Прыёмы супраць… пакупнікоў

Выкарыстана ілюстрацыя

Продаж прадукцыі з зышоўшым тэрмінам прыгоднасці, адсутнасць таварных накладных і дакументаў, якія па-цвярджаюць якасць і бяспеку, незахаванне тэмпературных рэжымаў, нездавальняючы стан памяшканняў і абсталявання – далёка не поўны пералік парушэнняў, якія, на жаль, рэгулярна маюць месца ў гандлёвых аб’ектах у тым ліку і нашага раёна. Пра гэта ішла размова падчас адной з апаратных нарад у райвыканкаме.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў паведаміў, што з пачатку года спецыялісты  райЦГіЭ правялі  193 кантрольна-наглядныя мерапрыемствы, у 190 выпадках выяўлены парушэнні заканадаўства, вынесена 35 прадпісанняў аб  зняцці з рэалізацыі больш як 190 кілаграмаў прадуктаў. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 23 службовыя асобы.
Напрыклад, з 26 верасня па 4 лістапада  санітарная служба  абследавала 18 магазінаў райпо і 10 прыватных, а таксама рэстаран “Ластаўка”. Парушэнні санітарных нормаў і правіл – у кожным з іх.  Што ж так уразіла спецыялістаў санслужбы? У магазінах райпо ў вёсках Ураджайная і Зубелевічы гандлёвае абсталяванне  ў пыле і брудзе, як і некаторы апрацоўчы  інвентар. Дарэчы,  магазін у Зубелевічах неаднойчы  згадваўся  на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама  на працягу  двух апошніх гадоў. На жаль, не з лепшага боку. У магазіне “Анастасія” (ПГУП “Величие”) у Крывошыне прадавалася замарожаная мойва з зышоўшым тэрмінам прыгоднасці. А ў гандлёвых кропках райпо ў Свяціцы, Вялікім Гарадзішчы, Вялікай Лотве агульная вага пратэрмінаванай прадукцыі склала больш за 31  кілаграм.  Непаслядоўнасць  тэхналагічных працэсаў, адсутнасць шафы для хлеба, захаванне агародніны на лесвічнай пляцоўцы,  неэфектыўная вентыляцыя, парушэнні ў выкарыстанні кухонных прыналежнасцей, сумеснае захоўванне гатовай і сырой прадукцыі, некантралюемы тэмпературны рэжым захоўвання прадуктаў харчавання – негатыўныя моманты, выяўленыя  праверкай у рэстаране “Ластаўка”.
Санслужбай сёлета прыпынялася дзейнасць магазіна   “Анастасія” і райпоўскага ў Свяціцы.
Снежаньскі маніторынг  зноў выявіў парушэнні. Таварнае суседства не захоўвалася ў магазінах райпо ў Вялікай Лотве і Вялікім Гарадзішчы, “Юла” ПГВУП “ЮВАЛТРЭЙД” у Тухавічах. У той жа “Юле” прадавалася “Згушчонка з   цукрам” без належных суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку гэтай прадукцыі. У магазіне  райпо ў аграгарадку Конькі зноў выяўлена і знята з рэалізацыі пратэрмінаваная прадукцыя.  Як, дарэчы, і падчас папярэдніх праверак.
На думку галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача, у такой сітуацыі ёсць усе  перадумовы для ўзнікнення вострых кішэчных інфекцый, звязаных з парушэннямі правілаў перавозкі, захоўвання і рэалізацыі харчовай, у  тым ліку і скорапсавальнай  прадукцыі. Важна, каб кіраўніцтва райпо і прыватнікі  арганізавалі і наладзілі эфектыўны сістэмны кантроль за работай падначаленых прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.
Старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч азначаныя парушэнні ў асноўным звязвае з дрэннай работай прадаўцоў, якіх, па яго словах, караюць рублём. Так, напрыклад, сёлета за 11 месяцаў спецыялісты райпо ў падведамасных магазінах выявілі пратэрмінаваных прадуктаў на  3600  рублёў, іх кошт спагнаны з вінаватых прадаўцоў. Яшчэ адной з прычын названы недахоп кадраў, асабліва ў сельскай мясцовасці.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч  запатрабаваў ад Васілія Некрашэвіча навесці парадак у арганізацыі гандлю.
Укладваюцца значныя сродкі ў мадэрнізацыю гандлю (толькі 258000  рублёў пайшло на будаўніцтва і абсталяванне новага магазіна райпо па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры), набываецца новае абсталяванне, а падтрымліваць самы элементарны парадак і чысціню   так і не навучыліся.   Неабходна навесці парадак у магазінах усіх формаў  уласнасці, каб пазбегнуць крайняй меры – закрыцця  гандлёвых кропак, падвёў вынікі старшыня райвыканкама.
Галіна КАНЬКО.
Выкарыстана ілюстрацыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *