Усё могуць Каралі!

Новы 2017 год наша маладая зямлячка Аліна Кароль  у выдатным настроі сустрэла ў… бальніцы.  Дакладней, у  Салігорскім радзільным доме.
28 снежня  спачатку нарадзіўся  Арсеній, а літаральна праз  секунду-другую   і яго  брацік Арцём. Два шчасця ў пялёнках, салодка  пасопваючы пад ласкавым  маміным  позіркам,  па-мужчынску спакойна ўвайшлі ў новы год.

– Калі ўльтрагукавое даследаванне паказала, што ў нас будзе двойня, муж вельмі ўзрадаваўся. У  яго сям’і двойні ўжо нараджаліся. Вельмі хацелася хлопчыкаў. Дачушка  ў нас ёсць, вось цяпер будзе ёй надзейная абарона, – гаворыць Аліна.

Малышы зусім не падобны адзін  на аднаго: Арсеній выліты  бацька,  Арцём – мама.  Ужо 4 студзеня шчаслівы  муж і  мнагадзетны бацька  прывёз сваіх любімых дамоў. Разам з ім за мамай і брацікамі  прыехала   і гадавалая  Саша – дзяўчынка ўмомант стала ў сям’і старэйшым дзіцём.

Літара “А” ў гэтай сям’і  – знакавая: усе імёны ў іх пачынаюцца з яе.

– З дачкой атрымалася само сабой. А вось сыноў назвалі ўжо спецыяльна, –  расказвае самы галоўны Кароль – тата Андрэй.

Ён лічыць сябе шчаслівым чалавекам.  Сустрэў сваю палавінку – прыгажуню  Аліну. Па размеркаванні пасля заканчэння Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа  трапіў у адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна  – СВК “Ляхавіцкі”, дзе працуе аграномам-аграхімікам. І жыллёвае пытанне вырашылася для маладой сям’і: гаспадарка выдзеліла   новы дом  з усімі выгодамі. Так і стала Ляхавіччына другой радзімай  для Андрэя, які родам з Баранавіцкага раёна,  і Аліны (яна з Клецка),  галоўнай –  для іх  дочкі і сыноў.

На тэрыторыі Начаўскага сельсавета дэмаграфічная лесвіца настойліва вядзе  ўверх.  Як расказала  кіраўнік справамі  сельвыканкама Ірына Вайцешык, летась тут зарэгістравана 6 шлюбаў. Для параўнання, у 2015 годзе – адзін. Адпаведна больш нарадзілася і дзяцей – 17 (летась 10).

Такая сітуацыя –  не выпадковасць, а пацвярджэнне таго, што моладзь, якая працуе ў СВК “Ляхавіцкі” і ДП “Нача”  (гэтыя сельгаспрадпрыемствы асноўныя работадаўцы на тэрыторыі сельсавета), задаволена і ўмовамі працы, і тым, як вырашаецца жыллёвае пытанне. У  “Ляхавіцкім” напрыканцы 2015 і ў 2016 гадах гаспадарамі  шасці  апошніх новабудоўляў на вуліцы Вакзальнай і завулку Чыгуначным у аграгарадку Русінавічы  сталі  маладыя сем’і (сярод іх і Кароль), у  якіх муж ці жонка  працуюць у сельгаскааператыве.

Галіна КАНЬКО.

Выкарыстана ілюстрацыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *