такія акцыі: хлопчыкам і дзяўчынкам ці нам, дарослым.  Рабіць дабро надзвычай прыемна.  Вось ужо тры гады мы на святы спяшаемся да нашых маленькіх сяброў з добрым настроем і абавязкова з падарункамі. Акрамя  іншага, прынеслі рабятам скрынку жаданняў – магчыма, нейкія іх мары спраўдзяцца ўжо сёлета, –  расказвае начальнік Ляхавіцкага РАСК Віталій Лабанаў.
Навагодні ранішнік, апошнім часам, не адзіны цуд для  гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак. 21 снежня пяцёра выхаванцаў ЦКРНіР сталі ўдзельнікамі чароўнага   дзейства – дабрачыннага навагодняга свята, якое ладзілася ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасці і сабрала з усёй Брэстчыны больш за 250 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Кожны з іх вярнуўся дамоў з добрым настроем і падарункамі. А таленавітая юная ляхавічанка Крысціна Ракашэвіч – пераможца раённай і ўдзельніца  абласной выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці –  атрымала яшчэ і ноўтбук. Дарэчы, Крысціне дапамагла падрыхтавацца да выставы выхавальнік ЦКРНіР Наталля Русакевіч.
Чацвёрты год запар  народная эстрадная студыя “Экспрэс” праводзіць калядныя дабрачынныя канцэрты. 25 снежня ў ГДК быў аншлаг – усе білеты раскуплены. Поўная зала прыхільнікаў творчасці “Экспрэса”, што сабраліся на  дабрачынны канцэрт “Ад сэрца да сэрца!”, таксама паўдзельнічала ў акцыі “Нашы дзеці”:  600 рублёў, сабраных за продаж білетаў, пералічаны на рахунак ЦКРНіР.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Пераможца раённай выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці Крысціна Ракашэвіч з мамай Ліліяй.

У госці да выхаванцаў ЦКРНіР завіталі казачныя персанажы.

Прадстаўленне прыйшлося даспадобы і дзецям, і дарослым.

Дабрачынны канцэрт "Экспрэса"


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *