Людзі з вялікім сэрцам

Валанцёр – гэта той, хто робіць жыццё іншых лепшым і цікавейшым бескарысліва – не просіць нічога ўзамен. Валанцёр – чалавек з вялікім сэрцам і шчырай душой, не дзеля славы і матэрыяльных даброт імкнецца  зрабіць як мага больш карысных спраў. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму слова “валанцёр” было ня-звыклым і незразумелым. А сёння сусветны добраахвотніцкі рух аб’ядноўвае ў сваіх радах усё больш людзей.  Прыемна, што ён існуе і на Ляхавіччыне, у тым ліку ў гімназіі. Каля 30 хлопчыкаў і дзяўчынак аб’яднаны ў гімназічны атрад валанцёраў, сярод яго ўдзельнікаў 11-класніцы Вольга Войцік і Марыя Пішч.

— Чаму вы вырашылі стаць валанцёрамі?

Марыя:

— Аднойчы ў гімназіі  выступала старшыня Ляхавіцкай раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык. Яна расказвала  пра валанцёрскі рух, пра яго значнасць і неабходнасць. Мяне і маіх сяброў гэта вельмі зацікавіла, таму мы вырашылі стаць валанцёрамі.

—  Якімі справамі вы займаецеся?

Вольга:

— Наша дзейнасць у асноўным накіравана на дапамогу дзецям-інвалідам. Ездзілі з гульнёвай праграмай і падарункамі ў Баранавіцкі дзіцячы прытулак. Праводзілі акцыю “Міласэрнасць – наша пакаянне”, збіралі грошы на экскурсію для дзяцей-інвалідаў і для набыцця цацак для рабят з неўладкаваных сем’яў.

—  Працаваць з людзьмі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця складана. Абавязкова трэба знайсці правільны падыход да кожнага. Як гэта ў вас атрымліваецца?

Марыя:

— Лічу, што самае галоўнае – ні ў якім разе не паказваць такім дзецям свайго жалю, а размаўляць з імі на роўных. Дзеці-інваліды амаль нічым не адрозніваюцца ад астатніх равеснікаў і маюць права на шчасце, радасць, любоў і разуменне.

— Што змянілася ў вашым жыцці пасля таго, як сталі валанцёрамі?

Марыя:

— Узнікла ўсведамленне таго, што мы патрэбны іншым. Спадзяюся, што наша з рабятамі дапамога прынясе шмат карысці, у тым ліку і нам самім, бо, як сказана ў Бібліі, “шчаслівыя міласэрныя – таму, што яны атрымаюць міласэрнасць”. Міласэрнасць засцерагае душу ад ачарсцвення, дапамагае заўжды заставацца чалавекам.

Гутарыла  Ганна РАГАЎЦОВА,
выпускніца гімназіі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *