Хто апошні ў “Салон прыгажосці”?

Супрацоўнікі дзіцячых садкоў – натуры творчыя. Гэта пацвердзіў раённы агляд-конкурс “Сюжэтна-ролевыя гульні сучасных дзяцей”. Удзел у ім узялі выхавальнікі з 18 дашкольных  устаноў. Дапамагалі педагогам рыхтавацца не толькі выхаванцы, але і іх  бацькі. Дарослыя і дзеці разам  прыдумвалі, майстравалі, выразалі, размалёўвалі. І вось у групах з’явіліся  свае касмічныя караблі, пякарні, аўтазаправачныя станцыі, банкаматы,  мэбля для лялек  і шмат чаго іншага . І не важна, што зроблены яны з паперы, кардону, тканіны, нітак, вяровак, прыродных матэрыялаў. Галоўнае – падабаюцца дзецям, якія з задавальненнем спрабуюць сябе ў якасці прадаўца, цырульніка, вадзіцеля,  паштальёна, урача і інш.
Творчы падыход, арыгінальнасць, навізна сталі для журы вызначальнымі пры вызначэнні пераможцаў.  Першае месца – у выхавальніка  дзіцячага сада № 3 Ірыны Хмарук (адзначана яркая прэзентацыя сюжэтна-ролевых гульняў з удзелам выхаванцаў гэтай дашкольнай установы). Дыпломамі ІІ ступені ўзнагароджаны Анастасія Ланкуць (дзіцячы сад № 1) і Алена Каролік (Малагарадзішчанскі вучэбна-педагагічны комплекс); ІІІ ступені – Ірына Мацкевіч, Наталля Дайняк, Наталля Чывель, Марына Пішч (з дзіцячых садкоў    № 2, № 4, Жарабковіцкага і Задворскага).
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *