Сумесны збор

У мінулую пятніцу адбылося сумеснае пасяджэнне сесіі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта.
Са справаздачай пра чаканае выкананне прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2016 год  і пра прагноз на 2017 год выступіў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

Вынікі работы народнагаспадарчага комплексу раёна за 11 месяцаў  Вячаслаў Сельмановіч назваў у асноўным станоўчымі. З паскарэннем адносна мінулагодняй базы працуе прамысловасць раё-на. У першую чаргу, дзякуючы стабільнасці вытворчых тэмпаў малочнага, торфабрыкетнага, ільнозавода і ТАА “Трансэлектракамплект”. З другога боку – кансервавы завод і камунгас, вытворчыя здабыткі якіх сёлета адстаюць ад мінулагодніх. Пра рыначную запатрабаванасць прадукцыі раённых прамыслоўцаў сведчыць іх “склад”. Дапушчальнымі лічацца складскія залежы, што не перавышаюць 55 працэнтаў аб’ёмаў месячнай вытворчасці. Па стане на 1 снежня, раённы прамсклад заставаўся загружаным нават менш чым на 30 працэнтаў ад названага арыенціра. Для параўнання: леташняя сітуацыя характарызавалася некалькі меншым аптымізмам.

Па экспарце паслуг арганізацыі раёна амаль удвая “абагналі” гадавое заданне. У сувязі з чым добрым словам дарэчы ўзгадаць ляхавіцкіх металургаў у асобе ТАА “ТМТ”. Экспартны інжынірынг прынёс прадпрыемству нядрэнныя здабыткі, раёну – дывідэнды. Разам з тым узятую летась высокую планку таварнага экспарту “ТМТ” сёлета не здолела і абазначыць. А пры нядрэннай увогуле экспартнай актыўнасці іншых удзельнікаў замежнага рынку “закрыць” у тым ліку і базу “ТМТ” пакуль не атрымліваецца. Хоць перспектыва ў цэлым па годзе выйсці на прагноз застаецца. Не вельмі выразная, аднак, факт. Пры гэтым, што першачаргова важна, з замежжам Ляхавіччына гандлюе сабе на карысць. У тым сэнсе, што вектар “туды” значна большы за вектар “адтуль” – гэта пра станоўчае сальда.

Сярод эканоміка-вытворчых, сацыяльных плюсаў бягучага года – змяншэнне колькасці беспрацоўных у раёне. Павярнуць сітуацыю атрымалася ў тым ліку і дзякуючы стварэнню новых прадпрыемстваў. Пры першачарговым прагнозе ў 30 на іх знайшлі работу 68 чалавек.

Горш чым у 2015 годзе спрацаваў сёлета сельскагаспадарчы комплекс раёна. У першую чаргу, атрымалася адставанне раслінаводчай галіны АПК ад сябе леташняй. Заметна менш важкім выдаўся зерневы колас, менш атрымана льняной трасты. Не атрымалася падняць і палавіны ад леташніх намалотаў насення рапсу. Гаворачы пра прычыны такога недараскладу, нядобрым словам прынята ўзгадваць надвор’е. Працяглая адсутнасць дажджу, безумоўна, засушыла ўраджай. Але кіраўнік раёна падкрэсліў, што справа не толькі і не столькі ў неспрыяльнасці надвор’я. Многія расслабіліся, канстатаваў старшыня райвыканкама.

Пры гэтым ёсць і навіны са знакам плюс, што прыйшлі з аграпрамысловага стана раёна. Выйсці ў 2016-м на 5-тысячную ўдойнасць сярэдняй раённай кароўкі стала ўжо не марай – рэальнасцю. Падрасла таварнасць малочнай прадукцыі, палепшыліся яе гатунковыя якасці.

Але рэзервы вытворчай паспяховасці далёка не вычарпаны. Дамінантай работы павінны быць тэхналагічная дысцыпліна і дысцыпліна ўвогуле. Неабходна засяродзіцца на павелічэнні пагалоўя жывёлы і паляпшэнні яе прадукцыйнасці. Недастаткова, па ацэнцы Вячаслава Сельмановіча, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы “трацяцца” на абнаўленне тэхнікі і тэхналагічнага абсталявання. Не эканомія гэта, а эканамічная недальнабачнасць.

Прамысловасць, АПК, будаўніцтва, гандаль, яшчэ – тэмы адукацыі, медыцыны, культуры, фізічнай культуры і спорту знаходзіліся ў полі ўвагі сумеснага пасяджэння райсавета дэпутатаў і райвыканкама.

База – эканоміка. А тэмпы росту экспарту тавараў і паслуг, прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, колькасць працаўладкаваных грамадзян прыняты ў якасці прыярытэтных задач эканомікі раёна на год 2017.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *