Гаспадар і жонка – найлепшая сполка

Вучаніца гімназіі Кацярына Козел (на здымку) ганарыцца сваёй сям’ёй і лічыць яе па-сапраўднаму шчаслівай.
– Мама і тата разам два дзесяцігоддзі, а  адносіны паміж імі  пяшчотныя.  Усе важныя рашэнні бацькі прымаюць пасля таго, як абмяркуюць і параяцца. Мару, каб і мой будучы муж быў такі ж надзейны, – гаворыць дзесяцікласніца.
У гэтай невялікай, але дружнай сям’і, па іх агульным сцвярджэнні, ёсць узаемапавага і ўзаемаразуменне. Алег Мікалаевіч – аптыміст. Напэўна, гэта рыса характару, як і развітае пачуццё гумару, дапамагае ў жыцці. Добры настрой перадаецца ўсім дамашнім.  Мама і дачка з такім мужам і бацькам адчуваюць сябе як за каменнай сцяной.
– Муж  не прысвячае мне вершы, не асыпае штодня кветкамі, але  шмат разоў на дзень патэлефануе,  каб пацікавіцца самаадчуваннем. І адпачываць мы ездзім абавязкова разам,  – расказвае пра сямейныя завядзёнкі Алена Мікалаеўна.
Узаемаадносіны  ў сям’і з аднаго боку і немалая  колькасць скасаваных шлюбаў з другога  зацікавілі дапытлівую гімназістку. Яна падзялілася сваімі  думкамі з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара гімназіі Святланай Ермаковіч. Менавіта Святлана Вікенцьеўна  прапанавала Кацярыне  заняцца даследчай работай на сямейную тэму, якая знайшла адлюстраванне ў беларускіх прыказках і прымаўках.  Яшчэ летам вучаніца і педагог  пачалі збіраць матэрыял. Колькі літаратуры перачыталі, прааналізавалі больш за сотню  прымавак і прыказак пра сям’ю,  як з гумарам сцвярджаюць, “перакапалі” ўвесь інтэрнэт. Паслухалі разважанні пажылых людзей. Правялі анкетаванне сярод старшакласнікаў, каб высвятліць, чаго чакаюць у будучыні ад свайго абранніка ў шлюбе  юнакі і дзяўчаты.
Нямала часу спатрэбілася, каб сістэматызаваць сабраныя даныя, і  ўжо ў лістападзе  Кацярына Козел  абараняла даследчую працу “Сакрэты трывалага шлюбу паводле беларускіх прыказак” на раённай навукова-практычнай канферэнцыі.   Работа не проста  не засталася незаўважанай, а вельмі спадабалася журы, слухачам,  адзначана дыпломам І ступені.  Хутка Кацярына са сваім опусам  будзе адстойваць гонар Ляхавіччыны на абласной навукова-практычнай канферэнцыі. Работу можна слухаць і чытаць на адным дыханні. Давайце зробім гэта.

Кожны этап станаўлення сям’і – сватаўство, вяселле, сумеснае жыццё – суправаждаецца прыказкамі. Сезон вяселляў у Беларусі напрыканцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў пачынаўся восенню, калі сельскагаспадарчыя работы былі завершаны. У сям’і з’яўляўся дастатак, а ў саміх сялян – вольная хвіліна. Звычайна пасля 26 верасня (Іван Багаслоў) пачыналі хадзіць у сваты: “Святы Багуслаў дружкі разаслаў”. Сватаўство адбывалася пераважна ў аўторак, чацвер ці суботу. Ішлі ў сваты часцей за ўсё родны ці хросны бацька, дзядзька, брат жаніха, маці альбо другая блізкая сваячка, зрэдку – і сам жаніх.

Агульнараспаўсюджаны звычай – найперш прасілі рукі старэйшай дачкі, калі ў сям’і было некалькі дзяўчат. У перадвясельны час пра будучы шлюб апавяшчалі святара, ён у сваю чаргу пра гэта паведамляў на нядзельных службах у царкве.

Этнографы зафіксавалі звычай вадзіць дзяўчыну на кірмаш, дзе было значна больш шанцаў напаткаць жаніхоў з іншых вёсак. Паказальная ў гэтым сэнсе прыказка “Я за свайго Кузьму любую вазьму, а ты сваю Арынку паводзіш па рынку”. У прыказках “Замуж, калі хочаш, –  не скочыш, а ідзі, калі бяруць”, “Хлопец жэніцца, як хлеб ёсць. Дзеўка выходзіць замуж, як сваты прыйдуць” таксама занатавана перавага хлопцаў пры выбары нявесты перад дзяўчатамі. Вялікім няшчасцем для сям’і было не аддаць замуж дачку маладой: “Маліна не тое, што дзяўчына: чым болей спее, тым смачней бывае”, “Як дваццаць тры, дык замуж пры, а як дваццаць пяць, дык дома сядзь”, “Няма злей асенняй мухі і дзеўкі-векавухі”. А летась, па даных Ляхавіцкага загса, узрост нявесты быў самы розны: ад 17 да 65… і старэйшы.

У наш час для некаторых прадстаўніц прыгожай паловы на першае месца выходзіць не сям’я, а кар’ера. А вось калісьці менавіта замужжа было адзінай магчымасцю для жанчыны змяніць свой статус. Таму ў народзе распаўсюджваліся прыказкі накшталт ”Хоць за казла, абы замуж пайшла”, “Хоць за старца, абы не астацца”, “Выйсці хоць і за лапаць, абы не плакаць”…

Да парады не выносіць з сям’і ўсё, што ў ёй адбываецца, варта прыслухацца і сёння: “Не бегай па сялу, не лапачы пра сям’ю”, “Хату мяці, а шуму вон не нясі”.  Продкі былі ўпэўнены, што трываласць сям’і залежыць ад абодвух – мужа і жонкі. Прыказкі таму пацвярджэнне: “Без мужа, што без галавы; без жонкі, што без розуму”, “Гаспадар і жонка – найлепшая сполка”. “За добраю жонкаю гора – паўгора, а радасць удвайне”. Безумоўна, не абыходзілася і без заўсёдных тэм, актуальных і ў наш час, напрыклад, узаемаадносін нявестка – свякроў: “Як добра свякроў, то добра і нявестка”, “Нявестка не дачушка – сяннік не падушка”. Беларускія прыказкі адлюстроўваюць іншы раз не вельмі прыязнае стаўленне да зяця: “Зяць любіць узяць” ці “І певень умее гонар паказваць, не толькі зяцёк”.

Становішча жанчыны, якая са смерцю мужа пазбаўлялася апоры ў жыцці, было асабліва цяжкім і незайздросным: “Удава – бедная галава”, “Удовіна і сякера не сячэ, і кабылка не вядзе”. Смерць мужа – вялікае гора, але, найчасцей, жанчына знаходзіла ў сабе сілы жыць далей, каб выхоўваць-падымаць дзяцей, весці гаспадарку. Некаторыя праз нейкі час зноў выходзілі замуж, іншыя так і заставаліся ў адзіноце. Напрыклад, бабуля настаўніцы Надзея Іванаўна Яраш пасля таго, як яе муж прапаў у час вайны на фронце, так і не ўзяла шлюб яшчэ раз. Баялася што яе сына чужы мужчына не палюбіць як свайго. Так і пражыла ўсё жыццё адна, выгадавала сына, дачакалася ўнукаў і праўнукаў.

У ранейшыя часы скасоўвалі шлюб даволі рэдка, чаго не скажаш пра сёння. Па даных перапісу насельніцтва 1897 года, адно скасаванне прыпадала на тысячу шлюбаў. Прычынамі для гэтага маглі быць здрада, п’янства, адхіленні ў псіхічным стане, доўгая адсутнасць мужа ці жонкі, бяздзетнасць.Статыстыка, напрыклад, 2015 года наступная: зарэгістравана 82 тысячы шлюбаў і 33 тысячы скасавана.

Практычная значнасць работы у тым, што матэрыялы даследавання можна выкарыстоўваць на ўроках літаратуры, класных гадзінах, падчас мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы, Тыдня беларускай мовы, Дня сям’і.

Прыемны, дарэчны падарунак педагог  Святлана Ермаковіч і вучаніца  Кацярына Козел зрабілі Ляхавіцкаму загсу, дакладней, маладажонам. Пачынаючы са студзеня 2017 года ў час урачыстай рэгістрацыі шлюбу маладым  сем’ям будзе ўручацца  эфектна аформлены аркуш з парадамі на мове прыказак.

– Разлічваем, што ўзгаданыя прыказкі дадуць магчымасць задумацца над сур’ёзнасцю кроку па стварэнні сям’і. У мужчыны і жанчыны розная роля ў сям’і, але не трэба разбірацца, хто важнейшы і лепшы. Галоўнае, вучыцца разумець адзін аднаго, не ўцягваць ва ўзнікшыя канфлікты родных, сваякоў, сяброў – спакойна разабрацца самім.  Толькі каханне і ўзаемапавага ўмацуюць шлюб, –   такую выснову работы агучвае  Святлана Вікенцьеўна.

З даследчай работай знаёмілася Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *