Спявае “Берагіня”

З выбарам прафесіі ляхавічанка  Людміла Дрозд вызначылася  яшчэ ў школе.  Праляцелі гады вучобы ў музычным каледжы,  інстытуце культуры.  І вось ужо Людміла Іваноўская – прафесійны музыкант, спецыяліст у галіне народнага  харавога  дырыжыравання. Не шкадуе зала  апладысментаў і пасля  сольнага выступлення спявачкі, і  пасля  калектыўнага. Яна  мастацкі кіраўнік  вакальнага ансамбля “Берагіня”  Дараўскага СДК.
У самадзейным калектыве яшчэ 8 вакалістак. Усе, за выключэннем роднай сястры Людмілы – Вольгі Цімашок, дырэктара Дараўскага СДК, непрафесіяналы ў музыцы – бібліятэкар, настаўнік, повар…  Аб’ядноўвае іх любоў да песні. Узрост “Берагіні” ўсяго 6 гадоў, ансамбль  з’явіўся  не на пустым месцы, некаторыя з яго цяперашніх удзельніц спявалі ў фальклорным гурце “Колас”, потым у іншых групах.
Геаграфія канцэртных выступленняў “Берагіні” надзвычай шырокая. Сёлета гэта раённы і абласны этапы рэспубліканскага  прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”,  абласныя і раённыя “Дажынкі”, музычны фэст у Жыровічах і іншыя.
У лістападзе ў міжнародным культурным  праекце «#BYFEST», які сабраў маладых і таленавітых з Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы, Чэхіі і Беларусі ў Мінскім Палацы дзяцей і моладзі “Золак”, наша “Берагіня” ўдастоена дыплома ІІ ступені.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *