Чалавек з дыпломам. 88 маладых дыпламаваных спецыялістаў летась прыйшлі працаваць у Ляхавіцкі раён. Як ім жывецца? Гэтым і іншымі пытаннямі цікавіцца раённая ўлада /фота/

Інжынер Таццяна Шпакава і майстар цэха дрэваапрацоўкі Яўгеній Наркевіч задаволены работай у лясгасе.

За апошнія паўгода жыццё нашага маладога земляка Андрэя Пуцілава  кардынальна змянілася. Студэнцкія клопаты, потым інтэрнатура засталіся  ў мінулым. Сёння ён  дыпламаваны ўрач, прычым шматфункцыянальны – урач агульнай практыкі. І менавіта на практыцы выкарыстоўвае атрыманую ў час вучобы ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце тэорыю па тэрапіі, хірургіі, педыятрыі і іншых вузкіх медыцынскіх спецыяльнасцях. Кіраўніцтва Ляхавіцкай райбальніцы  заўважыла  кампетэнтнасць маладога   спецыяліста, яго стаўленне да справы   і прапанавала ўзначаліць   урачэбную амбулаторыю ў аграгарадку Падлессе.

– Перспектыўны ўрач,  адказны, уважлівы да пацыентаў,  –  характарызуе  маладога доктара галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч.

Пуцілаў-малодшы – прадаўжальнік  дынастыі медыкаў: бацька – урач-хірург, мама – рэнтген-лабарант.  Як зазначае Андрэй, выбар прафесіі ён рабіў прадумана і асэнсавана:

– Медыцына – гэта маё.  Здараецца ўсякае: і ў выхадныя, і вечарам прыязджаць да пацыентаў – хвароба не выбірае,  іншы раз дапамога павінна быць неадкладнай. Мяне ўсё задавальняе: умовы работы, адносіны ў калектыве, матэрыяльнае стымуляванне. Вось  яшчэ б жыллёвае пытанне вырашыць –  зусім было б добра. Спадзяюся атрымаць адказ на гэта сёння.

На сёлетняй сустрэчы з кіраўніцтвам раёна сабралася рэкордная колькасць – 65  навічкоў з 88, якія ў 2016 годзе  прыехалі па размеркаванні на сваё першае працоўнае месца на Ляхавіччыну. Сельгаспрадпрыемствы, школы і дзіцячыя садкі, установы аховы здароўя і культуры, лясгас, торфабрыкетны, малочны заводы, жылкамунгас, цэнтр банкаўскіх паслуг, райпо, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях летась атрымалі маладое папаўненне ў асобе ўчарашніх студэнтаў (дарэчы, 48 чалавек з іх родам з Ляхавіцкага раёна).  Дэвіз сустрэчы: ”Мы – маладыя – надзея краіны!”.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч пажадаў юнакам і дзяўчатам паспяхова прымяняць на практыцы атрыманыя падчас вучобы веды, быць настойлівымі, не баяцца цяжкасцяў і любіць зямлю, на якой працуюць. Вячаслаў Лукіч падкрэсліў, што маладым спецыялістам у раёне рады і гатовы іх падтрымаць, а ад іх чакаюць актыўнасці, адказнасці, творчасці. І выказаў спадзяванне, што ўсе яны абавязкова стануць шчаслівымі людзьмі.

З першых хвілін было відавочна: сустрэча праходзіць у атмасферы даверу, адкрытасці і зацікаўленасці. Маладыя спецыялісты атрымалі адказы на хвалюючыя іх пытанні ад кіраўніка раёна, начальнікаў і спецыялістаў аддзелаў райвыканкама і іншых службаў. Адно з самых надзённых – ільготнае крэдытаванне. Дзяржава і тут паклапацілася пра тых, хто размеркаваўся на першае працоўнае месца. Пры наяўнасці адпаведных падстаў і дакументаў у Беларусбанку можна атрымаць ільготны крэдыт на спажывецкія патрэбы першай неабходнасці. Прычым, па словах начальніка аддзела рознічнага бізнесу ЦБП №117 Беларусбанка Сяргея Саковіча, пагашэнне крэдыту аднолькавымі часткамі пачынаецца праз 6 месяцаў пасля яго атрымання.  Дарэчы, некаторыя з маладых спецыялістаў такім выгадным крэдытам ўжо скарысталіся.

А педагог Падлескага ДС-БШ Анастасія Шахмуць з дапамогай ільготнага крэдыту купіла кватэру ў шматкватэрніку, пабудаваным па дзяржзаказе па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры.

Тэму льгот прадоўжыў і галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч. Але спачатку ён паведаміў, што ўсе  23 маладыя медыкі адаптаваліся на першым рабочым месцы. Кожны з іх атрымаў па 5 базавых велічынь для ўладкавання. Штомесячна ім дадаткова налічваецца па 10 працэнтаў  да тарыфнага акладу, яшчэ 15 працэнтаў – як маладым спецыялістам,  калектыўным дагаворам прадугледжаны  іншыя матэрыяльныя выплаты. Раённая ўлада дапамагае вырашаць і жыллёвае пытанне: выдзяляюць арэндныя кватэры, пакоі ў інтэрнаце.

Атрымаў адказ на сваё пытанне і Андрэй Пуцілаў.  Для яго, як і для большасці іншых удзельнікаў сустрэчы,  было важным паведамленне галоўнага спецыяліста аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Святланы Кабяшовай пра парадак прадастаўлення жылля маладым спецыялістам.  І, напэўна, добрай навіной стала тое, што ў жніўні-верасні гэтага года будзе здадзены ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі  35-кватэрны дом па вуліцы Леніна, 54, і менавіта маладыя спецыялісты маюць першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля.

Начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама Дзіна Дуброўка нагадала і пра абавязкі, якія неабходна выконваць у тым ліку і навічкам.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец расказаў пра ўмовы для развіцця творчага патэнцыялу моладзі. Слушныя парады ўдзельнікам сустрэчы дала псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Марына Грыкель.

Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Таццяна Чайкоўская падкрэсліла, што кадравае папаўненне з задавальненнем прымаюць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі: працуйце, расціце, удасканальвайцеся.

Шчыра прагучалі словы, сказаныя інжынерам  лясгаса  Таццянай Шпакавай ад імя ўсіх маладых спецыялістаў: дзякуй за ўвагу, такія сустрэчы вельмі патрэбны.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў: на Ляхавіччыне маладых спецыялістаў чакалі і гатовы аказаць ім падтрымку.

Медыцынскае кадравае папаўненне райбальніцы.

Загадчыцу інфекцыйнага аддзялення райбальніцы Вікторыю Казакевіч цікавіла пытанне льготнага крэдытавання.

Іх прызванне – культработа.

Маладыя педагогі.

І ў сельскай гаспадарцы кадравы прыток унушальны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *