Спагада без ліміту

Сацработнік Галіна Саўчанка

5 студзеня адзначылі  прафесійнае свята работнікі сацыяльнай абароны – людзі, якія выбралі адну з самых гуманных і патрэбных прафесій.

Кола пытанняў, з якімі нашы землякі звяртаюцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, надзвычай шырокае. У тым ліку гэта прызначэнне  і выплата пенсій, розных відаў дапамог (напрыклад, дзяржаўнай адраснай і ў сувязі з нараджэнннем дзіцяці, па яго доглядзе).  Упраўленне каардынуе рэалізацыю мноства сацыяльных праграм. Начальнік упраўлення Леанід Калбаса перакананы: сацыяльныя работнікі штодня здаюць экзамен на прафпрыгоднасць, чалавечнасць і міласэрнасць.

Спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказваюць  сацыяльныя паслугі пажылым грамадзянам і інвалідам, дапамагаюць пераадольваць цяжкія жыццёвыя сітуацыі, усяляюць у іх надзею і веру ва ўласныя сілы.

Што неабходна немаладым людзям? Увага, клопат, разуменне. А яшчэ душэўная цеплыня, пяшчота і цярплівасць. Але  па розных прычынах часам складваецца так, што ўсё гэта некаторыя нашы землякі атрымліваюць ад людзей, блізкіх не па крыві, а па сардэчнай сувязі – ад  сацыяльных работнікаў. Ад іх прафесіяналізму, кампетэнтнасці і  асабістых якасцяў часта залежыць вельмі многае. У штодзённай дапамозе маюць патрэбу адзінокія і адзінока пражываючыя, тыя, хто без старонняй дапамогі не можа абысціся.

У Ляхавіцкім раёне на надомным  абслугоўванні ў 77 населеных пунктах знаходзіцца 584  пажылыя землякі. Восем дзясяткаў сацыяльных работнікаў робяць іх  жыццё прасцейшым і  больш утульным. Прычым, нараўне з жанчынамі паспяхова займаюцца гэтым і 6 прадстаўнікоў  моцнай паловы чалавецтва.  Не горш за  жанчын згатуюць ежу, прыбяруць, ды і фізічная праца ім не ў цяжар. Для большасці падапечных візіт сацработніка платны, але абыходзіцца ў  сімвалічную суму.  Асноўная нагрузка па ўтрыманні службы сацыяльных работнікаў кладзецца на дзяржаву. Сацыяльна-бытавое абслугоўванне для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і іх сем’яў, сем’яў  загінуўшых на фронце і  тых, хто мае статус былых вязняў фашысцкіх канцлагераў бясплатнае, як і для тых, хто мае мінімальны  даход (такіх у нашым раёне 4 чалавекі).

Цёпла і ўтульна пажылым людзям  і інвалідам  у  Ганчароўскім доме сумеснага пражывання. За год тут пазменна пажылі-пагасцявалі 16 чалавек.

– У планах адкрыццё аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, – расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса. – Зараз выбіраем месца для яго размяшчэння, вырашаем іншыя арганізацыйныя пытанні.

Калі прыёмная і  гасцявая сем’і як  формы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  паспелі прыжыцца  ў нашым раёне, то патранатная сям’я  пакуль робіць першыя крокі ў  аграгарадку Падлессе. Сям’я (па дакументах – чужая, а па адносінах – як родная) дапамагае пажылому чалавеку ў нарыхтоўцы дроў, скошванні травы, праполцы агарода і г.д. Сёлета з ліпеня медыцынская сястра міласэрнасці раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа бясплатна   даглядае на даму 55 адзінока пражываючых грамадзян старэйшых  за 60 гадоў, у тым ліку і інвалідаў I і  II груп.

У ТЦСАН  можна аформіць платную паслугу сядзелкі, пенсіянеры і інваліды  I і  II груп маюць магчымасць  пастрыгчыся па нізкіх цэнах.  Тут жа, у цэнтры, для нашых немаладых, але энергічных землякоў дзейнічае 6 клубаў, многія з іх наведвальнікаў раскрылі  ў сабе новыя здольнасці і інтарэсы, набылі сяброў і аднадумцаў.

А бывае і так, што сябрам  становіцца сацыяльны работнік. Як,  напрыклад, Галіна Саўчанка з Жарабковічаў для сваіх падапечных. Пра работу сацработніка яна 23 гады назад мела вельмі невыразнае ўяўленне –  працавала інжынерам па тэхніцы бяспекі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама ў Чавускім раёне.  Захварэлі бацькі, і доўг дачкі паклікаў  на  малую радзіму ў Жарабковічы. Галіна Іванаўна стала Галачкай, Іванаўнай і проста дачушкай –  так сардэчна называюць  яе падапечныя, да якіх  за гады моцна прывязалася, быццам параднілася.  І хоць Галіна Саўчанка па ўзросце ўжо і сама пенсіянерка, але але адзначае:

– Пакуль ёсць сілы і магчымасці –   буду працаваць.

Раніцай толькі развіднее, а яна ўжо спяшаецца да  сваіх падапечных, хвалюецца,  ці здаровыя.   Ноччу прайшоў снег, таму,  дарожку да сядзібы  адзінока пражываючай Ніны Праневіч трэба пачысціць, такі вось дадатковы абавязак.  У гэтым двары Галіне Іванаўне, як кажуць,  вядомы кожны каменчык і травінка. Яе супрацоўніцтва  з Нінай  Серафімаўнай доўжыцца  больш за 10 гадоў. Столькі ж і з  Галінай  Арэшка, Марыяй Мацуль.  Галіна Саўчанка ведае іх звычкі, інтарэсы.  А ёсць і такія, з кім сацработнік неразлучны на працягу двух дзесяцігоддзяў. Старэйшаму яе падапечнаму днямі споўніцца 91 год.

Галіне Іванаўне давяраюць, яе паважаюць і з радасцю чакаюць. А яна прыйдзе, распытае пра справы, здароўе, раскажа мясцовыя навіны, абмяркуе планы.

Жыццярадасная, далікатная, уважлівая, адкладвае свае справы, каб дагадзіць немаладым землякам. Праполе агарод, заплаціць камунальныя, распаліць печку, купіць прадукты і г.д. – клопатаў шмат. Асабліва перад Вялікаднем і Калядамі: трэба памыць і павесіць фіранкі, рушнікі і іншае, падрыхтавацца да свята.  Узгадвае, як калісьці дапамагла адной са  сваіх падапечных адшукаць “згублены” год, дзякуючы чаму пенсія той хоць нязначна, але павялічылася.

Ёй  тэлефануюць дзеці яе бабуль і дзядуль, заглядваюць у вёску, калі прыязджаюць у вёску.

Галіна Саўчанка – адна са згуртаванага калектыву, у якім спагада без ліміту.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *