Час падумаць пра галоўнае

Хлябовіч Георгій Яўгеньевіч

Без сумнення, здароўе – самае вялікае багацце. Не даводзіцца сумнявацца і ў тым, што стан яго  ў большасці залежыць ад самога чалавека: ладу жыцця, звычак, харчавання і многіх іншых фактараў. Безумоўна, хочацца як мага даўжэй заставацца здаровым і бадзёрым. Своечасовы зварот да ўрача – адзін з крокаў да гэтага.

Размова пра дасягненні, планы і перспектывы раённай медыцын  з галоўным урачом  ЦРБ Георгіем  Хлябовічам  (на здымку) адбывалася ў грамадскай прыёмнай райвыканкама.
Для даведкі.
Па серадах у райвыканкаме для аказання кансультацыйнай  дапамогі насельніцтву працуе грамадская прыёмная, дзе, згодна графіка, з 17 да 19 гадзін праводзяць прыём  кіраўнікі ўстаноў і арганізацый, структурных падраздзяленняў райвыканкама. Нашы землякі ў гэты час па тэлефоне ці асабіста  могуць атрымаць адказы на хвалюючыя іх пытанні.
З пытаннем пра  магчымасць  замены ў райбальніцы тазасцегнавога  сустава пры дэфармуючым артрозе да галоўнага ўрача звярнулася  ляхавічанка Ф.  Адказ на тэлефанаванне, магчыма,  будзе цікавы  і іншым.
– Сёлета з красавіка ў райбальніцы пачалі праводзіць высокатэхналагічныя аперацыі па замене тазасцегнавога сустава пры пераломе шыйкі бядра. Замена ж яго  пры дэфармуючым артрозе ў нас пакуль немагчыма з-за адсутнасці так званага банка пратэзаў. Як толькі ён з’явіцца і будзе набыты  неабходны інструментарый – даволі аб’ёмны  і дарагі – такія аперацыі, упэўнены, стануць у ЦРБ звычайнай з’явай, – патлумачыў  Георгій Хлябовіч  і дадаў, што, згодна чаргі, такую пра-цэдуру робяць у медустановах суседніх Баранавічаў.
Пытанні ад “ЛВ”.
– Георгій Яўгеньевіч, наколькі вырашана кадравае пытанне ў раённай медыцыне?
– Якасць аказання медыцынскай дапамогі ў многім залежыць як ад матэрыяльна-тэхнічнай аснашчанасці, так і ад забяспечанасці  спецыялістамі. Дэфіцыт урачэбных кадраў, які раней востра адчуваўся ў раёне, сёння не такі актуальны.  У адказ на заяўкі ЦРБ у Міністэрства аховы здароўя ў наш раён размяркоўваецца дастатковая колькасць  маладых спецыялістаў, а мясцовая ўлада садзейнічае замацаванню іх на месцах. Сёлета, напрыклад, да нас прыйшло  12 выпускнікоў медыцынскіх ВНУ, у наступным годзе чакаем яшчэ 14. Калектыў медыкаў папоўняць урач-анколаг, дэрматолаг, псіхіятр-нарколаг, псіхатэрапеўт, урач функцыянальнай дыягностыкі, рэаніматолаг-анестэзіёлаг, неўролаг, рэабілітолаг,  педыятр і іншыя. Такім чынам, будуць запоўнены  амаль усе стаўкі ўрачоў.
Зараз 7 урачэбных амбулаторый з 8  працуюць па прынцыпе ўрачоў агульнай практыкі. Вяскоўцам не трэба з-за невялікай праблемы са здароўем дабірацца ў райцэнтр. Урач агульнай практыкі – тэрапеўт шырокага профілю, можа аказаць і педыятрычную, і на пачатковым узроўні хірургічную, афтальмалагічную і іншую дапамогу. Напрыклад, накла-дзе невялікія  швы, правядзе нескладаныя маніпуляцыі з вухам-горлам, дыягнастуе неўралагічныя праблемы і паставіць дыягназ, парэкамендуе лячэнне  і накіруе  для далейшай кансультацыі.
Маладыя спецыялісты праходзяць інтэрнатуру ў медустановах  Баранавічаў і Брэста, набіраюцца вопыту, які затым будуць выкарыстоўваць на практыцы, удасканальваць. Наогул, магу сказаць, што ў райбальніцы  фарміруецца моцная кваліфікаваная каманда медыкаў. З нядаўняга часу тэрапеўтычнае аддзяленне ўзначальвае вопытны ўрач Міхаіл Буйкевіч. З 1 лістапада сумяшчае адміністрацыйную дзейнасць – пасаду намесніка галоўнага ўрача – з лячэннем і кансультацыяй пацыентаў Ірына  Волкава – высокакваліфікаваны спецыяліст, якому давяраюць пацыенты.
– Якасць і паўната меддапамогі – гэта тое, што хвалюе ўсіх нашых землякоў, незалежна ад узросту, пасады, іншых акалічнасцяў…
– Безумоўна. Таму ўкараняюцца новыя тэхналогіі ў кардыялагічнай і тэрапеўтычнай дапамозе. З  красавіка ў Ляхавічах выконваецца практычна ўвесь спектр траўматалагічных умяшанняў рознай складанасці.
Урачы ўсіх спецыяльнасцяў за апошнія паўгода прайшлі дадатковае навучанне ў лячэбных установах Баранавічаў і Брэста. І  гэта акрамя абавязковага павышэння кваліфікацыі ў акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску.
Улічваючы ўсё гэта, намячаюцца  якасныя змяненні ў лячэнні і рэабілітацыі пацыентаў, у іх паступова знікае патрэба выязджаць за меддапамогай за межы раёна.
Умацоўваецца і абнаўляецца матэрыяльная база ўстаноў аховы здароўя. Набытая нядаўна артапедычная прыстаўка да хірургічнага стала дазваляе праводзіць усе траўматалагічныя, артапедычныя ўмяшанні на нагах. З вясны ў стацыянары працуе новы рэнтгенаўскі кабінет. Зараз у паліклініцы рэканструюецца  памяшканне пад флюараграфічны кабінет. Міністэрства аховы здароўя закупляе лічбавы флюарограф, які будзе ўстаноўлены напрыканцы першага  квартала 2017 года.  Ён дазволіць зменшыць рэнтгенаўскую нагрузку і палепшыць якасць флюараграфічнага абследавання. За кошт абласнога і раённага бюджэтаў у будучым годзе будзе зроблены капітальны рамонт харчаблока  з заменай тэхналагічнага абсталявання, на гэта плануецца накіраваць  больш за  580000 рублёў.  За кошт раённага бюджэту плануем папоўніць аўтапарк хуткай дапамогі.
– Наколькі даступныя жыхарам  раёна кансультацыі на больш высокім узроўні, і як часта яны назначаюцца?
– Пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў жыхарам Ляхавіччыны даступныя ўсе віды дыягностыкі, і такая магчымасць  даволі шырока выкарыстоўваецца. У Брэсце і ў Баранавічах  аказваюць  не толькі  кансультацыйныя паслугі, але і праводзяць лячэнне ў стацыянары. Калі ў Ляхавіцкай ЦРБ за 11 месяцаў пралячыліся каля 6500 чалавек, то паслугамі абласных медустаноў скарысталіся  796 жыхароў Ляхавіччыны, на міжраённым узроўні ў Баранавічах – 1477 чалавек.  Канешне, будзем старацца, каб як мага больш землякоў усю неабходную дапамогу атрымлівалі на месцы.
– Георгій Яўгеньевіч, якія яшчэ навінкі медыцынскіх тэхналогій сталі даступныя ляхавічанам, і што ў планах?
– Акрамя ўжо згаданага шырокага спектра траўматалагічных і артапедычных умяшанняў, пачалі праводзіцца  электраімпульсная тэрапія (аднаўленне рытму з дапамогай дэфібрылятара), своечасовая каранаграфія ці стэнціраванне (аднаўленне прасвету забітага атэрасклератычнай бляшкай сардэчнага сасуда) пры розных сардэчных захворваннях, укараняецца і шмат іншых лячэбных методык і медтэхналогій. Пры захворваннях і траўмах цэнтральнай нервовай сістэмы і іншых органаў шырока выкарыстоўваецца абследаванне на сучасных МРТ і РКТ-тамографах медустаноў Баранавічаў. Такое своечасовае абследаванне істотна павышае якасць аказваемай меддапамогі.
Перад медыкамі сёння стаіць вельмі важная задача:  пры існуючых тэмпах нараджэння знізіць паказчык смяротнасці насельніцтва, асабліва працаздольнага ўзросту, каб палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў раёне. Далёка не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае своечасовы зварот пацыентаў да ўрача. А для гэтага трэба не толькі заслужыць давер пацыентаў, але і пастаянна яго падтрымліваць. Над гэтым мы працуем штодзень.
– Адна з навінак медабслугоўвання – анлайн запіс на прыём да ўрача. Наколькі ён запатрабаваны?
– Сапраўды, сёння жыхары раёна могуць запісацца на прыём да ўрачоў усіх спецыяльнасцяў праз інтэрнэт. Гэты сэрвіс ужо ацанілі, і колькасць жадаючых скарыстацца ім  толькі павялічваецца. Вывучаецца попыт, які пакажа, ці дастаткова для гэтых мэт  10 -15 працэнтаў талонаў, што выдзяляюцца зараз.
– Ці плануецца пашырэнне пераліку платных паслуг?
– У нашай лячэбнай установе сёння аказваецца 16 відаў платных паслуг. Сёлета сталі даступнымі гінекалагічныя, кансультацыя ўрача хірургічнага профілю (траўматалагічная дапамога), а таксама транспартаванне пацыентаў у суправаджэнні ці без суправаджэння медработніка. Найбольш запатрабаваныя стаматалагічныя і  дыягнастычныя паслугі – рэнтгенаграфія, ультрагукавая, функцыянальная, эндаскапічная і лабараторная дыягностыка. Карыстаюцца попытам платныя фізіятэрапеўтычныя паслугі. Нямала жадаючых падчас лячэння знаходзіцца ў  палаце павышанай камфортнасці ў хірургічным, тэрапеўтычным і неўралагічным аддзяленнях.
Хачу дадаць, што ўся дыягностыка праводзіцца кваліфікаванымі спецыялістамі на сучасным абсталяванні. Так што запрашаем за здароўем у Ляхавіцкую ЦРБ.
Дарэчы, у гэтыя перадсвяточныя дні менавіта трывалага здароўя ад душы жадаю паважаным медыкам і шаноўным пацыентам. Шчыра віншую ўсіх з надыходзячымі Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым!
Гутарыла Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *