Экстра з фермы

Выкарыстана ілюстрацыя

Гэтымі святочнымі днямі працавала ў штатным рэжыме і малочная галіна раёна. Жывёлаводы строга па графіку кармілі статак, даілі, адпраўлялі малако на перапрацоўку. І ўсё ж і на фермах свята адчувалася. На русінавіцкім малочным комплексе СВК “Ляхавіцкі” ў кабінеце загадчыка Ігара Бубенчыка запаліла агні навагодняя ёлка, і гэта прыбавіла настрою працаўнікам. Аператары машыннага даення Валянціна Чарняўская і Марыя Жалнярэвіч: за 2 дні новага года надаілі 18300 кілаграмаў малака – стопрацэнтнай экстры. Стараліся даглядчыкі Дзмітрый Шалік, Яўгеній Сафонаў. У суседнім кароўніку, дзе ўтрымліваюцца сухастойныя жывёлы, таксама з добрым настроем гаспадарылі аператар машыннага даення Алена Стасевіч, даглядчык Сяргей Новік.

– Працавалі, як заўсёды, адказна,— расказвае заатэхнік-селекцыянер Святлана Новік. — У перапынку паміж работай пасядзелі за кубачкам чаю, пачаставаліся цукеркамі, пагаварылі і пра новы працоўны год, на які ў нас сур’ёзныя планы. Мы ўдзячны 2016-му: на русінавіцкім комплексе ад кожнай каровы надоена па 8054 кілаграмы малака, усё прададзена гатункам экстра.  Сёлета замахнуліся на лепшыя вынікі.

Навагоднюю ёлку ўстанавілі ў новым даільным блоку на комплексе “Чашчы” СВК “Жарабковічы”. Як расказала начальнік комплексу Святлана Бусько, былі ў іх у святочныя дні і асаблівыя моманты. У час начнога дзяжурства Васілія Праневіча і Паўла Жыжэмскага ацялілася адна з каровак.

– Нованароджаны бычок адчувае сябе добра – гаворыць Святлана Іванаўна. І дадае, што мінулы год быў спрыяльным: засяліліся ў новы сучасны комплекс, які даў магчымасць працаваць па новых тэхналогіях, летам дабіліся стопрацэнтнай экстры.

Наогул, для жывёлаводаў раёна год пачаўся добра: на святы прыбавіла ў надоі кожная рагуля – 13, 65 кілаграма ў сярэднім за дзень, валавы надой склаў каля 290 тон, амаль 270 тон прададзена гаспадаркамі раёна на малочны завод. 1 студзеня гатункам экстра залічана 52,3 працэнта малака ад прададзенага, а на наступны дзень – 54,2. Дарэчы, статак заставаўся пад асаблівым кантролем днём і ноччу, паколькі пачаліся масавыя расцёлы кароў. 23 нованароджаныя цяляці з’явіліся за гэты час.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *