Іван ды Мар’я. Кароннае вяселле адзначаюць ляхавічане Стыкуці

Ніякіх асаблівых сакрэтаў сямейнай трываласці ў ляхавічан Івана Іосіфавіча і Марыі Міхайлаўны Стыкуцёў няма. Абавязковая, на іх погляд, умова шчаслівага шлюбу – ва ўменні чуць адзін аднаго і паважаць. Мусіць, менавіта гэта дазваляе закаханасці перарасці ў пачуццё, пра якое марыць кожны з нас, – у любоў на ўсё жыццё.
…Якраз 70 гадоў назад у гэтай жа хаце па вуліцы Мінскай, дзе і сёння жывуць, згулялі вяселле. Дваццаціпяцігадовы Янак і яго юная жонка пачыналі сумеснае жыццё ў пасляваенны час. Маладымі, але з багажом выпрабаванняў. Чаго вартае толькі няшчасце быць вывезеным фашыстамі ў Германію на прымусовыя работы… Гэта бяда напаткала Івана Стыкуця. Але пашанцавала застацца жывым, вярнуцца дадому.
Далейшае яго жыццё звязана з Марыяй. Яе ён прывёў у бацькоўскую хату, разам перажывалі і радасці, і гора. Дзень пры дні, месяц пры месяцы яны непрыкметна прыйшлі да юбілею, які ў народзе называюць каронным вяселлем.
Мілыя людзі, добрыя суседзі, шаноўныя землякі, сумленныя працаўнікі (ён быў брыгадзірам будаўнікоў, яна наводзіла парадак у гарадской школе). Стыкуці і сёння пазіраюць адзін на аднаго з цеплынёй і пяшчотай: як жа так атрымалася, што цэлых агульных семдзесят вёснаў і зімаў праляцелі-праімчаліся…
Жыццё падарыла ім дваіх дзяцей, потым з’явіліся чацвёра ўнукаў і кароннай узнагародай – пяцёра праўнукаў. Адзін з унукаў і патэлефанаваў у рэдакцыю, каб падказаць пра прыгожую падзею ў біяграфіі дзядулі і бабулі. «ЛВ» далучаецца да віншаванняў.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з сямейнага альбома СТЫКУЦЁЎ.

One thought on “Іван ды Мар’я. Кароннае вяселле адзначаюць ляхавічане Стыкуці

  • 01/01/2017 в 15:36
    Permalink

    Віншуем паважаных людзей з 70-гадовым юбілеем сумеснага жыцця. Гэта вельмі рэдкі шчаслівы выпадак жыцця ў пары. Усім бы так. Раўняемся і ганарымся.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *