Што спраўдзілася. Героі публікацый «ЛВ» пра адыходзячы год

Ала ТУРКІНА,
галоўная медыцынская сястра  цэнтральнай раённай бальніцы:

– Шчыры дзякуй адыходзячаму 2016 году. Ён для мяне быў добрым і ў прафесійным, і ў асабістым плане. Нават цяжка пералічыць, колькі станоўчага адбылося ў медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна. Зладжана спрацаваў  калектыў усіх устаноў аховы здароўя,  комплексная праверка значных недахопаў не выявіла.  Актыўна асвойваюцца новае медабсталяванне ў рэнтгенаўскім  кабінеце, а таксама  артапедычная прыстаўка да хірургічнага стала, у кабінеце функцыянальнай дыягностыкі вельмі дарэчы  партатыўны кардыярэгістратар, які  райбальніцы  падарыў Ляхавіцкі малочны завод. Сёлета атрымалі шмат расходных матэрыялаў,  набылі новае абсталяванне для стэрылізацыі. Падрыхтавана  праектна-каштарысная дакументацыя і выдаткаваны сродкі з раённага  бюджэту  на капітальны рамонт харчаблока бальніцы. Шмат зрабілі па добраўпарадкаванні тэрыторый паліклінікі, бальніц, ФАПаў, урачэбных амбулаторый.

І сёння з натхненнем і гонарам успамінаю дні работы пятага Усебеларускага народнага сходу, дэлегатам якога  мне пашчасціла быць.  У зацверджанай на ім праграме развіцця важная роля адводзіцца ахове здароўя.

З асабістага адзначу, што сёлета  набыла  новы  статус – стала свякроўю: мой сын  ажаніўся. У надыходзячым  2017 годзе жадаю землякам моцнага здароўя,  шчасця, радасці і дабрабыту. Няхай усё задуманае абавязкова спраўдзіцца.

Таццяна ЧАРАНКЕВІЧ,  11-класніца Начаўскай СШ:

– Адыходзячы год  быў для мяне цікавым,  насычаным і хвалюючым, з самымі шчаслівымі імгненнямі. Пачаўся з атрымання дыплома ІІІ ступені па выніках абласной алімпіяды  па біялогіі. Прадоўжыўся паездкай на  шосты  злёт  юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без межаў”, дзе  я стала абсалютнай пераможцай. Праходзіў форум  у  нацыянальным парку “Куршская каса” Калінінградскай вобласці. Гэта было нешта грандыёзнае! Мы ляцелі на самалёце, ехалі аўтобусам, пакуль не ўбачылі прыроду выключнай прыгажосці, унікальнае  месца з асаблівым ландшафтам і кліматам. У сацыяльных сетках да гэтага часу  з удзельнікамі злёту – хлопчыкамі і дзяўчынкамі з Беларусі і Расіі – перапісваюся і дзялюся навінамі. Тыя  9  летніх дзён праімчаліся  як адзін.   Месяц назад дыплом І ступені атрымала ў раённым этапе алімпіяды па біялогіі, зараз рыхтуюся да ўдзелу ў абласным.

Вельмі ганаруся сваімі роднымі і імкнуся быць падобнай на іх.  Сёлета  партрэт маёй мамы Святланы Мікалаеўны занесены на раённую Галерэю славы, а сястра Юля   амаль за паўгода з адваката “вырасла” да загадчыцы юрыдычнай кансультацыі.

Радуюся поспехам рабят з нашай школы. Нядаўна стала вядома, што Юля Падгурская на абласным конкурсе даследчых работ “Мой род, мая сям’я” атрымала дыплом ІІ ступені, Насця Лойша перамагла ў раённым  этапе алімпіяды па абслуговай працы, а ў Мішы Чалядкі – трэцяе месца па краязнаўстве.

Трохі сумна, што ў 2017 прыйдзецца развітацца са школай і сябрамі. Няхай і далей усім шчасціць і задуманае заўсёды становіцца рэальнасцю!

Аксана СУДАКОВА,  мнагадзетная маці:

– Калі мы пераехалі з сям’ёй у вёску Гаслаўшчына, здаецца, разам з намі ў новым доме пасялілася і шчасце. Яно ў дзецях нашых, якія растуць прыгожымі, добрымі, цікаўнымі. Сёлета збылася мара старэйшай: Наталля паступіла ў Баранавіцкі тэхналагічны каледж, атрымлівае прафесію цырульніка. Цяпер старэйшы дома Арцём, які паспяхова вучыцца ў 6 класе, першы памочнік па гаспадарцы і майстар на ўсе рукі, займаецца разьбой па дрэве. Чацвёртакласніца Вераніка малюе і захапіла гэтай справай малодшых Арсенія і Дзіяну. Толькі паспявай прымаць падарункі – мілыя каракулі меншых і абдуманыя спробы намаляваць прыгожае – ад Веранікі. Гэтая сямейная ідылія натхняе, радуе, і я ўжо сама малюю ў думках прыгожыя перспектывы.

Сёлета адбылася вельмі важная для нашай сям’і падзея: Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб узнагароджанні ў тым ліку і мяне ордэнам Маці. Дзякуй дзяржаве за прызнанне, павагу, клопат і дапамогу.

І дзякуй адыходзячаму 2016 году, які падарыў нам столькі прыемных імгненняў. Што чакаю ад наступнага? У маі павінна нарадзіцца дачушка…

Васілій Бут-Гусаім,  трэнер-выкладчык па футболе   ДЮСШ Ляхавіцкага раёна:

– Нягледзячы на багацце падзей, а можа і іменна з гэтай прычыны, год праімчаўся з хуткасцю кур’ерскага цягніка. Як адзін дзень. Зараз спрабую азірнуцца і раскласці ўсё па паліцах. З надзеяй на працяг замацаваць у свядомасці лепшыя і найбольш яркія моманты, вызначыцца з пралікамі і  памылкамі – з супрацьлеглай мэтай.

Гульнявы сезон маладзёжнага першынства Рэспублікі Беларусь сярод дзяўчат доўжыўся з сакавіка па лістапад. Запомніўся шчыльным графікам, складанымі гульнямі.  І, што галоўнае, вельмі паспяховым фінішам. Каманда Брэсцкай вобласці ў складзе 11-12-гадовых футбалістак стала пераможцай гэтага прэстыжнага, пад куратарствам ФІФА, турніра. Выхаванка нашай ДЮСШ Анастасія Пабягайла прызнана лепшым паўабаронцам першынства і трапіла “на карандаш” да галоўнага трэнера зборнай краіны ў гэтым узросце. Як аднаго з настаўнікаў зборнай адзначылі і мяне – атрымаў прыз лепшага трэнера першынства.

Старэйшым ”зборнікам” вобласці – дзяўчатам 2000-2002 гадоў нараджэння – першынство прынесла бронзавыя медалі. Ва ўмовах той канкурэнцыі, усё большай папулярнасці жаночага футбола вынік, лічу, зусім нядрэнны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *