З увагай да праблемы, з павагай да чалавека /фота/

Студзеньская завейна-марозная метамарфоза надвор’я не надта адкарэкціравала спіс жадаючых звярнуцца да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – прыйшлі фактычна ўсе з папярэдне запісаных. Прыём грамадзян у Ляхавічах Леанід Цупрык вёў у мінулы чацвер. Адзін пісьмовы зварот з прапановай аб унясенні змяненняў у зямельнае заканадаўства і сем вусных пытанняў паступілі ад дзесяці чалавек. Напрыклад, праблемы, якія хвалююць жыхароў сельсавета, выконваючая абавязкі старшыні Конькаўскага сельвыканкама Анастасія Рабцэвіч прыйшла абмеркаваць з дэпутатамі двух узроўняў: членам парламента Леанідам Цупрыкам і кіраўніком дэпутацкага корпуса раёна Яўгеніем Юрлевічам.

Па абсалютнай большасці паступіўшых падчас прыёма пытанняў былі дадзены тлумачэнні. Некаторыя аспекты ўзнятых тэм Леанід Аляксандравіч будзе дадаткова вывучаць. Гэта датычыць і калектыўнага звароту жыхароў вуліцы Гагарына райцэнтра, якія цікавіліся магчымасцю пракладкі каналізацыйнай сістэмы за кошт бюджэтных сродкаў. Пытанне рэгламентуецца законам. І раённая ўлада, да якой ужо звярталіся землякі, прапанавала зусім нефармальную, можна сказаць, даволі прывабную падтрымку: частку расходаў па пракладцы вулічнай інжынернай сеткі зрабіць за кошт бюджэту, частку – за кошт будучых яе карыстальнікаў. Але спачатку ім неабходна арганізаваць калектыў індывідуальных забудоўшчыкаў, вырабіць праектна-каштарысную дакументацыю (за ўласны кошт, іншых варыянтаў не існуе). Сітуацыю пракаментавалі і агучылі дакладны парадак дзеянняў спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва і начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

– Пытанне буду вывучаць. Мяркую, што калектыў індывідуальных забудоўшчыкаў трэба ствараць, – рэзюмаваў Леанід Цупрык.

А старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч даручыў дэпутату Аляксею Навіцкаму далучыцца да арганізацыі калектыву індывідуальных забудоўшчыкаў, вызначыцца з месцам і часам сходу жыхароў вуліцы.

Важная акалічнасць – у дыялогу неабходна дасягнуць узаемаразумення: у даным выпадку наконт таго, што належыць рабіць за свой кошт, а ў чым магчыма разлічваць на бюджэтную дапамогу. З гэтага пункту гледжання і абмяркоўваў пытанне член парламента з грамадзянамі, якія звярнуліся да яго. Дзеянні і магчымасці, падкрэслім яшчэ раз, рэгламентуе заканадаўства.

Напрыканцы кастрычніка падчас прамой тэлефоннай лініі да Леаніда Цупрыка звярнуліся 15 чалавек. Па некаторых зваротах, якія датычылі пераважна пытанняў добраўпарадкавання, абслугоўвання, стварэння зручнасцяў для ляхавічан, дэпутат Палаты прадстаўнікоў накіраваў запыты кіраўнікам адпаведных службаў.

Напрыклад, адразу два звароты на прамую тэлефонную лінію датычылі ўладкавання прыпынку гарадскога аўтобуса ля дома № 21 па вуліцы Чкалава ў райцэнтры. Дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Мядзвецкі патлумачыў, што, згодна з рашэннем райвыканкама, у 2017 годзе запланаваны капітальны рамонт вуліцы Чкалава, у ходзе якога прыпынак гарадскога аўтобуса з устаноўкай павільёна будзе зроблены менавіта насупраць дома № 21. Дарэчы, гэта прадугледжваецца праектам рамонтных работ. І заяўнікі мелі магчымасць патэлефанаваць у аддзел ЖКГ райвыканкама ці непасрэдна ў жылкамунгас, каб высветліць сітуацыю.

Аператыўна адрэагавала служба ЖКГ на сігнал наконт ранняга адключэння асвятлення на вуліцы Дзесюкевіча ў райцэнтры: “Праведзена карэкціроўка аўтаматычнага адключэння асвятлення, у тым ліку і па вуліцы Дзесюкевіча”, – адрапартаваў Аляксандр Мядзвецкі.

А вось рэагаванне кіраўніцтва жылкамунгаса на трывожны сігнал ляхавічанкі аб неўладкаваным тратуары па вуліцы Янкі Купалы і ў сувязі з гэтым аб патэнцыяльнай небяспецы для пешаходаў, у прыватнасці, вучняў, якія гэтым маршрутам ідуць на заняткі ў СШ №1, Леанід Цупрык назваў фармальным.

Гэта праблема хвалюе і раённую ўладу, яна паставіла канкрэтную задачу перад камунальнай службай, у зоне адказнасці якой знаходзіцца стан тратуараў.  Пытанне неабходна аператыўна вырашаць. Сёлета рэканструкцыя вуліцы Янкі Купалы (у тым ліку і ўладкаванне тратуараў) будзе завершана. Сродкі выдаткоўваюцца з раённага бюджэту.

Адно з пытанняў датычыла добраўпарадкавання вуліцы Клімука. Патлумачыла сітуацыю начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Грынялевіч: у праектную дакументацыю квартала індывідуальнай жылой забудовы “Патапавіцкі” ўносяцца змяненні, што падлягае паўторнай дзяржаўнай экспертызе. Паэтапнае выкананне будаўніча-мантажных работ плануецца, з улікам выдзеленага на гэтыя мэты фінансавання, пасля атрымання станоўчага заключэння экспертызы.

Па запытах члена парламента вычарпальныя адказы па ўзнятых ляхавічанамі пытаннях паступілі ў тым ліку з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, упраўлення ўнутранных спраў Брэсцкага аблвыканкама, ад кіраўнікоў некаторых раённых службаў.

Работа ў выбарчай акрузе – важны напрамак дзейнасці народных абраннікаў усіх узроўняў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў па нашай – Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 – Леанід Цупрык лічыць яе надзвычай адказнай справай, да якой нельга падыходзіць фармальна. Фармалізм у рабоце з людзьмі, з іх зваротамі недапушчальны.

Дарэчы, Леанід Цупрык у Палаце прадстаўнікоў абраны старшынёй пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Ён жа ўзначаліў камісію па мясцовым самакіраванні міжпарламенцкай асамблеі СНД.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *