У мінулым годзе ні на адным з прадпрыемстваў раёна не адбылося масавага скарачэння рабочых месцаў

Нягледзячы на разнастайныя прагнозы наконт павелічэння колькасці беспрацоўных у сувязі з наступствамі сусветнага эканамічнага крызісу, сітуацыя на рынку працы Ляхавіччыны засталася стабільнай. У мінулым годзе ні на адным з прадпрыемстваў раёна не адбылося масавага скарачэння рабочых месцаў (на работу прынята 2640 чалавек, звольнена 2500 чалавек, з якіх толькі 17 па скарачэнні штатаў). Суб’ектамі гаспадарання ўсіх форм уласнасці створана 269 новых працоўных месцаў (103,4% ад гадавога задання), 110 месцаў — суб’ектамі малога прад-прымальніцтва, зарэгістравана 64 індывідуальныя прадпрымальнікі.
За 2009 год у службу занятасці раёна звярнулася за садзейнічаннем у працаўладкаванні 629 чалавек. На прадпрыемствы і арганізацыі розных галін вытворчасці накіравана на працу 367 нашых землякоў, у тым ліку на пастаянную работу – 253 беспрацоўныя.
Што датычыцца ўзроставых катэгорый, то больш за трэць беспрацоўных складае моладзь ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў. Большасць маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Узровень беспрацоўя да эканамічна актыўнага насельніцтва раёна складае 0,8 працэнта.
На прафесіянальную падрыхтоўку накіравана 40 нашых землякоў са статусам беспрацоўны, у тым ліку 22 жанчыны, 25 прадстаўнікоў моладзі і 19 вяскоўцаў. Найчасцей яны набывалі прафесіі маляра, тынкоўшчыка, бармэна, афіцыянта, візажыста, майстра па манікюру, электрагазазвар-шчыка, прадпрымальніка, аператара ПЭВМ, бухгалтара, повара, муляра.
Усё больш папулярным становіцца накіраванне на прафесійнае навучанне пад заказ наймальніка. У мінулым годзе 5 чалавек адпраўлены на вучобу пад гарантыю наступнага працаўладкавання ў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” і па адным — у кааппрам па спецыяльнасці “аператар кацельні” і ў райпо па спецыяльнасці “бармэн, афіцыянт-буфетчык”. Чацвёра беспрацоўных атрымлівалі веды, неабходныя для заняткаў індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, двое — прафесію электрагазазваршчыка для работы ў СВК “Тальмінавічы” і ПМК-17.
Аднак, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя зніжэння колькасці жадаючых прайсці прафесійнае навучанне. Адна з прычын – невялікі памер стыпендыі. Важнае месца ў сістэме мер па забеспячэнні занятасці займаюць грамадскія работы. У мінулым годзе ў аплачваемых грамадскіх работах прынялі ўдзел 255 чалавек (з іх 180 беспрацоўныя). Сіламі беспрацоўных аказана дапамога СВК, фермерскім гаспадаркам, камунгасу.
Але тут ёсць адна праблема. Так, у перыяд пасяўной і ўборачнай у сельгаспрадпрыемствах заўсёды ёсць работа, былі б толькі жадаючыя. Аднак, у зімовы перыяд неабходнасць у паслугах беспрацоўных знікае.
Мінулы год у нашай краіне быў аб’яўлены Годам роднай зямлі. Не засталіся ў баку і беспрацоўныя. Яны займаліся добраўпарадкаваннем. А яшчэ ўстанаўлівалі агароджы на могілках у вёсках Шавялі і Падлессе, Крывошын, Галаўнінцы, Каўпакі, Вялікая Лотва, Кавалі, брацкіх могілках у вёсцы Улазавічы. На гэтыя мэты выдаткавана больш за 68 мільёнаў рублёў.
Служба занятасці дапамагае беспрацоўным наладзіць уласны бізнес. У мінулым годзе на развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці было накіравана 20,5 мільёна рублёў і аказана дапамога ў арганізацыі ўласнай справы сямі жыхарам раёна. Асноўныя віды прадпрымальніцкай дзейнасці — тэхнічнае абслугоўванне і рамонт офісных машын, дзейнасць у галіне фатаграфіі, рознічны гандаль.
На вучнёўскія рабочыя месцы ў рамках маладзёжнай практыкі працаўладкавана чацвёра беспрацоўных з ліку моладзі (80 % гадавога задання) па спецыяльнасцях аператар ПЭВМ, электрагазазваршчык і юрыст. Актыўна праводзілася работа па арганізацыі другаснай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час. Сярод 93 прадстаўнікоў моладзі былі задзейнічаны і 44 навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Сіламі юнакоў і дзяўчат добраўпарадкаваны тэрыторыі школ і стадыёнаў, пафарбаваны агароджы, адрамантавана школьная мэбля. Першачарговым правам на ўдзел у другаснай занятасці карысталіся непаўналетнія з няпоўных, мнагадзетных і неўладкаваных сем’яў.
У поўным аб’ёме забяспечвалася сацыяльная падтрымка беспрацоўных. Дапамога па беспрацоўі назначана 187 жыхарам раёна. Сярэдні памер яе склаў 74078 рублёў у месяц.
Нельга не абыйсці ўвагай яшчэ адзін накірунак работы – з абавязанымі асобамі. За час дзеяння Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 у службу занятасці паступіла 22 накіраванні суда на абавязаных асоб. На пастаянную работу працаўладкавана 15 чалавек. Забяспечана 100-працэнтнае працаўладкаванне данай катэгорыі грама-дзян.
Па стану на 1 студзеня 2010 года на ўліку ў службе занятасці знаходзіцца 103 беспрацоўныя (з іх 57 жанчын, 36 юнакоў і дзяўчат і 68 вяскоўцаў).

Людміла ЛАНКУЦЬ, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *