Вастрыце лыжы. І канькі /фота/. Запрашаем усіх аматараў спорту і здаровага ладу жыцця прыняць удзел у свяце “Сусветны дзень снегу”, якое пройдзе 14 студзеня на стадыёне “Колас”

У бліжэйшую суботу на ляхавіцкім стадыёне «Колас» чакаецца лыжны масстарт. Прымеркаванае да Сусветнага дня снегу раённае спартыўнае свята абяцае стаць здаровым відовішчам, кірмашом здароўя і прыгажосці. Правіць баль будуць лыжнікі. І школьнікі, і дарослыя, у тым ліку і ў біятлонным варыянце. Паабяцана музычнае і “чайнае” суправаджэнне спаборніцтваў. “Колас” запрашае!

Пра тое, што на двары яе час, зіма ўжо нагадвала. Здараўся і снег, былі і халады. Не моцныя і не працяглыя – бы папярэджанне, за якімі адбыўся перадкалядны “стрэл”. Прырода не стала разменьвацца на дробязі, для чаго выбрала “зброю” даволі вялікага калібру.
Вецер яшчэ больш разганяў і без таго вельмі сур’ёзны “мінус”. Снегу не гурбы, але дастаткова, каб падумаць пра расчахленне доўгіх драўляных (пластыкавых, паўпластыкавых) з загнутымі вострымі канцамі “пантофляў”. Вядома, калі яны значацца ў вашым “гардэробе”. А калі не, то дзе ж шукаць лыжнае шчасце?
Арандаваць камплект лыжнага рыштунку можна ў ДЮСШ Ляхавіцкага раёна. Спартыўная ўстанова аднамаментна гатова паставіць на лыжы чатыры дзясяткі аматараў здаровай зімовай забавы. Дырэктар ДЮСШ Валянціна Русакевіч называе рэчы сваімі імёнамі. Добрае – добрым, прыгожае – прыгожым, не самае лепшае – такім яму і быць. Што да лыж, то некаторыя з “пар” знаходзяцца не ў самым свежым стане. За час эксплуатацыі (а ўсе яны праслужылі не менш за 5-6 гадоў) былы бляск сышоў разам з мінулагоднім снегам. Там-сям з’явіліся шурпатасць, сколы. Аднак, і ў гэтым галоўная сутнасць, усе лыжы захавалі свой функцыянал. Выбірай у адпаведнасці з ростам і прыярытэтам у стылі бегу і, калі ласка, на трасу. Ёсць старая добрая класіка ў выглядзе драўляных вырабаў, ёсць больш перадавы, хоць і не без адметнасцяў, паўпластык. Фактычна на любы рост можна падабраць палкі. Як і чаравікі, “разлёт” памераў якіх у прамежку паміж 36 і 46 нумарамі. Хто разлічвае на “фішар” або “атомік” – такім дарога не ў раённую ДЮСШ: увесь лыжны інвентар школы айчыннага вырабу.
На пракатных  цэнах асабліва засяроджвацца не будзем. Скажам толькі, што ў параўнанні з мінулым годам нічога не памянялася.
Дарэчы, мінулай суботай некаторых з ляхавічан можна было застаць на “Коласе”. Найбольш шматлюдна выглядала невялікая горка, прыстасаваная аматарамі для катання на санках. Лыжнікаў, на момант майго наведвання, на блізкім гарызонце не назіралася. Толькі след: дастаткова свежы, не накатаны яшчэ, адзінокі, аднак, вельмі і вельмі аптымістычны.
Яшчэ адным атрыбутам спартыўнай зімы ці зімовага спорту з’яўляюцца канькі. Многія купляюць, абуваюць вострым жалезам ногі – і на каток. У тым ліку на закрыты, ніколькі не завязаны на капрызы надвор’я, размешчаны пад дахам Баранавіцкага лядовага палаца. Калі для вас гэта далёкае, дарагое, непатрэбнае і г.д. задавальненне – ёсць альтэрнатыва. Менш камфортная, але ў роўнай ступені карысная. Трансфармацыю міні-футбольнай, увогуле, каробкі ў хакейную ці проста пляцоўку для катання на каньках работнікі ДЮСШ пачалі ў пятніцу. У камплект да яе спартшкола можа прапанаваць у карыстанне і канькі. На розны ўзрост – памер чаравікаў ад 33 да 45 нумароў, як для прыгожай паловы чалавецтва, так і для брутальнай. Не галоўнае, але адметнае: канькі, якія ДЮСШ прапаноўвае напракат, новыя або амаль новыя. Дзясятак пар служыць усяго 2 гады, яшчэ для такой жа колькасці спартрыштунку сёлетні сезон стане дэбютным.
Акрамя лыжных трас, лёду, лыж, канькоў, ДЮСШ гатова прапанаваць ляхавіцкім аматарам актыўнага зімовага адпачынку і некаторыя іншыя прыемнасці. У прыватнасці, паабяцана
асвятленне лядовай пляцоўкі, музычнае “афармленне”, уцепленыя коўдрай лаўкі для пераабування, кансультацыйная дапамога.
А ужо ў бліжэйшую суботу на “Коласе” чакаецца лыжны масстарт. Прымеркаванае да Сусветнага дня снегу раённае спартыўнае свята абяцае стаць здаровым відовішчам, кірмашом здароўя і прыгажосці. Правіць баль будуць лыжнікі. І школьнікі, і дарослыя, у тым ліку і ў біятлонным варыянце. Паабяцана музычнае і “чайнае” суправаджэнне спаборніцтваў. “Колас” запрашае!
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Запрашэнне на снежнае свята

Паважаныя жыхары горада і раёна!
Запрашаем  усіх аматараў спорту і здаровага ладу жыцця прыняць удзел у свяце “Сусветны дзень снегу”, якое  пройдзе 14 студзеня на стадыёне “Колас”.
Праграма свята
11.00-12.00 – спаборніцтвы каманд лыжнікаў 15 устаноў адукацыі горада і раёна.
12.00-14.00 – спаборніцтвы каманд працоўных калектываў па лыжных гонках, біятлоне, лыжнай эстафеце, сямейнай эстафеце, масавым лыжным старце.
11.00-13.00 – вясёлыя конкурсы і снежныя забавы.
З 10.30 да 20.00 будзе арганізавана работа лядовага катка і снежнай горкі.
З 10.30 да 15.00 будзе арганізавана работа міні-кафэ.
Рады будзем бачыць усіх!
Аргкамітэт.

One thought on “Вастрыце лыжы. І канькі /фота/. Запрашаем усіх аматараў спорту і здаровага ладу жыцця прыняць удзел у свяце “Сусветны дзень снегу”, якое пройдзе 14 студзеня на стадыёне “Колас”

  • 12/01/2017 в 14:25
    Permalink

    Самый здоровый праздник! Хруст снега, отшлифованная лыжня, накал страстей вдохновляют и заряжают эмоциями и позитивом. Все на состязание! Кто будет лучшим?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *