З новым голам /фота/

Нашы «зборніцы» Юлія Костач і Анастасія Пабягайла (злева направа).

Турнір, вядомы як маладзёжнае першынство Рэспублікі Беларусь па футболе сярод дзяўчат, змяніў шыльду: цяпер гэта першынство абласцей краіны і горада Мінска. Астатняе – па наезджанай сцежцы: туравая формула гульняў, Мінск з’яўляецца месцам іх правядзення і, на правах гаспадара, прадстаўлены дзвюма камандамі.

На зыходзе года пад зводамі сталічнага футбольнага манежа дзяўчаты (а наш інтарэс датычыць каманд, складзеных з футбалістак 2003-2004 гадоў нараджэння) правялі чарговы “квэст”. У стартавым паядынку юным зборнікам Брэсцкай вобласці супрацьстаялі “сталічніцы” з другой  каманды. Па словах аднаго з настаўнікаў брастаўчанак трэнера-выкладчыка ДЮСШ Ляхавіцкага раёна Васілія Бут-Гусаіма, гульня стала сапраўдным выпрабаваннем сіл, характараў, майстэрства. На працягу абодвух таймаў яна ішла дастаткова роўна. Усё было няпроста, але з добрым фіналам для каманды нашай вобласці, якая на два трапныя ўдары саперніка адказала тройчы.
Паядынак са сборнай Гродзенскай вобласці атрымаўся істотна больш выніковым. І ў такой жа ступені менш напружаным. У суме каманды вызначыліся 11 разоў. Але – і гэта значная перамога – на сем нашых галоў гродзенскія футбалісткі здолелі адказаць толькі чатыры разы.
Пройдзена ўжо чатыры туры першынства, паражэнняў у іх зборная вобласці не ведала. Як вынік – турнірнае лідарства. Не абсалютнае, заўважым для дакладнасці: футбалісткі з “Мінск-1” таксама ўсе праведзеныя гульні завяршылі на сваю карысць і на даным этапе дзеляць з нашымі зямлячкамі першы-другі радкі турнірнай табліцы.
Наступныя ў рамках першынства гульні адбудуцца прыкладна праз месяц. Магчыма, ужо тады будзе знята пытанне, звязанае з дваістасцю лідарскай пазіцыі. Жадаем і спадзяёмся, што зойме яе брэсцкая каманда, у складзе якой і дзве ляхавічанкі – Юлія Костач і Анастасія Пабягайла. Апошняя, дарэчы, выходзіць на поле яшчэ і ў ролі капітана каманды.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

З трэнерам Васіліем Бут-Гусаімам


One thought on “З новым голам /фота/

  • 10/01/2017 в 22:28
    Permalink

    Смотри ты! Девчонки, а футболисты знатные. Это ж надо доиграться до областной команды! Респект.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *