Карагод добрых спраў

Ох і ўраджайным на Дзядоў Маразоў выдаўся мінулы снежань для выхаванцаў Жарабковіцкага дзіцячага садка! Не паспелі хлопчыкі і дзяўчынкі нарадавацца падарункам ад “ЛВ”, як завіталі даўнія сябры – шэфы з СВК “Жарабковічы”. Дарэчы, гаспадарка не пакінула без падарункаў ні адну адукацыйную ўстанову, якая знаходзіцца на яе тэрыторыі. Напрыклад, рабятам з Жарабковіцкай СШ напярэдадні навагодніх святаў праўленне СВК зрабіла сапраўды казачны падарунак – мяшок з цукеркамі быў – не падняць. А ў дзіцячым садку прымалі  гасцінцы ад фермерскай гаспадаркі “Улазавічы”.
З радасцю і нецярпеннем спяшаліся на навагодні ранішнік навасёлкаўскія дашкольнікі,  іх таксама чакалі салодкія сюрпрызы ад шэфаў – СВК “Шлях новы”, работнікаў пракуратуры, цацкі для малечы набыло прыватнае прадпрыемства “Шумілаў”. Не застаўся ў баку ад святочных падрыхтовак  кіраўнік мясцовага сельвыканкама  Аляксандр  Мацюшэнка, які падарыў дзіцячаму садку ўпрыгожанні на ёлку.
Каб ёлкі зіхацелі ў дзіцячым садку № 3, паклапаціўся “Гандлёвы дом “Уладзімір”. А падарунак ад “Цвірко і К” – рамонт спартыўнай пляцоўкі – чакае  вясны.
У дзіцячым садку № 2 райцэнтра казачныя ранішнікі  падсаладзіў  спонсар у асобе ТАА “Ажуруна”.
У новых касцюмах ад шэфаў “ТБЗ Ляхавіцкі” Дзед Мароз і   Снягурка віншавалі вучняў Тухавіцкай СШ. Цацкі  падарыў малышам Начаўскага дзіцячага садка ТАА “Мясакамбінат Ляхавічы”, а яшчэ цукеркі – “Нача”.
Супрацоўнікі аддзела ідэала-гічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённых арганізацый таварыства Чырвонага Крыжа і  БРСМ, “Трансэлектракамплект” і “Ляхавічыдрэў Экспарт” падрыхтавалі падарункі і запрасілі 38 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на ранішнік “Навагодняе казачнае падарожжа”, які ладзілі  педагогі  ЦДАДіМ.
У ролі  Дзядоў  Маразоў для хлопчыкаў і дзяўчынак з Начаўскай СШ выступілі  ДП “Нача”, Тальмінавіцкага  садка – КСУП “Тальмінавічы” і Ганчароўскі сельвыканкам, Ураджайнінскага – райбальніца і “Джэнтры”, Тухавіцкага – “ТБЗ Ляхавіцкі”, Русінавіцкага – СВК “Ляхавіцкі” і работнікі райЦГіЭ,  Ліпскага – КСУП “Ліпнянка”, фермерская гаспадарка “Ліпнянка-Агра”, Крывошынскай школы – лясгас, Падлескага дзіцячага сада-базавай школы – фермерскія гаспадаркі “Уладзімір плюс” і “Падлессе-Агра”, Малагарадзішчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу – райаграсэрвіс і ПП “Ляхавічы будтранс”, Востраўскай   СШ – КСУП “Востраў-Агра”.
“Шлях новы” ў кожную падшэфную школу і дзіцячы садок перадаў па 5 кілаграмаў цукерак. У новым годзе ў гімназіі чакаецца мебельная абноўка: 500 рублёў на яе набыццё пералічыў “Трансэлектракамплект”.
Падарункі  атрымліваць прыемна ў любым узросце. Каб Новы год стаў сапраўдным  святам для насельнікаў Ганчароўскага дома сумеснага пражывання, паклапаціліся супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама – завіталі сюды з падарункамі.
Землякі стараліся, каб без увагі, клопату і гасцінцаў не засталося ні адно дзіця. Кіраўніцтва раёна, працоўныя калектывы, прадпрымальнікі, грамадскія аб’яднанні падрыхтавалі мноства прыемных сюрпрызаў. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч асабіста пабываў у дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Канешне, з падарункамі.
Сутнасць акцыі ”Нашы дзеці” ў тым, што мы разам падарылі свята, радасць і спагаду тым, каму яны патрэбны крыху больш, чым іншым – дзецям, пажылым, інвалідам. А святы яшчэ не закончыліся. І ў кожнага ёсць шанц зрабіць яшчэ адзін крок па дарозе  дабрыні.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *