КультУра і яе партытура /фота/

Трыста шэсцьдзясят шостым днём –  апошнім лістком календара развітваецца 2016-ы. Снежань дажджыць, ні завей, ні сумётаў, быццам зацягвае сваё  знаходжанне на Зямлі восеньскім надвор’ем. Але час – гэта тое, што не спыніць. І ўжо заўтра, а дакладней, праз некалькі гадзін мы  паглядзім у вочы адзін  аднаму і прамовім амаль аднолькавыя словы:  вось і прычакалі – з Новым годам!
Але перш чым гэта здарыцца, давайце прыгадаем, што 2016-ы меў велічны статус Года культуры.  Ён вызначыўся, запомніўся, прагучаў надзвычай выразна. І ляхавіцкі адрас многіх адметных падзей стаў не кароткім аўтографам у ягоным раскладзе, а багатым сюжэтам з таленавітымі дзеючымі асобамі.
Як жа мы фестывалілі! Да традыцыйных “З крыніц спрадвечных”,  свята-конкурсу ваенна-патрыятычнай і афганскай песні “Памяць”   далучыўся каларытны фэст “Флер’яноўскія чытанні”, які паказаў і даказаў, што шануем здабыткі мінулага, што культурную скарбонку беражом, папаўняем, абнаўляем, занатоўваем важнае, духоўна і душэўна сілкуемся спрадвечным. Расказваў “ЛВ” і пра  міжнародную алімпіяду мастацтваў   “Куршынале” з Куршынавіцкім адрасам на базе тамтэйшага дома мастацтваў. Не галоўнае,  хто ладзіў, арганізоўваў, ажыццяўляў гэтыя і іншыя праекты, важна, што яны адбыліся, сталі фрагментамі вялікага культурнага дзейства.
Можам, калі захочам. Захацелі – і атрымалася. Няхай не заўсёды так гладка, як магло быць, але абавязкова – ад душы, ад сэрца, з жаданнем ведаць, імкнуцца, любіць. Любіць свой сённяшні дзень і імкнуцца зрабіць яго лепшым, больш дасканалым: расклад на сёння у тым ліку ў імя заўтра і з удзячнасцю да ўчора. У гэтым трыадзінстве такая моц, такая трываласць.
У кожнага часу свае прыярытэты і дасягненні ў культуры і мастацтве.
Але якім бы дасканалым ні было гучанне музыкі з сінтэзатара, якія б навамодныя тэндэнцыі ні  з’яўляліся, скажам так, на сцэне, згадзіцеся, што палескі вальс нават на гэтым канцэнтраваным фоне пачуецца, і настальгічна сціснецца сэрца.
А вясковы гармонік раскажа пра тое, пра што іншы раз не здолее поўны склад шыкоўнага сімфанічнага аркестра. У кожнага свая партыя ў мастацкай партытуры. Бясхітрасныя макаткі, вытанчаныя выцінанкі, простая да геніяльнасці кераміка, застылая прыгажосць выкаванай ружы, у якой, калі прыгледзішся, убачыш вогненныя іскрынкі…  Пейзажы маслам, акварэллю, алоўкам са знаёмымі воку і сэрцу выявамі, партрэты, нацюрморты на вернісажах… Фальклор і высокае мастацтва, класічныя творы і народныя… Опернае сапрана, дзіцячы дыскант ці непаўторнае бардаўскае гучанне… Шэдэўральныя фаліянты і тоненькія рукапісныя  альманахі… У нашага культурнага года шмат адкрыццяў і знаходак, вобразна кажучы, і на вялікай сцэне, і ў сельскім клубе. Поўнасцю аспрэчваю аднойчы пачутае, крыўднае, прыніжальнае: усё, што ніжэй прафесійных падмосткаў, трактуецца як “узровень і таленты правінцыяльнага маштабу”. Маштаб гэты крынічны, ён сілкуе Мастацтва. Каб стаць маэстра, трэба пачаць з азоў; каб стаць зоркай, трэба назапасіць святла і цеплыні ў мегаканцэнтрацыі; каб быць пачутым не з дапамогай выключна дэцыбелаў і мікрафона,  трэба знайсці самае трапнае і шчырае слова і інтанацыю.
Культурны год доўжыцца на цэлы дзень больш трох папярэдніх. Мусіць, і гэта акалічнасць падказвае важнасць, важкасць, жыццёвасць ягонай сутнасці, якая абавязкова будзе расшыфроўвацца, дапаўняцца, прымнажацца і ў будучыні. Спыняцца нельга працягваць. Коску безварыянтна ставім пасля другога слова: спыняцца нельга, працягваць.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *