Шчасце Андрэя Бузука

Насупраць майго дома  стаіць прыгожы белага колеру будынак з такой жа бялюткай агароджай вакол.  Кожны, хто праходзіць каля  яго, звяртае ўвагу на  ўтульнасць і чысціню. Усё гэта створана рукамі гаспадароў – сям’і Бузук. Арганізатар, галоўны ініцыятар і натхняльнік усіх спраў –  Андрэй Бузук, дарэчы, выпускнік гімназіі 1997 года. Ён заўжды ў творчым пошуку і без справы дома не сядзіць: зрабіў тратуар не такі, як ва ўсіх, будуе другі паверх дома.  Прыемна мне як суседцы, маці і бабулі   назіраць такую карціну: Андрэй прыязджае з Баранавіч, дзе працуе інжынерам у электрычных сетках, выходзіць з машыны – а насустрач яму бягуць  дачушкі. Акрамя адказнай работы і шматлікіх хатніх спраў, малады мужчына знаходзіць час, каб пагуляць са старэйшай дачкой і навучыць малодшую катацца на веласіпедзе.

З цеплынёй і радасцю ён успамінае гімназію:

—  Гады вучобы самыя запамінальныя, з аднакласнікамі сустракаемся даволі часта. У нашым фізіка-матэматычным класе заўсёды знаходзілася месца і лірыцы, і вясёлым пасядзелкам, і дыскусіям пра сэнс жыцця.  Нават падчас вучобы ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце не было так цікава і весела, як у гімназіі.

Мы размаўляем з Андрэем пра надзённыя праблемы, дзелімся планамі – і мне так хораша на душы.  Чамусьці добрыя, светлыя людзі вызначаюцца сваёй сціпласцю. Ад іх зыходзяць станоўчая энергетыка і святло душы, а гэта прыцягвае, як магнітам, і дорыць радасць і шчасце ад зносін з імі.

— Шчасце – калі ў пабудаваным табой доме ўсе разумеюць і падтрымліваюць адзін аднаго, — гаворыць на развітанне сусед Андрэй.

Тамара ШАСТАКОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *