Атрымай, студэнт, вёску!

Уладкаванне комплексу «Студэнцкая вёска» ў Мінску павінна быць завершана да канца 2013 года. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы адкрыты ў гэтым комплексе інтэрнат № 11.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы даў даручэнне ў будучым пры будаўніцтве студэнцкіх гарадкоў і вёсак улічваць, наколькі блізка яны будуюцца да вучэбных карпусоў. «Трэба ўлічваць фактар перамяшчэння студэнтаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не справа, калі навучэнцы будуць з Уручча ездзіць на другі канец горада і наадварот. Атрымліваецца, што яны будуць штурхацца ў грамадскім транспарце па некалькі гадзін у дзень. Да таго ж гэта вялікая нагрузка на гарадскі транспарт».
У свеце ўжо адыходзяць ад практыкі пасялення студэнтаў розных ВНУ ў адным месцы. «У будучым гэта трэба ўлічваць, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Магчыма, пры засяленні ў інтэрнаты прыярытэт трэба аддаць студэнтам блізкіх ВНУ (медуніверсітэта, напрыклад), студэнтам-іншаземцам».

Беларусь зацікаўлена ў большым прыцягненні замежных студэнтаў у свае ВНУ, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
«Мы будзем будаваць больш інтэрнатаў для студэнтаў, у тым ліку для замежных, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Замежныя студэнты, якія атрымалі адукацыю ў нас, – гэта нашы людзі за мяжой». Пры гэтым прэзідэнт дадаў: «Гэта вялікая справа, калі чалавек едзе ад нас, атрымаўшы адукацыю, а мы з ім можам падтрымліваць кантакты, якія могуць быць нам карысныя».
Наведваючы інтэрнат № 11 Студэнцкай вёскі, Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з туркменскімі і кітайскімі студэнтамі, якія навучаюцца ў БДУ. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь выйграе ў плане спакойнага і дружалюбнага стаўлення да замежных студэнтаў, калі параўноўваць яе з Расіяй або Украінай. «У нас вельмі добра ставяцца да кітайцаў. Мы сябруем з вашай краінай ужо вельмі даўно, каля 20 гадоў, — сказаў прэзідэнт. — Кітай становіцца вядучай сусветнай дзяржавай, і мы ў гэтым зацікаўлены». Звяртаючыся да студэнтаў-іншаземцаў, кіраўнік дзяржавы запэўніў: «Мы вас лічым сваімі і будзем на вас разлічваць».
Плануецца, што ўвод у эксплуатацыю васьмі інтэрнатаў Студэнцкай вёскі завершыцца ў канцы 2011 — пачатку 2012 гадоў. У другім квартале бягучага года кампанія «Трайпл» пачне будаўніцтва спартыўнага аб’екта коштам Br120-130 млрд. Акрамя таго, на тэрыторыі комплексу будуць пабудаваны буйная аўтамабільная паркоўка і гандлёва-забаўляльны цэнтр.

БЕЛТА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *