Куранят увосень лічаць

Толькі сабраны ўраджай, яго колькасныя і якасныя паказчыкі могуць служыць характарыстыкай сельскагаспадарчаму году. У некаторай ступені восень ужо рассыпала па палетках свае фарбы, адпаведна, некаторы – яшчэ не канчатковы – падлік можна сабе  дазволіць.

Пачнём з другога хлеба. У цэлым па АПК раёна ўборка бульбы вядзецца на працягу ўжо больш як месяца. Першым быў “Ляхавіцкі”, паступова бульбаўборка прыйшла на палеткі і астатніх сельгасарганізацый. Іх, дарэчы, больш дзясятка, а агульная занятая пад культуру плошча складала каля 540 гектараў. Па стану на панядзелак названая плошча “звузілася” на 40 працэнтаў. Сярэдняя ўраджайнасць трымаецца на ўзроўні 270 цэнтнераў, яе ж максімальнае значэнне адпавядае лічбе 350 і належыць ужо згаданаму “Ляхавіцкаму”.

Уборка цукровых караняплодаў у раёне пачалася дзень у дзень з надыходам каляндарнай восені. За 20 ўборачных дзён работы праведзены на 2 сотнях гектараў (крыху больш як на 13 працэнтах ад  наяўнага). Радуе той факт, што, у параўнанні з першапачатковым этапам уборкі, прыкметна вырасла ўраджайнасць салодкіх караняплодаў. У СВК “Шлях новы”, “Жарабковічы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” яна на сёння складае, адпаведна, 550, 542, 537 цэнтнераў. Здаецца, такой высокай “ураўнілаўкі” сярод гаспадарак-буракаводаў у мінулыя гады не назіралася. Патрэбна ўдакладненне: тэмпы ўборкі цукровых буракоў маглі  быць іншымі, калі б не прывязка да канкрэтнага графіка. Інакш кажучы, для кожнага з вытворцаў салодкай сыравіны вызначаны “свае” дні і канкрэтныя загрузачныя аб’ёмы на Ляхавіцкім буракапрыёмным пункце.

Кукуруза таксама ўжо трапіла пад нож камбайна. Калі гаварыць пра камбайн кормаўборачны, то работы вядуцца даволі даўно. На сілас і зялёны корм сабрана амаль 60 тысяч тон кукурузнай масы. Як і ў выпадку з бульбай, найбольш ураджайнымі з’яўляюцца палеткі “Ляхавіцкага” – 550 цэнтнераў каштоўнага корму на круг там атрымліваюць. У пяці гаспадарках раёна гэты паказчык перавышае  400 цэнтнераў. Ёсць, аднак,  прыклады, дзе гектарны збор не дацягвае і да 300 цэнтнераў.

Між тым, зроблены ўжо і пробныя абмалоты кукурузы на зерне. У ролі першапраходцаў паспрабавалі сябе СВК “Ліпнянка” і “Востраў-Агра”. У нязначнай пакуль колькасці і пры ўраджайнасці ў межах 65 цэнтнераў. Зрэшты, пра гэта пасля, калі кукурузна-зерневая ўборка распаўсюдзіцца на палеткі іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна  можна будзе гаварыць пра масавасць кампаніі, калі з’явіцца магчымасць параўноўваць, рабіць высновы. Сёлета на гэтыя мэты ў раёне адведзены як ніколі вялікі кавалак палёў – амаль 1900 гектараў.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *