Гімназія вачамі дырэктара

— Леанід Іосіфавіч, чым адрозніваецца гімназія ад іншых сярэдніх навучальных устаноў?

—  Па-першае, гімназія адрозніваецца вучэбнымі планамі, згодна якіх прадугледжана вывучэнне матэматыкі і замежнай мовы з 5 па 11 класы на павышаным узроўні (па 5 гадзін у тыдзень). Акрамя таго, у 10-11 класах навучанне вядзецца па профільных накірунках: філалагічным, грамадазнаўчым, фізіка-матэматычным і хіміка-біялагічным. Такім чынам, створаны ўсе ўмовы для мэтавай падрыхтоўкі і паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па абранай спецыяльнасці. Асобна вылучу наступную акалічнасць: тыднёвая вучэбная нагрузка гімназіста на 2 гадзіны большая, чым у вучня звычайнай школы, таму пры паступленні ў гімназію абавязкова патрабуецца медыцынская даведка аб стане здароўя. У гімназіі створаны і дзейнічаюць навукова-даследчае таварыства вучняў, карэспандэнцкі пункт газеты “Дзянніца”, клуб інтэлектуальных гульняў “Што? Дзе? Калі?” і многае іншае, з чаго складаецца вучэбна-выхаваўчы працэс. Вельмі прыемна адзначыць, што сёлета 96 працэнтаў выпускнікоў гімназіі сталі студэнтамі ВНУ.

— Раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці сёлетняй уступнай кампаніі ў гімназію?

— У гэтым годзе па новых правілах праходзіла ўступная кампанія ў 5 клас: акрамя адзнак, атрыманых на экзаменах, улічваліся і гадавыя адзнакі па здаваемых прадметах (беларуская і руская мовы, матэматыка). Быў вызначаны і прахадны бал — 38. Найбольшую колькасць балаў набралі выпускнікі пачатковых класаў гімназіі Кацярына Козел (56 балаў), Ксенія Васілевіч і Ганна Секач (па 54). Увогуле, на 40 месцаў прэтэндавалі 52 вучні. Усе паступаючыя ў гімназію паказалі добрыя веды.

—  Леанід Іосіфавіч, якім бы Вы намалявалі партрэт гімназіста?

— У маім уяўленні гэта дапытлівы, мэтанакіраваны, здольны да самаразвіцця і самаўдасканалення, крэатыўны чалавек.

— А якім, па Вашым меркаванні, па-вінен быць ідэальны вучань?

—  Ідэальны вучань мае высокую матывацыю да навучання і сам пастаянна імкнецца да авалодвання новымі ведамі.

— А што дырэктар гімназіі пажадае чытачам “Дзянніцы”?

— Адзначу, што дзякуючы “Ляхавіцкаму весніку”, на старонках якога і друкуюцца  выпускі гімназічнай “Дзянніцы”, мы зараз маем вялікую чытацкую аўдыторыю. Таму хачу пажадаць усім жыхарам Ляхавіччыны добрага настрою, аптымізму, здароўя, унутранага спакою і здзяйснення ўсіх мар.

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Тамара ШАСТАК