Работа пад марш Мендэльсона

Шчаслівыя нявеста і  жаніх, шматлікія госці, кветкі – тыповы малюнак  вяселля.  Пажаданнем  кахання і згоды  начальнік аддзела загса Людміла Палтарак   правяла на сямейны   карабель  каля дзвюх тысяч пар  маладажонаў. Такая ў яе работа – вясельная.
– Кожны раз перад урачыстай рэгістрацыяй шлюбу  хвалююся. Вельмі  важная гэта падзея ў жыцці. Хочацца, каб яна прайшла запамінальна. Тут важна ўсё да дробязей: “правільныя”  святло, музыка, сцэнарый грамадзянскага абраду, – расказвае Людміла Іванаўна. І дадае, што становіцца традыцыяй адзначаць у загсе юбілейныя даты сумеснага жыцця.
Людміла Палтарак  сотні разоў  гатова  згаджацца са знакамітым выказваннем Льва Талстога, што “ўсе шчаслівыя сем’і  падобныя адна на адну, кожная нешчаслівая сям’я нешчаслівая па-свойму”. Бо даводзіцца ёй  не толькі рэгістраваць шлюбы, але прымаць заявы на  скасаванне.  Як важна  высветліць прычыны разводу, пастарацца, калі не ўсё страчана ў сямейных адносінах, не дапусціць яго. На шчасце, бывае ў практыцы і такое. Колькі гісторый са шчаслівым зыходам памятае Людміла Іванаўна.
Па  сутнасці, усе галоўныя жыццёвыя падзеі звязаны з загсам. Раздзяліць радасць з бацькамі, якія прыйшлі за пасведчаннем аб нараджэнні іх першынца, тактоўна абслужыць людзей, якія страцілі дарагога і блізкага чалавека… Людмілу  Палтарак вызначаюць  шчырасць, чуласць, прафесіяналізм, а яшчэ дабрыня і дружалюбнасць.
Рэгістрацыя шлюбаў – толькі дзясятая частка работы начальніка аддзела загса. У кола яе прафесійных абавязкаў уваходзіць выдача шматлікіх даведак, работа з архіўнымі матэрыяламі.
…Апошнія 10 месяцаў  амаль кожныя выхадныя яна спяшаецца ў Мінск. Нагода   што ні на ёсць самая прыемная: напачатку мінулага года дачка Оля нарадзіла блізнятак Кацюшу і Юлечку.
– Унучкі мяне пазнаюць. Абедзве цягнуць ручкі і  шчабечуць: ба-ба-ба.  І старэйшы, шасцігадовы Раман таксама маё шчасце, – не стрымлівае радасць бабуля Люда.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Работа пад марш Мендэльсона

  • 12/01/2017 в 14:32
    Permalink

    Все мечтают и желают друг другу, чтобы жизнь была праздником. А у Людмилы Ивановны праздник даже на работе. Сколько сталкивалась — всегда внимательная и любезная, компетентная и ответственная.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *